Па выставачных залах

21 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі адчынілася ўнікальная выстава – “Адкрыццё святой прыгажосці.



f0f6cc51dacebe556699ccb45e2d43a8.jpg

21 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі адчынілася ўнікальная выстава – “Адкрыццё святой прыгажосці.
Экспануецца дзясятак старых беларускіх абразоў, вернутых да жыцця рэстаўратарамі музея – Сяргеем Шацілам, Святланай Дзікуць, Дзмітрыем Карліонавым. Унікальнасць экспазіцыі, якая дэманструецца па 22 мая, у тым, што цягам стагоддзяў творы беларускага рэлігійнага мастацтва ў выніку шматлікіх інтэрвенцый ворагаў і іх умяшальніцтва ў царкоўнае жыццё Беларусі, падлягалі амаль татальнаму знішчэнню. Вось і экспанаваныя абразы прарокаў і апосталаў з галоўнага іканастасу Жыровіцкага манастыра ацалелі амаль цудам. Створаныя яны, як давёў польскі даследчык Войцэх Баберскі па матэрыялах архіва манастыра захаваных у бібліятэцы Віленскага ўнівесітэта, у 1732-1733 гадах. Захаваліся кантракты пінскага біскупа Георгія Булгака са сніцарамі (разьбярамі) Пятром Пжэлускім і Францішкам Пшэтульскім на выкананне разьбянога атачэння ікон, размешчаных у тры ярусы да самых сводаў царквы. Але і сёння Руская праваслаўная царква, якая лічыць Беларусь сваёй “кананічнай тэрыторыяй, упарта змагаецца супраць нацыянальнага беларускага мастацтва ў прысабечаных ёй храмах, асабліва калі гэта мастацтва – уніяцкае, як у выпадку з жыровіцкімі абразамі. Гэтым разам “развод царквы і беларускай дзяржавы адбыўся больш-меньш цывілізавана. Царква атрымала сродкі на рамонт кляштара і замяніла старасвецкую прыгажосць на тое, што яна лічыць кананічным (сучасныя работы, выкананыя ў мёртвай псеўдамаскоўскай стылістыцы), а шэдэўры мастацтва дасталіся Музею. Безумоўны плюс у тым, што яны захаваюцца, і іх убачыць больш сапраўдных аматараў прыгожага.
З мясцовага, апостальскага і прарочага чыноў жыровіцкага іканастаса Музею ў 2009 г. перададзены 7 абразоў, на выставе экспануюцца 4 – парная ікона прарокаў і тры дошкі з выявамі апосталаў. Творы гэтыя ўнікальныя тым, што адлюстроўваюць стылёвую эвалюцыю беларускага іконапісу ў першай палове 18 ст. Напісаныя на тонкай хваёвай дошцы па тонкім ляўкасе, яны пазбаўлены традыцыйнага для ранейшага часу разьбянога арнаменту па залочаным фоне. Рэнесанснай іканаграфіі і вытанчанай тэхніцы еўрапейскага жывапісу эпохі барока адпавядаюць рэалістычныя фоны з жывым адлюстраваннем нябёсаў. Тонкая палітра, гарманічныя колеравыя пераходы арыгіналаў адкрыліся менавіта пасля рэстаўрацыі, якая прыбрала сляды першага безгустоўнага ўмяшання новых гаспадароў “кананічных тэрыторый, зробленага ў 19 ст. А менавіта нанесеных паверх аўтарскіх жывапісных прыўкраснасцяў плоскіх залатых фаноў. Такое сваеасаблівае змаганнне “канону з сапраўднай эстэтыкай. Апрача жыровіцкіх твораў гледачам прадстаўлены два выключныя шэдэўры – “Маці Божая і “Спас з вёскі Галынка на Міншчыне – работы як раз з тыповым для нацыянальнай іканапіснай школы 17 стагоддзя разьбяным арнаментам залатых фаноў. І некалькі рэлігійных карцін на палатне, для ратавання якіх аснову жывапісу даводзілася дубляваць, ратаваць краі палотнаў, пераносіць аўтарскі жывапіс на больш трывалы матэрыял, расчышчаць пазнейшыя запісы і бруд. Тым і цікавыя рэстаўрацыйныя выставы, што яны паказваюць весь аб’ём цяжкай працы, патрэбнай для вяртання твораў экстра-класу з фізічнага небыту.
***
У Нацыянальным мастацкім музеі – выстава “Рускі ляўша
Напамін пра вядомае апавяданне Ляскова, прысвечанае майстру, які падкаваў блыху. Музей мікрамініятур “Рускі ляўша з Санкт-Пецярбургу прадстаўляе шэраг работ майстра, навукоўца-фізіка Уладзіміра Аніскіна. Экспанаты родняцца з папярэдне анансаванай выставай тым, што як і рэстаўратар, мікрамініятурыст працуе са сваімі творамі пад мікраскопам. Ці жарт – амаль усе яны меньшыя за міліметр, а некаторыя абмяжоўваюцца сотымі долямі міліметра! Сярод сюжэтаў – ружа, выкладзеная на зрэзе воласа, макет аэрадрома, размешчаны на макавым зярняці, дзяржаўныя ўзнагароды, выяўленыя на рысавых крупінках. Праца над кожным з такіх аб’ектаў займае тыдні, месяцы, часам гады. Ёсць падстава здзівіцца карпатлівасці творчай асобы і неабмежаванасці магчымасцяў чалавека. Завітайце ў Гістарычна музей у кожны дзень па 10 красавіка, апрача панядзелкаў.


Экспазіцыя “Маладзёжная-2011
Адчынена ў Палацы мастацтваў адначасова з “Пагоняй-20, даступную па 27 сакавіка. Беларускі саюз мастакоў штогод ладзіць Рэспубліканскую маладзёвую выставу, якая ўяўляе сабой зрэз сучаснага беларускага мастацтва. Яе правядзенне стала добрай традыцыяй і, як паказвае папярэдні досвед, праект смела можна назваць важнай падзеяй у культурным жыцці краіны. Асаблівасцю паказу з'яўляецца тое, што яго ўдзельнікамі сталі як сябры Беларускага саюза мастакоў да 35 гадоў, так і тыя, хто не ўваходзіць у склад творчай арганізацыі. Між тым, уражанне ад выстаўленых работ вельмі станоўчае: маладыя мастакі не губляюцца на фоне больш дасведчаных творцаў з суполкі “Пагоня.
Пры нагодзе раім таксама завітаць у галерэю “Лабірынт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Пры падтрымцы амбасады Італіі там па 10 красавіка размешчана фотавыстава “Спадчына ў аб’ектыве: 150 год фатаграфіі італьянскіх аб’ектаў Сусветнай культурнай спадчыны. Можна сказаць: спалучэнне класічнай архітэктуры і гісторыі фотамастацтва.