Пад патранажам графа Чапскага: A-Fest як новы фармат гарадскога свята

Лошыцкі парк для жыхароў Мінска — гэта нешта накшталт Булонскага лесу для парыжан: не ў самым цэнтры, але кожны любіць і перыядычна бавіць тут час. Партнёр фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK! і самы гістарычна арыентаваны піўны брэнд краіны «Аліварыя», выбіраючы месца для святкавання дня народзінаў легендарнага графа Чапскага, абсалютна лагічна спыніўся на Лошыцы.

1248.jpg


З Лошыцай у знакамітага графа ў жыцці тое-сёе звязана: існуе легенда (як было насамрэч, мы не ведаем), што Ян Караль Чапскі меў раман з гаспадыняй лошыцкай сядзібы, жонкай Яўстафія Любанскага Ядвігай Кяневіч. Той самай, якая пасля самагубства стала знакамітай Белай Паннай — самым папулярным мінскім прывідам, якога можна сустрэць раз на год у красавіку і на якога палююць маладыя хлопцы і дзяўчаты, бо прывід, па словах відавочцаў, можа дапамагчы ў справах кахання.
Насамрэч Лошыцкі парк і ягоная сядзіба — проста скарб для аматараў гарадскіх легенд. Таму найлепшае месца для правядзення фэсту піва, ежы і ўсяго-ўсяго-ўсяго знайсці насамрэч складана.
«Фестывалі на адкрытым паветры, у парку, на траве — гэта сучасная еўрапейская традыцыя, — расказвае дырэктар па маркетынгу і развіцці бізнесу кампаніі «Аліварыя» Ганна Губкіна. — Чапскі ж займаўся не ў апошнюю чаргу менавіта «еўрапеізацыяй» Мінска. Звыклы фармат для Берліна альбо Лондана з часам стане звыклым і для Мінска».
Чаму 13 жніўня? Вельмі проста — фэст пройдзе ў выходны дзень, напярэдадні дня народзінаў легендарнага графа. Што будзе на фэсце?
«Мы не хацелі рабіць чарговы проста музычны фэст, хаця нічога супраць такіх фэстаў не маем, — кажа спадарыня Губкіна. — Гэта будзе фэст ежы, піва, музыкі. Тут бургер будзе прадавацца побач з дранікам, а гарадскія забавы стануць побач з музычнай праграмай».
Сярод забаваў абяцаюцца: парад вусачоў і барадачоў (каб зразумець, чаму, паглядзіце на любую выяву Чапскага і ягоныя шыкоўныя вусы), «Мазгабойня», ледзь не самая любімая гульня сучасных мінчан. Гульні часоў Чапскага: калі вы апошні раз гулялі ў кракет? Кавярні, стылізаваныя пад час зараджэння мінскага піўзавода, які пасля стане заводам «Аліварыя». І ў якасці музычнага сюрпрыза — сэт ад еўрапейцаў Brainstorm.
Пад фэст аддаюць досыць  вялікую частку парка — ад цэнтральнага ўвахода і да амфітэатра. Апроч таго, можна будзе зазірнуць і ў Лошыцкую сядзібу, якая не так даўно адкрылася пасля рэстаўрацыі, — цудоўная нагода адсачыць гісторыю аднаго з найцікавейшых мінскіх будынкаў ад перыяду Любанскага, праз савецкі інстытут, які займаўся раслінаводствам, да цяперашняга музейнага комплексу.
«На вялікі жаль, у экспазіцыі сядзібы амаль не засталося рэчаў, якія знаходзіліся тут за часамі Любанскага, — кажа супрацоўнік музея Васіль Сідаровіч. — Аднак інтэр’еры аднавілі максімальна ў стылістыцы эпохі. Дзе-нідзе захаваліся нават фрагменты шпалераў з японскімі матывамі (іх вельмі любіла Ядвіга Кяневіч), і мы дазволілі мастакам праявіць фантазію адносна колераў шпалераў, пры гэтым захаваўшы сам малюнак».
Па словах супрацоўнікаў музея, ёсць нават невялікі шанец сустрэць прывідаў былых гаспадароў, выпадкова зазірнуўшы на экскурсію, але гэтага мы абяцаць не можам.


Паводле budzma.by