Новыя экспазіцыі Музея гісторыі Мінска, або Куды пайсці ў выходныя

Музей Мінска з  некалькімі экспазіцыйнымі пляцоўкамі настолькі зручна месціцца ў Верхнім горадзе, што прэтэндуе зрабіцца найбольш прывабным, прынамсі для турыстаў, выставачным комплексам. Тым болей істотна, каб выставы ў ім адпавядалі гістарычнай вартасці месца размяшчэння.



16 і 17 снежня тут адбылося адразу два вернісажы. Першы прайшоў у самым сэрцы Музея, у галерэі Міхаіла Савіцкага: мастацтвазнавец Таццяна Гаранская прадставіла шырокую рэтраспектыву твораў знакамітага заслаўскага мастака Віктара Маркаўца (1947 — 2013 гг.)  “Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада”.

Экспануюцца творы розных жанраў — серыя дываноў-маляванак (кожны з якіх задае асобную тэму, звязаную са старадаўнім горадам Рагнеды ды Ізяслава). Партрэты гаспадароў Заслаўя пазнейшых часоў — князя Казіміра Яна Сапегі, графа Антонія Пшаздзецкага (ён збудаваў заслаўскі касцёл, выява якога таксама ў экспазіцыі),  і, нарэшце, панарамныя ды больш камерныя заслаўскія краявіды.

Як заўважыла на адкрыцці выставы Таццяна Гаранская, іх з Віктарам Маркаўцом звышзадачамі былі служэнне беларускай царкве і адраджэнне славы старажытнага мястэчка, дзе яны жылі. Усё здзейснілася: у Заслаўі стаіць царква Усіх беларускіх святых, збудаваная імі ў стылі класічных беларускіх праваслаўных храмаў часоў Адраджэння (і распісаная Віктарам), а Заслаўю сям’я мастака і мастацтвазнаўцы прысвяціла не адну выставу, выніковай для якіх ёсць сённяшняя.

Нагадаем, што менавіта Гаранская і Маркавец былі арганізатарамі дзясяткаў выстаў беларускага выяўленчага і фотамастацтва ў мінскай галерэі “Добрыя мыслі”, аж да часу, пакуль мінская адміністрацыя эканамічна не задушыла вольную беларускую выставачную пляцоўку, у 2000-я гады самую актыўную ў сталіцы.

Адкрыццё выставы, люднае, прадстаўнічае, — апынулася вартым змястоўнай экспазіцыі. Выступалі мастакі-сябры Віктара, дырэктар заслаўскага музея Мікалай Паграноўскі, ва ўстанове якога прайшла большасць выстаў мастака, геній беларускай паэзіі Алесь Разанаў, у жартаўлівай сутворчасці з якім Віктара Маркаўца (серыя “яйкаквадраты”) нарадзіўся сённяшні лагатып кампаніі МТС (яна і выступіла спонсарам паказу твораў Маркаўца, што працягнецца па 10 студзеня 2016 года).

Наступным днём адбылася імпрэза на Рэвалюцыйнай, 10, — адчынілася першая выстава ў Гарадской галерэі Леаніда Шчамялёва пасля яе пераезду з Серабранкі ў цэнтр у верасні 2015 г. — “Прастора Суціна”. Яна прадставіла вынікі вераснёўскага пленэру ў Засвіры, арганізаванага з ініцыятывы Алы Зміевай, дырэктаркі “Кніжнага салону” (Калініна, 5), месца арганізацыі шматлікіх літаратурна-мастацкіх падзей.

Пленэр быў анансаваны ўвесну бягучага года на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай спадчыне Хаіма Суціна, яўрэйска-беларускага мастака парыжскай школы, хіба адзінага з гэтай кагорты, якому зараз прысвячаецца сур’ёзная даследчыцкая ўвага. (Зразумела, Шагал тут па-за канкурэнцыяй).

Сабраныя мастакі — экспрэсіўныя і эмацыйныя ў сваіх, хай і непадобных, манерах, — чым блізкія Суціну — атрымліваючы тэматычныя ўстаноўкі арганізатараў, выканалі цыкл работ, што склалі цікавую экспазіцыю.

Загалоўнае палатно — эпіграф выставы — “Партрэт Суціна” стварыў Зміцер Сурыновіч, які, хаця непасрэдна на пленэры не працаваў, сярод мастакоў з’яўляецца вядучым “суцінафілам”, чаму сведчанне — выразнасць твора. Яго дапоўнілі працы звышкаларыстычнага літоўца Саламона Тэйтэльбаўма, светлай і аптымістычнай Аксаны Аракчэевай (Беларусь), заадно “гаспадыні кухні” на пленэры, маладога і перспектыўнага Уладзіслава Петручыка (Беларусь) і ўкраінца з Севастопаля Аляксандра Рэпкі. Дарэчы, яшчэ адно супадзенне з лёсам Суціна, які апошнія гады да смерці ў 1943 пражыў у Францыі пад нацысцкай акупацыяй. Рэпка жыве ў акупаваным Крыме — ці не адтуль змрочная выразнасць яго твору ў экспазіцыі? У студзені выстава накіруецца ў музей Суціна ў Смілавічах, потым — у Вільню, а да 14 студзеня яе можна паглядзець у Мінску.

Фота аўтара