Пераможца прэміі Гедройца — Уладзмір Някляеў (анлайн)

Наш карэспандэнт знаходзіўся ў гатэлі "Кроўн-плаза", дзе адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.



48b46eaa_d353_4f2a_905e_061bf7ccb676_mw640_mh360_s.jpg

Намінанты: Уладзімір Някляеў, Людміла Рублеўская, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Сяргей Балахонаў

18:23 Добры вечар, шаноўныя чытачы! Распачынаем анлайн-рэпартаж самай скандальнай літаратурнай падзеі года. Мы знаходзімся ў гатэлі "Кроўн-плаза", адна з залаў якой поўніцца людзьмі. Без перабольшання і крыху забягаючы наперад, скажу, што "ўсе тут". Мы бачым прадстаўнікоў літаратуры і мастацтва.

Тут лаўрэаты: Сяргей Балахонаў са сваёй дамай (?) Аксанай Бязлепкінай, самотны Альгерд Бахарэвіч, Людміла Рублеўская і яе сужэнец Віктар Шніп. Пакуль не бачна Някляева, Станкевіча, Глобуса.

У залі Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Лешак Шарэпка і прадстаўнік "Сомбелбанку", дыпламаты, журналісты і рэдактары выданняў. Заўважаныя Эдуард Акулін і Сяржук Сыс, Ігар Бабкоў і Раіса Баравікова.

18:30 Увайшоў Анатоль Вярцінскі. У першых шэрагах арганізатары рассаджваюць журы. Пашыхтаваныя Павел Касцюкевіч, Валянцін Акудовіч, Ганна Кісліцына. Ужо грае ненавязлівая жывая музыка. Валянцін Жданко з "Радыё Свабода" яўна прыйшоў падтрымаць свайго лаўрэата. Адам Глобус займае месца побач з Бахарэвічам. Тут сам Леанід Дранько-Майсюк!

18:35 Сярод прадстаўнікоў прэсы заўважаная мінская журналістка-мусульманка ў яркім бэзавым хіджабе.

18:38 Каментаваць уручэнне прэміі анлайн — гэта як каментаваць святую імшу на Раство. Але я паспрабую. У залі Аляксандр Фядута, дырэктар Польскага інстытуту Пётр Казакевіч, увайшоў Генадзь Бураўкін, якія яшчэ нядаўна папраўляў здароўе ў шпіталі. З выздараўленнем, Генадзь Мікалаевіч! На тое і вясна.

18:45 Гэта быў гурт "Морфэ" — абвясціў вядоўца (хто б сумняваўся) Андрэй Хадановіч. Ён дзякуе: найперш публіцы, што цікавіцца прэміяй, па-другое — заснавальнікам прэміі, па-трэцяе, спонсару ("Ідэябанк"), лаўрэатам. У залі — 5 з 6: ужо ёсць Някляеў, але Станкевіч не прыехаў.

Слова Лешаку Шарэпку.

18:48 Спадар пасол вітае публіку на беларускай мове. "Мне прыемна адзначыць, што прэмія набірае прэстыж і спрыяе папулярнасці беларускай прозы..." — паўтарае пасол. У залі смех пасля словаў: "Магчыма, у будучыні будзе падтрымка беларускіх уладаў". Пасол падкрэслівае, што прэмія мае апалітычны характар, але з сумам зазначае, што ўсё, звязанае з беларускай мовай, зазнае палітычны ўціск у Беларусі. Пасол дзякуй Беларускаму ПЭН-Цэнтру, які выконваў функцыю сакратарыяту прэміі.

18:50 Хадановіч прадстаўляе Паўла Харланчука і Ганну Хітрык, якія пакажуць урыўкі з твораў-лаўрэатаў. Субардынацыя пануе ў зале прэміі. Па сценцы ў канцы пашыхтавалася ўся маладая літаратура: Сяргей Календа, Віталь Рыжкоў, Антон Рудак.

18:55 "Гамбургскі рахунак Бахарэвіча": абраны самы моцны ўрывак з кнігі — пра Аліндарку і Мацея Бурачка. Аліндарку прымаюць у турме як палітвязня. Гучыць негалосны дэвіз прэміі: "Напісаў бы хто кніжку на нашай мове — дык свае і аплявалі б". Пляўкоў у бок фіналістаў прэміі за апошні год было шмат.

19:00 Адам Глобус, "Сказы". Маленькі хлопчык згубіў самапал на масавым канцэрце. Такая вось сучасная казачка. 

19:05 Людміла Рублеўская пра Пранціша Вырвіча. Героі 18 стагоддзя запускаюць "жалезную чарапаху" і "цмока-людажэра" — тагачасны танк. Публіка слухае зацікаўлена. Цалкам верагодна, кнігі-фіналісткі чыталі далёка не ўсе.

19:08 "Хоць бы нейкі перапынак зрабілі", — буркочуць у стане пажылых літаратараў. І сапраўды — грае гурт "Морфэ". Па залі дзелавіта ходзіць выдавец Бахарэвіча і Балахонава Ігар Логвінаў у суправаджэнні літаратара і мастака Артура Клінава, мінулагодняга лаўрэата. 

19:15 Юры Станкевіч. "Шал". Чытаюць урывак пра выгнанне дэмана з сучаснай паненкі Канстанцыі. У ролі святара — Харланчук. Дэман — у Хітрык. Пакуль што гэта адзіны скандальны аўтар з прэзентацыі.

19:18 Сяргей Балахонаў. "Зямля пад крыламі Фенікса". Урывак пра тое, як беларусы крадуць яблыкі з Божага саду. Іншы ўрывак — пра няправільных (крывых) пчол і шляхціца Міхала Вінярскага (Віні-Пыха) і яго сябра Крыштаф Радзівіл (Крыстафер Робін). 

19:25 Уладзімір Някляеў. "Аўтамат..." "Хай ён сам пачытае!" — пачулася з залы. "Хай ён сам пачытае", — пагадзілася Хітрык. Някляеў адмовіўся. Чытаюць набор баек пра савецкі Мінск: героі бегаюць галяком каля КДБ. Наступны ўрывак — пра Асю, якая плавае ў Чорным моры.

19:32 Хадановіч прадстаўляе Ганну Кісліцыну і Валянціна Акудовіча. Яны прэзентуюць шорт-ліст. У Кісліцынай у руках 3 дыпломы. Падносяць яшчэ дыпломы і бел-чырвона-белыя букеты.

19:45 "Культаглядальніца вядомай газеты (смех у залі)... муза свайго мужа..." — на сцэну запрашаюць аўтарку двух раманаў, якія выйшлі сёлета, Людмілу Рублеўскую. Хадановіч заклікае журналістаў сфатаграфаваць разам на адной сцэне "такіх розных аўтараў". І сапраўды — адвечныя непрыяцелі Глобус і Някляеў стаяць побач. 

19:48 Уладзімір Арлоў і Ян-Анджэй Дамброўскі ўручаюць трэцюю ўзнагароду. Трэці прыз — Адам Глобус, "Сказы". Глобус едзе на творчую стыпендыю ва Вроцлаў. "Хтосьці любіць гэтага пісьменніка, хтосьці не любіць. Мне здаецца, той, хто не любіць, чытае яго нават болей уважліва", — абвяшчае Арлоў. Дамброўскі расказвае аб культурных праграмах Вроцлава, мэта якіх — паяднаць Усход і Захад.

Арганізатары спяшаюцца: у "аднаго з лаўрэатаў" хутка распачынаецца каменданцкая гадзіна. Другую прэмію ўручае Барыс Пятровіч, старшыня СБП, рэдактар часопіса "Дзеяслоў".

19:52 Пятровіч расказвае пра поспех прэміі: увага да рэцэнзіяў, твораў і аўтараў была каласальнай. Ён заклікае абняць увагай усе 43 кнігі, якія разглядаліся сёлета. Усё — у імя ажыўлення літаратурнага жыцця Беларусі.

Другое месца — Альгерд Бахарэвіч, "Гамбургскі рахунак Бахарэвіча". Бахарэвіч падзякаваў, але сказаў, першым быць лепей. Яму цікава, а хто ж першы. Бахарэвіч едзе на творчую стыпендыю на выспу Готланд. 

19:55 Першую прэмію ўручаюць Павел Касцюкевіч, Лешак Шарэпка.

Пераможца — Уладзімір Някляеў. Сертыфікат на 10 000 еўра. Дадатковая ўзнагарода — выданне прозы Някляева. Някляеў чытае верш пра апошняга беларускага паэта. Першага беларускага празаіка?

pr.jpg

Някляеў дзякуе ўсім, хто сваімі ўчынкамі змяняюць Беларусь. Зала пляскае. Гэтым разам больш-менш шчыра.

Дзякуй, што былі з намі!