У ноч музеяў у Гомелі прайшо традыцыйнае вяселле
Сябры Гомельскай краязнаўчай арганізацыі «Талака» і сталыя наведнікі філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Зміцер ды Кася выпрабавалі на сабе традыцыйны сацыяльны абрад — вяселле. Для пары гэта стала своеасаблівай рэпетыцыяй.
Зміцер Кірэенка (старшыня ГМГКА «Талака»):
— Ноч музеяў ў філіяле Веткаўскага музея я наведваю ўжо трэці год. І штогод гэтая ноч мае пэўную тэматыку. У гэтым годзе тэмай стаў сацыяльны абрад — вяселле. Ён вылучаецца тым, што сацыяльныя абрады перадусім накіраваныя на людзей. Мы з Касяй сапраўды сустракаемся і гэта стала для нас своеасаблівай рэпетыцыяй вяселля. Але насамрэч ты заўжды памятаеш, што гэта пастаноўка і не можаш адчуваць сябе арганічна. Адна справа, калі б гэта было сапраўдным вяселлем — ты сябе адчуваеш арганічна, таму што няма гледачоў — усе ўдзельнікі, таму гэта была хутчэй вечарына па матывах вяселля. Канкрэтна гэты абрад зборны, ён з Гомельшчыны, але тут некалькі розных раёнаў, з якіх прывезлі часткі абрада ды песні.
Арганізатары ночы музеяў 2017 у філіяле паспрабавалі спалучыць традыцыю з сучасным жыццём і атрымалася гэта ў іх выдатна. На імпрэзу прыйшло некалькі сотняў чалавек рознага ўзросту: ад маленькіх дзетак да бабуляў ды ддзядуляў, што падпявалі аўтэнтычныя песні на памяць.
Пятро Цалка (загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі):
— Мы паядналі архаіку, традыцыю і сучаснасць. Мы паядналі два моцных культурных рэгіёна — гэта Палесскі абрад вяселля, з якога мы пачалі сёння нашае шэсце ў цэнтральным парку. Ад цэнтральнага ўваходу мы прайшліся як калісьці сотні гадоў таму праходзіліся нашыя бабулі, даючы знаць, што вось так гуляюцца вяселлі. А ля філіяла Веткаўскага музея нас сустрэла іншая традыцыя — традыцыя Падняпроўя — гэта аўтэнтычны фальклорны калектыў «Стаўбунскія вячоркі». Такім чынам на нашай пляцоўцы сустрэліся архаіка і сучаснасць, традыцыя і постфальклор. Сёння да нас завіталі сучасныя гурты, такія як «Рэха зямлі», «Стары фальварак», «Бан-жвірба» і адна з выбітных асоб беларускага фальклору — Іван Іванавіч Кірчук лідар этна-трыа «Троіца». Таксама працуюць выставачныя залі, выставы на вуліцы, дзіцячыя пляцоўкі, фотазона, этнакавярня — і ўсё гэта бясплатна, дзякуючы нашаму генеральнаму спонсару мясакамбінату «Кашалёва» — людзям, для якіх традыцыйная культура — не пустое месца.