«Ноч музеяў» з беларускай літаратурай (фотарэпартаж)

Мы вырашылі правесці «Ноч музеяў» бліжэй да класікаў і скіраваліся 21 траўня ў мемарыяльныя дамы-музеі Якуба Коласа і Янкі Купалы.

nocz_muzejau2016__pavel_aksinovicz__7__logo.jpg


Падзея ў хаце Коласа, у якой ён жыў у пасляваенны час, атрымала назву «Святло ў акне».



Імпрэза распачалася яшчэ ўдзень паэтычным падарожжам па часе славянскага паганцтва, Сярэдневечча і савецкай эпохі. У кожным перыядзе выступалі адмысловыя музыкі і праводзіліся конкурсы.  Апроч гэтага працавала фотастужка, выстава рэтра аўто, можна было паслухаць публічную лекцыю «Лайфхакі ў падарожжы». Канешне ж, былі экскурсіі па дому Народнага паэта, жадаючыя нават маглі напісаць ліст асадкай Коласа.


Бліжэй да вечара распачаўся музычны канцэрт на адкрытым паветры з удзелам Іллі Фаляжынскага, «Markuts Band», «RECHA» і «Re1ikt». Атмасфера атрымалася даволі ўтульнай, бо многія з наведавальнікаў прыходзілі сем'ямі. Скончылася вечарына «Кватэрнікам у дзядзькі Якуба» ад гурта «Hurma».


Імпрэза ў купалаўскім музеі распачалася ў аднайменным парку незвычайнай падзеяй. Роўна сто год таму Янка Купала пабраўся шлюбам з Уладзіславай Станкевіч. Таму ўся праграма «ночы»  была звязана з тэмай кахання. Дваццаць чатыры жанатыя пары зноў вырашылі распісацца. Прычым, некаторыя з іх ужо адзначылі срэбранае і нават залатое вяселле.

nocz_muzejau2016__pavel_aksinovicz__3__logo.jpg


Ля ўваходу ў музей увесь вечар стаялі шапікі з сувенірамі, фотастужка «Алея закаханых. На імправізаванную сцэну падымаліся гурты «Лепшы Квас», «9 месяцаў вясны» і «AMAROKA».


Варта было зайсці і ў сам музей, тым больш, што квіток каштаваў усяго 1 тысячу рублёў. Тут праводзіліся майстар-класы па народным танцам і фларыстыцы, усіх жадаючых вучылі рабіць лялькі-абярэгі. Адбываліся і імправізаваныя сцэнкі з гісторыі вяселля Купалы. Можна было паслухаць вершы класіка і нават пабачыць самаго песняра з дапамогай тэхналогіі галаграфіі.