Назад у нікуды. У гадавіну путча ў Мінску пройдзе «Дыскатэка СССР»

Што трэба народу? Рымскі паэт Ювенал лічыў, што «хлеба і відовішчаў» і сумаваў па былой велічы імперыі. Кіраўнікі сучаснай Беларусі наўрад ці чыталі і асэнсоўвалі Ювенала, але крылаты ягоны выраз бясспрэчна чулі і, як мне падаецца, будаваць адносіны са сваім жа народам імкнуцца менавіта паводле гэтых выдраных з кантэксту словаў. Атрымліваецца? 

_mg_0057_logo.jpg

Цікава, што пад «хлебам» Ювенал меў на ўвазе практыку бясплатнай раздачы зерня грамадзянам і ўвогуле асуджаў эгаізм людзей, ігнараванне імі шырэйшых інтарэсаў і адсутнасці грамадзянскага абавязку ў ліку прыярытэтаў. Ясна, што з «хлебам» Ювенала ў Беларусі нічога не атрымліваецца, бо як ні намагаюцца ўлады зрабіць «сацыяльна-арыентаваную дзяржаву», да дармавога зерня для грамадзян ім яшчэ як да Рымскай імперыі. Усё больш медалямі ды ганаровымі лістамі абыходзяцца, і тое не для ўсіх.

З відовішчамі таксама не ўсё добра. Канечне, на іх думку «Дажынкі», «Александрыі» ды іншыя «Славянскія базары» — гэта тое, што трэба. Але ж замала будзе! І вось у чарговы раз сталічныя тумбы застракацелі афішамі аб «Дыскатэках СССР», якія дакладна павінны зрынуць наведвальнікаў у юнацтва ці дзяцінства, смачны пламбір, напой «YUPPI», турэцкія швэдары «BOYZ» ды джынсы «Mawin» (у народзе «Мальвіны»). Мяркуецца, што пасля гэтага «свята», народ на хвалі дзіцяча-юнацкіх успамінаў аб першым пацалунку і другім глытку самагонкі за сельскім клубам як адзін будзе аднаўляць СССР, каб усё гэтае самае паспрабаваць перажыць нанова.

Але ж нашмат горш, што яны разлічваюць, што моладзь, якой не засталося літаральна ніякага выбару (усе незалежныя канцэртныя пляцоўкі закрыты, выканаўцы з’ехалі, ніхто з вядомых і цікавых музыкаў сюды ехаць не хоча), пойдзе на гэтае, прабачце, «шоу» і будзе там шчасліва скакаць пад рытмы 30-40-гадовай даўніны. Ім жа больш нічога не застаецца... Вось так і перавыхаваем!

Аднак і тут арганізатары не здолелі зрабіць прыстойна. СССР афіцыйна перастаў існаваць напрыканцы 1991 года, а фактычна яго не стала яшчэ раней. Тым не  менш мясцовыя «імпрэсарыа» чамусьці лічаць, што лайн-ап дыскатэкі ў СССР выглядае так, як асобна яны сабе гэта ўяўляюць.

Зараз толькі факты аб выканаўцах, якіх чакаюць на «Дыскатэцы СССР» у «Мінск-Арэне» 19 жніўня.

Александр Айвазов — першы сцэнічны дэбют у 1989 годзе ў Віцебску. Першыя гастролі ў 1992 годзе. Пік папулярнасці 1992-1997 гады. 

Группа «Комиссар» — першы альбом у 1991 годзе. Пік папулярнасці 1991-1993 гады.

Группа «Отпетые Мошенники» — з’явіліся ў 1996 годзе. Першы альбом у 1997 годзе, апошні — у 2008. Апошні сінгл (з двух) «Люби меня, люби» — 2019 год.

Алексей Потехин — чалец гурта «Руки Вверх!» з 1995 па 2006 год.

Стас Костюшкин — чалец гурта «Чай вдвоём» з 1994 па 2012 год.

Игорь Корнелюк — кампазітар, пачаў пісаць музыку ў 1982-1985 гадах. Сольныя выступы з 1988 года. З пачатку 2000-х піша музыку для кіно.

Moro — Фабрыцыа Мабрычы. Дэбютны сінгл у 1996 годзе. Вядомым становіцца ў 2007 годзе пасля другога выступу на фестывалі ў Сан-Рэма.

Liann Ross — Жазэфіна Хібель. Адзіны з самых вядомых гітоў «Say You’ll Never» быў запісаны ў 1985 годзе. З 1988 па 1994 год займаецца запісамі міксаў і кавераў на розныя песні.

Сергей Дубровин — сапраўднае імя Сяргей Дубіна. Замяніў Вадзіма Казачэнку ў гурце «Фрыстайл» у 1992 годзе. У 2001 годзе пакінуў гурт і заняўся сольнай кар’ерай.

DJ SLON — упершыню стаў за дыджэйскія вертакі ў 1993 годзе. Два вялікіх турнэ па Расіі — 1997 і 2000 год. Адна з галоўных зорак рускай пляцоўцы берлінскага «LoveParade» ў 1999 годзе. Арганізатар электронных вечарынаў.

«Kevin McCoy Bad Boys Blue» — першыя запісы ў 1996 годзе. У 2000-2003 гадах працаваў у складзе «Bad Boys Blue». З 2009 года прасоўвае свой праект «Kevin McCoy Bad Boys Blue» на прасторах былога СССР.

Такім чынам, відавочна — творы аніводнага  з гэтых «выканаўцаў», акрамя можа толькі Карнелюка і Liann Ross, у часы СССР ніяк не маглі гучаць на дыскатэках «вялікага і магутнага» ў першую чаргу таму, што іх тады проста не было. Па другое, калі б у СССР годзе так у 1980-м з’явілася нешта кшталту «ты целуй меня везде, 18 мне уже», то аўтар вельмі хутка бы адправіўся засвойваць прасторы народнай гаспадаркі дзесьці ў Сібіры ці Камчаткі гадоў на 5-7 мінімум. І гэта ў лепшым выпадку. Людзі старэйшыя за 40-45 гадоў са мной пагодзяцца.

Дык куды спрабуюць вярнуць слухача і гледача мясцовыя арганізатары такіх відовішчаў? Дакладна не ў СССР, таму што там такой музыкі ды спеваў не было і быць не магло. Гэта хутчэй 1990-я, аб якіх пастаянна распавядае чалавек, што лічыць сябе ратавальнікам Беларусі і пагражае «Вы хаціце як у 90-я што лі?». Ну вось, здаецца, хтосьці хоча. Хоць у музычным плане, бо развіццё прыпынілася ў кагосьці 30 год таму і ўзорам творчасці для іх з’яўляюцца састарэлыя фанаграмныя «зоркі». Дарэчы, і любых ім швэдараў з джынсамі ў СССР таксама не было — паважалася шэрань, і любы крок у бок адрознення ад «усіх» жорстка караўся. Досыць кароткая ў іх памяць, на жаль.

І яшчэ: 19 жніўня ў гісторыі СССР не вельмі прыгожая дата для святкавання, альбо арганізатары на штосьці намякаюць, а?

А для тых, хто не паспее на гэтае «свята», гатовы амаль такі ж сюрпрыз — 29 верасня ў Палацы спорту, але мы да гэтага, магчыма, яшчэ вернемся.