На хвалях айчыннай фанаграфіі

За апошнія месяцы музычны рынак Беларусі папоўніўся некалькімі заўважнымі фанаграфічнымі навінкамі. Тут можна ўзгадаць рэліз вядомай поп-рок-брыгады «Ляпис Трубецкой» (альбом «Кульпросвет») і дыск знакамітых гродзенскіх панкаў «Deviation» пад актуальнай назвай «Чарговы дзень пад акупацыяй». Не кажучы ўжо пра стос англамоўных («The Toobes», «Hello») і рускамоўных «шэдэўраў» ад адэптаў так званай беларускай дзяржаўнай эстрады (Іван Буслай «Достучаться до небес»).

За апошнія месяцы музычны рынак Беларусі папоўніўся некалькімі заўважнымі фанаграфічнымі навінкамі. Тут можна ўзгадаць рэліз вядомай поп-рок-брыгады «Ляпис Трубецкой» (альбом «Кульпросвет») і дыск знакамітых гродзенскіх панкаў «Deviation» пад актуальнай назвай «Чарговы дзень пад акупацыяй». Не кажучы ўжо пра стос англамоўных («The Toobes», «Hello») і рускамоўных «шэдэўраў» ад адэптаў так званай беларускай дзяржаўнай эстрады (Іван Буслай «Достучаться до небес»). Зразумела, гэтыя і іншыя альбомы становяцца аб’ектам уважлівага аналізу з боку музычных аглядальнікаў. На жаль, не ўсе новыя дыскі можна з поўнай упэўненасцю аднесці да здабытку айчыннай культуры як з музычнага, так і з моўнага пункту гледжання. Для адзнакі ж мастацкай вартасці твораў гэтыя якасці навінак з’яўляюцца, на наш погляд, галоўным крытэрам для крытыкаў, якія імкнуцца разглядаць іх творы ў нацыянальным рэчышчы.
Сёння мы прапануем агляд некаторых музычных дыскаў і праектаў, якія, на нашу думку, стануць вартым папаўненнем беларускай нацыянальнай фанатэкі, нягледзячы на некаторыя хібы іх твораў, выкліканыя перыядам ліхалецця для ўсёй нацыянальнай культуры.
З крывіцкай сям’і
Самым заўважным рэлізам нацыянальнай фанагарафіі трэба прызнаць дыск-прысвячэнне творчасці Наталлі Арсенневай «З крывіцкай сям’і». Гэты альбом з’яўляецца працягам праекта «Беларускі музычны архіў», які заснавалі выдаўцы «БМАgroup». Дыск дзесяты па ліку ў гэтай найбунейшай музычнай серыі. І разам з музычнымі прысвечанымі творчасці С. Манюшку, М. Забэйду-Суміцкаму, Л. Геніюш, С. Новіку-Пеюну гэты альбом дапаўняе беларускі музычна-паэтычны пантэон.
Яго праграму распачынае інструментальная п’еса былога ўдзельніка рок-гурта «Сузор’е» Аляксандра Растопчына паводле гімна М. Равенскага на верш Н. Арсенневай «Магутны Божа». Гэта даволі глыбокі па сваёй сутнасці твор у акустычна-гітарных фарбах перадае піетэт музыканта да арыгінала. Музычная навела А. Растопчына ўдала гарманіруе з іншымі версіямі знакамітага беларускага рэлігійнага гімна, якія выконваюць Данчык і музыкі праекта «Я нарадзіўся тут».
З прыемных нечаканасцяў дыска хацелася б адзначыць дэбют знанай фальклорнай выканаўцы Таццяны Матафонавай у якасці камернай спявачкі. Асабліва ўдаюцца Таццяне рамансы на вершы Н. Арсенневай («Вясновы вечар», «Знае сэрца») і творы, блізкія да фальклорных. Напрыклад, калыханка «Спі сыночак». Усе гэтыя творы пакладзены на музыку Э. Зубковічам.
Яшчэ адна нечаканасць гэтага дыска — трэк ад вядомага мінскага мультыінструменталіста і відэааператара Уладзіміра Зайчанкі. Уладзімір шмат гадоў эксперыментуе з гукам у сваёй хатняй студыі. І толькі зараз вырашыў прадставіць свой трэк на суд слухачоў. Некаторыя крытыкі ўжо паспелі назваць кампазіцыю У. Зайчанкі «Шчасце» самым заўважным «траблам» (няўдачай) гэтага дыска. Так, магчыма, гэтай кампазіцыі не хапае паэтычнасці і бляску ў запісе, дакладнасці беларускага вымаўлення. Але галоўнае тое, што ў музыканта за доўгія гады з’явілася жаданне рабіць нешта значнае для айчыннай культуры. І гэта жаданне — прыкмета таго, што хутка творы Уладзіміра прыцягнуць увагу слухачоў сваёй неардынарнасцю і выканаўчай дасканаласцю.
Трэба заўважыць, што тыя ж крытыкі, аналізуючы творы альбома, узялі сабе за дурную моду па асабістых прычынах ігнараваць некаторыя кампазіцыі дыска. Маю на ўвазе кампазіцыю «P.L.A.N.» «Сонца залатое», якую спявае лідэр гурта А. Плясанаў. Сёлета падчас паездак па Беларусі з прэзентацый нашай сумеснай з В. Мартыненкам кнігі «222 альбомы беларускага року і не толькі...» Андрэй падарожнічаў з намі і спяваў свае песні. Падчас гэтых музычных сустрэч нам даводзілася бачыць рэакцыю слухачоў на гэту кампазіцыю. Для многіх з іх, асабліва маладых, «Сонца залатое» стала своеасаблівым мастком да паэтычнага сусвету Наталлі Арсенневай. У кампазіцыі А. Плясанава захаваны і віруе аптымізм светапогляду паэткі, яе неўміручая вера ў лепшае будучае Айчыны.
Вельмі пранікнёным і запамінальным атрымаўся твор на верш Н. Арсенневай «У храм незямны», які выканаў культавы панк-рок-гурт «Голая манашка». Мелодыю да твора стварыў лідэр «ГМ» Ф. Жывалеўскі. Па свайму зместу песню «У храм незямны» трэба аднесці да своеасаблівых эмацыйных пікаў гэтага дыска. Да таго ж, аранжыроўка твора даказвае тое, што музыкі здольныя адступіць ад некаторых панк-канонаў, калі патрабуецца найлепшым чынам данесці сэнс твора да слухача.
Іншым чынам гучаць творы на вершы Н. Арсенневай у выкананні Алесі Унукоўскай, з творчасцю якой слухачы ўпершыню шырока пазнаёміліся на дысках серыі «Беларускі хрысціянскі хіт». Спецыфіка хрысціянскіх выканаўцаў адбілася і на музычнай афарбоўцы песень на вершы Н. Арсенневай. Тут дамінуюць больш прымальныя для шырокіх слухацкіх колаў рытмы поп-музыкі. Але гэта зроблена прафесійна, і бачна, што Алеся напоўніцу выкарыстоўвае свой вопыт удзелу ў ранейшых музычных праектах. У гэтых жа музычных фарбах прадстаўлены творы ўжо вядомых беларускіх гуртоў «ZIGZAG» («Ты мой родны край») і «РОСТРА» («Я ішла»), для якіх удзел у аналагічных праектах — своеасаблівы палігон для выпрабавання новых ідэй і аранжыровак. Пакуль гэтыя эксперыменты палягаюць у межах музычнага мэйнстрыму, датуль іх змест родніцца з творчасцю такіх выканаўцаў, як А. Унукоўская.
Як заўсёды, па-жаноцку заглыбленым застаюцца зонгі ад Таццяны Беланогай. На дыску прадстаўлена аўтарская песня Таццяны на верш Н. Арсенневай «Снежань». Як заўсёды, глыбіні песні надае голас Таццяны — шчыры і трапяткі, прыцягальны, меладычны і гнуткі.
Песня як жыццё
Другім заўважным дапаўненнем серыі дыскаў серыі «Беларускі музычны архіў» трэба назваць сольны дыск Алеся Камоцкага «Песня як жыццё». Адзначу, што «Беларускі музычны архіў» даўно павінен быў папоўніцца зборам гэтага выканаўцы, побач з сольнікамі С. Сокалава-Воюша, В. Шалкевіча, Э. Акуліна.
І вось аматары творчасці Алеся Камоцкага маюць магчымасць пазнаёміцца з праграмай гэтага дыска. Яго нельга ў поўнай меры аднесці да зборкі найлепшага (the best), але трэба вызначыць яго спецыфіку як панарама творчасці барда ад 1986 года да сённяшніх дзён.
Паколькі аўтар гэтых радкоў займаўся напісаннем уводнага артыкула да названага дыска Алеся Камоцкага, то я пакіну цікаўным усе біяграфічныя асаблівасці творчага шляху барда і адашлю іх да свайго разгорнутага матэрыялу, змешанага пад вокладкай.
Нам жа больш цікава зараз зірнуць на гэты дыск як на энцыклапедыю творчасці выканаўцы. Так, на дыску змешчаны такія знакамітыя песні А. Камоцкага, як «Сані» на верш Ларысы Геніюш, «Зорка босая» паводле Рыгора Барадуліна, «Роздум» на верш Уладзіміра Караткевіча... Гэтыя песні сталі візітнай карткай беларускай лірычнай бардаўскай песні.
У той жа час у слухачоў выклічуць глыбокія рэлігійныя пачуцці песні А. Камоцкага, прысвечаныя хрысціянскай тэматыцы, як на вершы класічных узораў («Не кляні, о, анёл-абаронца» У. Жылкі), так і сучасных аўтараў («Тайная вячэра», «Перамога» на вершы Рыгора Барадуліна). Глыбокай філасафічнасцю адрозніваюцца многія творы барда, але гэтай асаблівасцю заўважна вылучаюцца песні на словы курдскага паэта-выгнанніка Ганада Чаркізяна. Упэўнены, увагу слухачоў таксама прыцягне далікатная музычная замалёўка — кампазіцыя з самага ранняга альбому Камоцкага «Першы сшытак» на вершы Максіма Багдановіча «За дахамі места».
Аўтарскі погляд на рознабаковасць з’яваў жыцця адлюстроўваюць песні А. Камоцкага на ўласныя вершы. Прычым многія з якіх у спевака пераўтвараюцца ў паўнацэнныя музычна-паэтычныя п’есы («Позірк»), для аранжыроўкі якіх запрашаюцца прафесіянальныя музыкі ўзроўню гітарыста А. Змушка ці віяланчэлісткі Ю. Глушыцкай.
Зусім іншыя творчыя задумы адлюстроўваюць песні з альбому «З бацькоўскай кружэлкі», на якім гучаць перапетыя па-беларуску папулярныя шлягеры мінулых гадоў. «Журавли» М. Фрадкіна на П. Жамчужнікава сталі ў Камоцкага «Журавамі», а знакамітая «Дружба» В. Сідарава і А. Шмульяна пераўтварылася ў лёгкую джазаваю сюіту пад назвай «Як толькі ты...»
Безумоўна, увагу слухачоў прыцягне і бонус-раздзел дыска, які складальнікі сімвалічна назвалі «Другі Камоцкі». Тут гучаць такія знакамітыя хіты барда, як «Раскажы» ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча, і творы, пра якія цяжка сказаць, што яны аўтарства Камоцкага. Але гэта рэальнасць: напрыклад, шырока вядомая з ратацыі на беларускіх тэлеканалах «Калыханка» ў выкананні К. Мінчанкі, Т. Лісіцкай і Л. Грыбалёвай з праекту UNISEF — вынік паэтычнай творчасці барда.
Сапраўды, упершыню на беларускіх дысках творчасць А. Камоцкага прадстаўлена ў амаль поўнай разнастайнасці, адлюстроўвае ўвесь спектр жанравых прыхільнасцяў аўтара. Да таго ж, новы дыск з серыі «Беларускі музычны архіў» замацоўвае за Алесем Камоцкім прыярытэт заснавальніка бардаўскага кірунку ў айчыннай сучаснай музычнай культуры, найглыбейшага лірыка нашай аўтарскай сцэны.
Zatoczka
Аматараў айчыннай рок-музыкі, упэўнены, прыцягне ўвагу дэбютны альбом ад магілёўскага гурта «ZATOCZKA». Адбудзецца гэта таму, што выканаўцы з гэтага рэгіёну становяцца добрай зменай і падтрымкай вядомым ветэранам айчыннай рок-музыкі. Узгадаем хоць бы такіх хэдлайнераў магілёўскай рок-сцэны, як гурты «Маўзер» ці «ГЛЮКІ», якія апошнім часам парадавалі сваіх прыхільнікаў цікавымі альбомамі і ўдалымі выступамі ў сваім родным горадзе і за межамі Беларусі.
Што тычыцца гурта «ZATOCZKA» і яго дэбютнага альбома, то новую працу магіляўчан сталічная крытыка сустрэла з разуменнем, хоць і даволі стрымана. Як і належыць альбому дэбютанта. А вось мясцовы музычны бамонд дыск гурта «ZATOCZKA» раскрытыкаваў ушчэнт. Якія толькі эпітэты не выкарыстоўваліся, каб выклікаць у музыкаў пачуццё непаўнавартаснасці: «конъюнктура», «беспринципность», «откровенно слабый материал» і гэтак далей... Але я ўпэўнены, што музыкі падрыхтаваны да такой «крытыкі» і гатовы паказаць сакавіты панкаўскі кукіш сваім нядобразычліўцам. Гэта таму, што ўдзельнікі гурта цудоўна ведаюць свае магчымасці, моцныя бакі і свае хібы. А галоўнае, калі музыкі самі сталі на шлях беларускамоўнай творчасці, то яны гатовы сваім прыкладам паказаць тое, што родная мова для іх не прадмет гандлю, а шчырая магчымасць сказаць сваё важкае слова слухачам.
Безумоўна, альбом «ZATOCZKI» мае недахопы ў кампазіцыі, запісе і афармленні. Але лепшымі сваімі творамі гурт робіць заяўку на тое, што гэтыя недахопы будуць выпраўлены, а сама каманда ў хуткім часе стане найбольш яскравым прадстаўніком ска-панка на беларускай альтэрнатыўнай сцэне.
Цікава, што мясцовыя культуртрэгеры гатовы «на ўра» прыняць любы музычны капрыз ад, скажам, стылістычна блізкага, але канчаткова камерцыялізаванага поп-рок гурта «Ляпис Трубецкой», але не прымаюць больш шчырыя і актуальныя хіты ад гурта «ZATOCZKA».
Але толькі слухачы змогуць вынесці праўдзівы вердыкт дэбютнай працы гурта. І ў гэтым бачыцца аптымізм сітуацыі і з гуртом «ZATOCZKA», і з усёй беларускай рок-музыкай. Так што слухайце лепшыя песні магіляўчан, сярод якіх адзначу такія кампазіцыі, як «Пра каханне», «Слова», «Шэрыя», «Вам!», а таксама кавер на песню «World Up!» гурта «Gun», у якіх адзначу вельмі прафесійную працу выканаўцаў-духавікоў разам рытм-секцыяй гурта. Хоць і не выключаю таго, што многім слухачам больш спадабаюцца больш экстрэмальныя хіты альбома, такія як «Ваня», «Панкі», «Пра футбол» ці «Заточка»...
На плынях вясны
Пад зусім нягеглай вокладкай прома-дыска «На плынях вясны» брэсцкага гурта «Спрат» хаваюцца здаровыя творчыя амбіцыі яшчэ адной таленавітай рэгіянальнай каманды, якая ставіць за мэту здабыць усебеларускую вядомасць і папулярнасць. На роўні з больш вядомымі прадстаўнікамі Брэстчыны — рок-гуртамі «B.N.» і «Сьцяна».
У сваіх кампазіцыях, ужо вядомых па канцэртных выступах у сталіцы, музыкі гурта «Спрат» стараюцца не выкарыстоўваць выпрабаваныя хады сваіх папярэднікаў, а абапіраюцца на стылістычныя каноны альтэрнатыўнай музыкі (у прыватнасці гранжу), аддаюць даніну павагі класічным узорам арт-рока, а таксама фальклорным меладычным лініям. Гэтым стылістычным узорам адпавядаюць такія кампазіцыі гурта, як ужо вядомая песня паводле твора Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне».
Першая кампазіцыя новага прома-дыска «Глядзі» якраз і з’яўляецца працягам адзначаных вышэй стылістычных перакрыжаванняў і эксперыментаў. Хоць у ёй можна адзначыць і дрэйф музыкаў да больш экстрэмальных музычных плыняў «цяжкага» року. У гэтым можна ўпэўніцца, калі паслухаць галоўную кампазіцыю прома-дыска «На плынях вясны».
Заўважная асаблівасць песень гурта «Спрат» — якасная лірыка, якая не ўтрымлівае беларускамоўных рэцыдываў сучаснага слэнгу, а дакладна рыфмаваная і нясе слухачам зразумелы сэнсавы пасыл. Такімі паэтычнымі якасцямі вызначаюцца іншыя кампазіцыі «Спрата» — песні «Казачныя сны», «Час расстання».
Удзельнікі гурта — вакаліст і гітарыст Зміцер Сянько, яго каляжанка — вакалістка і скрыпачка Наталля Танасейчук, гітарыст Максім Меляшчук, басіст Зміцер Прымак і бубнач Аляксей Слізюк стварылі шчыльную музычную атмасферу кружэлкі, якая, безумоўна, выкліча цікаўнасць да будучага поўнафарматнага альбому. Трэба адзначыць значны ўнёсак у стварэнне насычанай акустычнай атмасферы гучання гурта (як канцэртнага, так і студыйнага) вядомага брэсцкага гукарэжысёра, ветэрана рэгіянальнага рок-руху Анатоля Хартонава. Калі б музыкі не паленаваліся і ўнеслі дастатковыя сродкі ў больш прэзентабельнае афармленне прома-дыска, то можна было б гаварыць пра яго як пра паўнавартасны сінгл і як пра заўважную з’яву на беларускім музычным рынку. Упэўнены, будучы альбом гурта «Спрат» выведзе музыкаў на больш якасны выканаўчы ўзровень, і каманда зойме пачэснае месца сярод лідэраў айчыннай рэгіянальнай рок сцэны.