Па-беларуску выйшлі казкі Гаўфа з дыхтоўнымі ілюстрацыямі
У бібліятэцы часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” і Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” выйшла новая кніга — зборнік казак Вільгельма Гаўфа (выдавецтва “Кнігазбор”), ілюстраваны мастачкай Кацярынай Дубовік. На сённяшні дзень гэта самы поўны збор твораў нямецкага казачніка па-беларуску. На гэтым тыдні выданне мусіць з’явіцца ў кнігарнях.
У бібліятэцы часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” і Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” выйшла новая кніга — зборнік казак Вільгельма Гаўфа (выдавецтва “Кнігазбор”), ілюстраваны мастачкай Кацярынай Дубовік.
У кнігу ўвайшлі самыя знакамітыя казкі Вільгельма Гаўфа — “Каліф-бусел” (пераклаў Ігар Крэбс), “Маленькі Мук” (пераклаў Аляксей Жбанаў), “Карлік Нос” (пераклаў Уладзімір Папковіч), “Халоднае сэрца” (пераклаў Альгерд Бахарэвіч), — а таксама менш вядомыя творы, такія як “Адсечаная рука” (пераклала Наталля Давыдоўская) і іншыя. Усе пераклады зробленыя з нямецкай мовы. Укладальніца зборніка — Ганна Янкута, рэдактаркі — Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская. Ілюстрацыі да кнігі можна паглядзець на старонцы мастачкі Кацярыны Дубовік у Facebook.
Свет казак Вільгельма Гаўфа — змрочны і таямнічы. Тут адбываюцца забойствы і выкраданні, а помста і злыя чары сустракаюцца не радзей, чым падарожжы і цудоўныя выратаванні. Тут ёсць усё, што толькі магло прымроіцца нямецкаму рамантыку ў ХІХ стагоддзі: жорсткія і яркія гісторыі з краінаў Усходу, якіх ніколі не існавала, разбойнікі і караваны, што рухаюцца праз пустэльню, — і гэтыя вечныя героі, якіх палюбіла ўжо шмат пакаленняў чытачоў. Кніга ўключае казкі Вільгельма Гаўфа, якія выйшлі ў трох альманахах — за 1826, 1827 і 1828 гады, прычым першы з альманахаў быў перакладзены для гэтага зборніка цалкам. Большасць змешчаных у кнізе перакладаў друкуецца ўпершыню.