Нефарматнае «Неба»
Сацыяльная стужка «Вышэй за неба» паводле сцэнару Андрэя Курэйчыка, знятая па замове ААН, яшчэ да свайго выхаду на беларускія экраны выклікала скандал. Андрэй Курэйчык вінаваціць ААНаўскіх чыноўнікаў у цэнзуры. Тыя лічаць, што драматург парушыў кантракт.
Сацыяльная стужка «Вышэй за неба» паводле сцэнару Андрэя Курэйчыка, знятая па замове ААН, яшчэ да свайго выхаду на беларускія экраны выклікала скандал. Андрэй Курэйчык
вінаваціць ААНаўскіх чыноўнікаў у цэнзуры. Тыя лічаць, што драматург парушыў кантракт.
Год таму Андрэй Курэйчык падзяліўся ідэяй: «Можна зняць добрую стужку пра Беларусь. Гэта будзе фільм пра юнака, які заразіўся ВІЧ. Серыял па замове прадстаўніцтва ААН. Мусіць
атрымацца». У гэтым праекце Андрэй Курэйчык — сцэнарыст і крэатыўны прадзюсар. Я ветліва згадзіўся з энтузіязмам мастака, хаця ягоныя нататкі да фільму выглядалі інсцэнаванай
сацыяльнай рэкламай.
У гісторыі кіно было няшмат выпадкаў, калі рэклама станавілася самастойнай стужкай. Барыс Барнэт паставіў у 1927 годзе кінакамедыю «Дзяўчына з кардонкай», што рэкламавала латарэю
(латарэя знікла, фільм застаўся). Нямецкія авангардысты 20-х гадоў падразалі ў рэкламных стужках подпісы — і атрымлівалі кінаэксперыменты (захаваліся ў музеях). Серыя класічных амерыканскіх
мультфільмаў пра вірлавокага марака здымалася на грошы шпінатных кампаній — герой сілкаваўся шпінатам, і продажы зеляніны падскочылі да нябёсаў. Але гэта рэдкія прыклады. У сучасным кіно
навязлівая рэклама рэжа вочы, што асабліва заўважна ў расійскіх карцінах (над сцэнарам самай касавай з іх «Любошчы-мілошчы» працаваў Андрэй Курэйчык).
Але нават чарнавая нарэзка матэрыялаў — без падабранага гуку і каляровай карэкцыі, што выпала пабачыць два месяцы таму, — здзівіла. Амаль чатырохгадзінная зборка абяцала не толькі
серыял, але і дынамічны поўнаметражны фільм.
Сацыяльна-рэкламныя чыннікі стужкі нікуды не падзеліся, але яны былі шчыльна ўплеценыя ў канфлікты. Нефармальныя музыкі — і іхнія бацькі-міліцыянты, падступныя рэктары-пляткары і закаханыя
прыгажуні, камічныя алкагалічкі і фатальныя ўтрымальніцы наркапрытонаў гаварылі пра СНІД, жыццё і права на свабоду.
Прафілактычны ролік на 8 серый нечакана вырастаў у жывы і сумленны партрэт пакалення. Наступны чарнавы накід толькі прадчуванні пацвердзіў. Акрамя серыялу — тэлевізійна разжаванага
— атрымлівалася ўдарная і праўдзівая, як рок-музыка, стужка. За такой карцінай палявалі б маладыя людзі, глядзелі б яе на дысках і вышуквалі ў сеціве. Тэлевізійны серыял узмацніў бы
розгалас.
Але кіраўніцтва ПРААН адхіліла ад працэсу ўсю творчую групу, уключна з рэжысёрам Дзмітрыем Марыніным, аператарамі і сцэнарыстам. Пры гэтым Марыя Маліноўская, прадстаўніца Праграмы развіцця ААН,
заявіла для прэсы, што на працягу месяца будзе зладжаны прэс-паказ першай серыі фільму, а чыставы мантаж вядзе «працоўная група».
Са словаў Андрэя Курэйчыка, у гэтую групу ўваходзіць адзін (малады) чалавек, які ўпершыню бачыць колькігадзінныя матэрыялы. «Любая праца над сцэнарам і фільмам без сцэнарыста, рэжысёра і
аператараў з’яўляецца творчым забойствам дадзенага праекта», — заявіў драматург.
У сваю чаргу, Андрэя Курэйчыка абвінавацілі ў залішняй актыўнасці і парушэнні кантракту: «Ёсць факт парушэння кантрактных абавязанняў, якую б лірыку мы ні разводзілі… ПРААН як
праваўладальнік ніякіх відэаматэрыялаў нікому для стварэння нейкай версіі не перадаваў».
Курэйчык тлумачыць такую пазіцыю палітычнай цэнзурай: «Матэрыял падаўся выклікам для дзяржаўных каналаў… Яны… і вырашылі на мантажы адхіліць творчую групу. Але творчая
група аказалася хітрэйшай, таму што паспела зрабіць кіно». Цяпер стваральнікі просяць гэта кіно дазволіць. Каб узмацніць перамоўныя пазіцыі, актрыса Вольга Курэйчык забараніла выкарыстоўваць
свой вобраз у карціне, спаслаўшыся на парушэнні працоўнага заканадаўства.
Парадаксальна, але поўны — серыяльны — варыянт стужкі, зляпаны без удзелу здымачнай групы, пагражае стэрылізаваць праект не толькі і не столькі выкіданнем з фільму забароненых
літаратараў ды музыкаў, колькі знішчэннем гучнага моладзевага драйву. Застанецца драйв чыноўніцкі — акурат для пенсіянерскага БТ.
Але ці варта хаваць забароненае неба, да якога маладыя гледачы ўсё роўна дацягнуцца?