Дарагавата і пуставата

Традыцыйна ў большасці краін музеі гэтай ноччу адчыняюць свае дзверы бесплатна. Але не ў Беларусі. У гэтым годзе кошт уваходу ў папулярныя музеі Мінску істотна павялічыўся.

noch_muzeyau_18_logo.jpg

Напрыклад, у Нацыянальным гістарычным музеі — 175000 рублёў для дарослых, 120000 — для навучэнцаў школаў, 130000 — для студэнтаў. Такім чынам, каб патрапіць толькі ў адзін музей сям’е з двух дарослых і двух школьнікаў трэба было выдаткаваць больш за поўміл’ёна рублёў.
Магчыма, гэты фактар істотна паўплываў на колькасць наведавальнікаў музеяў, якіх, нягледзячы на прыемнае для начных сталічных праменадаў надвор’е, апынулася на пляцоўках каля дзвярэй музеяў нашмат меней, чым у папярэднія гады.


Не было ўжо той бясконцай ажыятажнай чаргі каля найбольш папулярнага па наведвальнасці Нацыянальнага мастацкага музею. Таксама было значна меней людзей на ганку і ўнутры Нацыянальнага гістарычнага музею, ня мог пахваліцца натоўпам гасцей і Літаратурны музеі імя Янкі Купалы.


Але самым дзіўным было тое, што не зважаючы на дарагаваты кошт увахода ў музеі, гасцей там чакала і не зусім яскравая забаўляльная праграма. У гэтым годзе ў цэнтральныя мінскія музеі прыйшло вельмі мала касцюміраваных наведвальнікаў, і большасць візуальных тэатраў, аматарскіх творчых тэатральных суполак і рэканструктараў не падтрымалі ноч сваёй прысутнасцю. Магчыма, зноў жа па фінансавым прычынам. Прасунутая моладзь бітком набіла Музей Азгура, але акрамя лекцый па ўрбанізму і мінімалізму і выступаў ды-джэяў, тых жа цікавых перфомансаў, якімі славіўся Музей Азгура, не было. Было няшмат і сапраўды цікавых майстар-классаў і інтэрактыўных выстаў. Выключэннем сталі цалкам інтэрактыўная выстава «Эксперыментуса» для дзетак і дарослых ды Drink & Draw.


Зразумела, што ў музеях Мінску ў гэтую ноч было шмат экспазіцый, вартых увагі і без разнастайных забаўляльна-пазнавальных імпрэз. Але ўсё ж акцыя праходзіць у Беларусі адзіны дзень у гаду, і каб прыцягнуць і захаваць цікавасць сучасных беларусаў да музейнай культуры патрэбна даступная і якасная забаўляльная частка. Інакш мерапрыемства асуждана на істотныя страты наведвальнікаў…