«Ой ляці, страла, ды ў тое сяло…» Як у Стаўбуне стралу хавалі
Абрад занесены ў спіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Абрад ладзяць штогод на Ушэсце (саракавы дзень пасля Вялікадня). Мясцовыя кажуць: «Пайшоў Гасподзь на небяса і пацягнуў жыта за каласа…», а потым просяць у Бога здароўя, добрага ўраджаю і каб страла-маланка не біла нікога ды не нішчыла хаты.
Пачынаецца абрад з таго, што вясковыя дзяўчаты і кабеты «водзяць стралу»: з двух канцоў вёскі ідуць адначасова са спевамі і карагодамі, а потым сустракаюцца пасярэдзіне, каб пайсці разам у поле і спяваць ужо з падвойнаю сілаю.

Хлопцы ды мужчыны на свяце — усяго толькі гледачы: браць удзел ім катэгарычна забаронена.
— Аднаго прама на «страле» маланка ўбіла, — кажа спадарыня Валянціна.
Дарэчы, у стрэльных песнях гомельскага рэгіёну пра тое і спяваюць: як «добрага моладца» забіла маланка. А яшчэ пра тое, што па ім няма каму плакаць, акрамя роднай маці:
«Дзе матка плача — там рэчка цячэ,
Дзе сястрычанька — там крынічанька,
Дзе жана плача — там расы няма».
Пра сэнс такой сумнай песні Валянціна тлумачыць, што «жонка знойдзе сабе новага мужа, а для маці страціць сына — гэта найвялікшае гора». Таму і просяць стаўбунчане падчас абраду, каб нікога маланка не біла.
Гэтак, са святочным настроем і спевамі, ідуць у поле і заводзяць карагод там. А потым прынята загадаць жаданне і закапаць у зямлю нейкі невялічкі скарб: упрыгожанне, або капейку — «пахаваць стралу». Гэта своеасаблівае прынашэнне Богу і зямлі за будучы добры ўраджай.
Таксама, кажуць у Стаўбуне, каб увесь год не губляць здароўя ды моцы, трэба добра выкачацца ў жыце. І, мяркуючы па тым, што мясцовыя векавіткі выходзяць вадзіць стралу, гэты метад працуе выдатна.
