«Падарожжа са словам» без бар’ераў і перашкод
Сёлятняя ХХІV Мінская кніжная выстава-кірмаш багатая на неардынарныя падзеі, як пазітыўныя, так і тыя, што не паддаюцца разумнаму тлумачэнню.
Напрыклад, сталыя наведвальнікі выставы-кірмашу ўпершыню пабачылі побач са стэндамі дзяржаўных выдавецтваў, выдавецтваў замежных краін і экспазіцыю Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане, на якім можна было пазнаёміцца з унікальнымі выданнямі беларускіх класікаў, з скарбамі беларускага кнігавыдавецтва і іншымі рарытэтамі, якія там захоўваюцца.
Менавіта ролю гэтай легендарнай культурніцкай установы не раз адзначалі пад час разнастайных мерапрыемстваў сёлетняй Мінскай кніжнай выставы-кірмаша. Напрыклад, у рамках круглага стала ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь «Беларускія кніжныя калекцыі ў Вялікабрытаніі», альбо пад час літаратурнай імпрэзы «Падарожжа са словам», якая адбылася ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску.
Асноўнай тэмай гэтай сустрэчы стала стан перакладной літаратуры ў Беларусі і роля перакладчыка ў наладжванні літаратурных сувязяў паміж народамі. У прыватнасці, англа-беларускіх і беларуска-англійскіх, пачынальніцай якой стала знакамітая перакладчыца, паэтка і журналістка Вера Рыч (1936-2009), якая, дарэчы, доўгія гады падтрымлівала цесныя сувязі са «скарынаўкай».
Гэта і падкрэсліла ў сваім вітальнымі слове да ўдзельнікаў імпрэзы Амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі спадарыня Фіёна Гіб, якая адзначыла вялікую ролю літаратуры і літаратараў у справе наладжвання мастоў разумення паміж нашымі народамі. Таксама Амбасадар адзначыла выключную ролю брытанскай грамадзянкі Веры Рыч, якая ахвяравала свой талент для таго, каб англамоўныя чытачы па ўсім свеце як мага шырэй даведаліся пра творчасць Багдановіча, Купалы, Коласа і іншых беларускіх і ўкраінскіх паэтаў-класікаў.На заканчэнне свайго спічу спадарыня Фіёна Гіб прадэкламавала верш Максіма Багдановіча «Па над белым пухам вішняў…» у перакладзе Веры Рыч на англійскую мову. Гэтыя ўразлівыя радкі нават тымі, хто не ў поўнай меры валодае англійскай мовай, былі ўспрыняты з захапленнем, бо сам пераклад, рыфмы і рытм верша амаль поўнасцю ўзнаўлялі сэнс арыгінала, яго лірычны пасыл.
Сваімі ўспамінамі ад сустрэч з Верай Рыч з удзельнікамі «Падарожжа са словам» падзяліўся прадстаўнік Скарынаўскай бібліятэкі, сакратар бібліятэчнага савета Ігар Іваноў. Спадар Іваноў распавёў пра рысы характару перакладчыцы, як яна апякавалася студэнтамі, якія вывучалі славістыку ў Лондане. Вялікую цікаваць у слухачоў выклікаў расповед І.Іванова пра выданне паэтычнай анталогіі «Like Water, Like Fire» з перакладамі твораў класікаў беларускай паэзіі, якая пабачыла свет у 1972 годзе і была забаронена ў Беларусі.Спадар Іваноў прадэманстраваў адзін з экзэмпляраў кнігі з самага першага наклада з «Пагоняй» пад супер-вокладкай. Такіх тамоў захавалася з таго часу не шмат, таму гэты ўнікальны экзэмпляр захоўваецца ў фондах Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане.
Аналіз творчасці Максіма Багдановіча і верш «Па над белым пухам вішняў…» прагучаў з вуснаў мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча. Пісьменнік і перакладчык Альгерд Бахарэвіч узгадаў даўнія сустрэчы з Верай Рыч, а таксама прачытаў апавяданне «Мой лепшы дзень», у якім перакладчыца ўспамінала той дзень, калі яна пазнаёмілася з дзеячамі беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі.
Праблематыка якасці тэксту была ўзнята вядомай перакладчыцай Ганнай Янкутай, якая прадставіла новыя кнігі англамоўных аўтараў, выдадзеных апошнім часам па-беларуску. Сярод іх Г.Янкута звярнула ўвагу на такія кнігі, як «Замак Отранта» Хораса Уолпала (пераклад Г.Янкуты), «Франкенштайн» Мэры Шэлі (пераклад М.Дзергачовай). «Гэты класічныя творы жанру хорар і навуковай фантастыкі і таму варта каб героі гэтых сусветна папулярных раманаў загаварылі з чытачамі на нашай мове», — зазначыла перакладчыца.
Сярод новых выданняў Г. Янкута адзначыла «Прыгоды Шэрлака Холмса» (2014) і «Нататкі Шэрлака Холмса» (2015) А. Конан-Дойла, апошняя з якіх была выдадзена дзякуючы краундфандынгавай кампаніі. Асаблівы шарм гэтым выданням надае іх арыгінальнае афармленне, якое ажыццяўлялі маладыя беларускія мастакі.На завяршэння свайго грунтоўнага расповеду Ганна Янкута прадэкламавала яшчэ адзін класічны твор — «Оду да салаўя» з кнігі перакладаў Джона Кітса, выдадзенай у серыі «Паэты планеты».
Артыстычную прэзентацыю знакамітай кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» па-беларуску зладзіла перакладчыца Вера Бурлак, якая засяродзіла ўвагу на тым, што і гэтая кніга — вынік краундфандынгавай кампаніі. А таксама тое, што гэтае выданне па-сапраўднаму ўпрыгожваюць сюррэалістычныя ілюстрацыі мастачкі Кацярыны Дубовік. Для тых, хто не ўяўляе, як можа гучаць па-беларуску філасофскі твор Л.Кэрала, Вера Бурлак зладзіла сапраўдны перформанс — у сваім гратэскна-тэатралізаваным стылі выканала ўрывак казкі пад назвай «Мармазяўр», чым, без сумнення, уразіла і зацікавіла аўдыторыю.
Яшчэ адзін аспект перакладчыцскай дзейнасці — музычны — агучыў вядомы беларускі музыкант, лідар гурта N.R.M. Піт Паўлаў, які разам з цымбалісткай Алесяй Шагун выканалі шэраг беларускамоўных кавераў на хіты сусветнавядомых рок-зорак. Прагучалі песні «Толькі каханне» (Freelove) з рэпертуару гурта Depeche Mode і «Сродак і мэта» (Nothing Else Matters) гурта Metallica. Скончылі свой сэт музыканты каверам на адну з кампазіцый польскага гурта Myslovitz, заспяваўшы яго словы разам з усімі прысутнымі. Добрым заканчэннем літаратурнай імпрэзы «Падарожжа са словам» стала экскурсія па новай экспазіцыі, прысвечанай жыццю і творчасці Максіма Багдановіча, якую наладзілі для ўдзельнікаў вечарыны арганізатары і гаспадары музею.