Падарунак рэжымніку: Эт’ен дэ Ля Баэсі супраць дыктатуры

Няма сумневу, калі б Эт’ен дэ Ля Баэсі французскі гуманіст, мысляр і паэт 16 стагоддзя жыў у сучаснай Беларусі, ён бы ўжо сядзеў у турме — проста за свае эсэ «Прамова пра дабравольнае нявольніцтва» (1548). А яшчэ за тое, што студэнтам адважыўся кпіць і крытыкаваць уладу.

Вокладка эсэ

Вокладка эсэ

На дзіва, гуманісту ўдалося не памерці ад рукі абсалютысцкай улады, бо яго крамольны тэкст з’явіўся пасля заўчаснай смерці — Эт’ет дэ Ля Баэсі памёр у 32 гады ці то ад мору, ці то ад сухотаў. Напісаўшы свой вядомы тэкст у 18 год, французскі гуманіст пасля смерці быў забыты да 19 стагоддзя: манархія і нават Французская рэвалюцыя ўсяляк хавалі свабодалюбную і крамольную літаратуру. Але пазней — з сярэдзіны 19 ст. тэкст стаў своеасаблівай «бібліяй» анархізму і моцным штуршком для тэарэтыкаў і практыкаў грамадзянскага непадпарадкавання.

etiennedelaboetie.jpg

Эт’ен дэ Ля Баэсі
Зрэшты, «Прамова пра дабравольнае нявольніцтва» ў 20 стагоддзі стане першаасноўнай чытанкай студэнтаў-палітолагаў на Захадзе. Баюся, у Беларусі тэкст вядомы хіба некаторым філосафам і рэдкім кніжным гурманам. У 2021 ст. тэкст проста напрошваецца на пераклад на беларускую мову, а таксама на падарункі ўсім беларусам, перадусім рэжымнікам. А пакуль тэкст у вольным доступе ў сеціве можна прачытаць па-французску ці па-руску.
Арыгінальнасць назвы эсэ і асноўнага паслання Ля Баэсі заключаецца ў тым, каб паказаць што насуперак агульнаму ўяўленню аб тым, што нявольніцтва звычайна з'яўляецца прымусовым, яно, у існасці, ёсць цалкам добраахвотным. Французскі гуманіст здзіўляецца, як можна ўявіць сабе невялікую колькасць людзей, якія прымушаюць усіх астатніх грамадзян падпарадкоўвацца так па-рабску цягам дзесяцігоддзяў? Насамрэч любая ўлада, нават калі яна ўпершыню навязваецца сілай зброі, не можа ўстойліва панаваць і эксплуатаваць грамадства без актыўнай ці пасіўнай падтрымкі саміх чальцоў грамадства. Для Ля Баэсі тыранія грунтуецца не на рэпрэсіях, а на добраахвотным адмаўленні грамадзян ад свабоды.
Цікава і тое, што пісьменнік факусуецца не на тыранах, а на людзях, пазбаўленых свабоды. І ён ставіць трапяткое пытанне: як можа быць, што «столькі людзей, столькі мястэчак і местаў, столькі нацый часам пераносяць адзінага тырана, які не мае ўлады, акрамя той, якую яны самі ўсе яму даюць?»
У тэксце 16 ст. ёсць важны напамін чалавецтву 21 ст.: тыранія не існуе вечна — гэта часовы, хоць і ўніверсальны прадукт, існаваў момант, калі тыран захапіў уладу ці людзі дазволілі падпарадкаваць сябе тырану. Ля Баэсі цікавіцца, «якое ж няшчасце надарылася, што магло так перакруціць чалавека, які нарадзіўся і жыў свабодным, і прымусіла яго страціць памяць пра сваё першае быццё?»
Васямнаццацігадовы мысляр 16 ст. быў перакананы, што ў абсалютнай большасці выпадкаў не сам тыран забірае свабоду ў людзей, а самі людзі адмаўляюцца ад яе і аддаюць яе тырану. Толькі нявольніцтва чалавека дазваляе тырану заставацца ва ўладзе, падпарадкаванасць — абавязковая ўмова гвалту, які ўчыняе тыран.
Пісьменнік-гуманіст прапануе тры прычыны, па якіх людзі пагаджаюцца на добраахвотнае нявольніцтва. Першая апісвае многія гістарычныя прыклады, у тым ліку і сучасны беларускі: нараджэнне ў няволі, звычка жыць падпарадкаваным ад няведання іншага досведу. Ля Баэсі апісвае ў сваёй прамове: «Людзі, народжаныя пад ярмом, выхаваныя ў прыгоне, задаволеныя тым, як жывуць, бо не ведаюць іншых даброт і правоў; яны прымаюць за натуральны свой уласны стан».
Другая прычына дабравольнага нявольніцтва людзей палягае ў тым, што пры тыранах людзі становяцца «баязлівымі і млявымі». Пакорлівыя людзі не маюць ні палымянасці, ні адвагі для змагання. Яны змагаюцца не за нейкую справу, не за сваю свабоду, а з абавязку і прымусу. Бо імкненне да перамогі ў іх адабрана. Тыраны спрабуюць стымуляваць гэтую баязлівасць і трымаць людзей дурнямі, прапануючы ім «хлеб ды відовішчы».
Зрэшты, апошняя прычына, несумненна, самая важная, бо яна адкрывае нам галоўную спружыну і сакрэт падпарадкавання, «падтрымку і аснову ўсёй тыраніі». Тырана падтрымліваюць некалькі верных людзей, якія падпарадкоўваюць яму ўсю краіну. Тыран заклікае іх быць «саўдзельнікамі яго жорсткасці» і набліжае іх да сябе, каб мець магчымасць маніпуляваць імі. Такім парадкам, усе становяцца неад'емнай часткай тыраніі, усе ператвараюцца ў тыранаў — так выбудоўваецца піраміда тыраніі, вядомая ў нас як «вертыкаль улады».
Каб пакласці канец падпарадкаванню, французскі гуманіст прапануе адначасова лёгкі і складаны, пры гэтым усім даступны сродак: «Адважцеся не служыць (уладзе) — і вы будзеце вольны». То-бок трэба адмовіцца ад звычкі падпарадкавання і маўклівага апраўдання ўласнага нявольніцтва.

 Пакой дома ў Сарля (Дардонь), дзе жыў гуманіст. Цяпер там музей, а пакой перарабілі для інсталяцыяй

 Пакой дома ў Сарля (Дардонь), дзе жыў гуманіст. Цяпер там музей, а пакой перарабілі для інсталяцыяй

Чалавек, які ведае свабоду, адмаўляецца ад яе толькі тады, калі абмежаваны і вымушаны. Але тыя, хто ніколі не ведаў свабоды, «служаць без шкадавання і ахвотна робяць тое, што іх бацькі зрабілі б толькі пад прымусам». Людзі ахвотна падпарадкоўваюцца тыраніі, бо яны нарадзіліся і выраслі прыгоннымі і ніколі нічога акрамя тыраніі не ведалі: «Чалавек ніколі не шкадуе таго, чаго ніколі не меў».

 Адна з інсталяцый якраз прысвечаная Эт'ену дэ Ля Баэсі і яго тэксту: сцены пакойчыка распісаныя з эсэ «Прамова пра дабравольнае нявольніцтва».

 Адна з інсталяцый якраз прысвечаная Эт'ену дэ Ля Баэсі і яго тэксту: сцены пакойчыка распісаныя з эсэ «Прамова пра дабравольнае нявольніцтва».

Эсэ Эт’ена дэ Ля Баэсі шмат стагоддзяў хавалі ад чытача ў Францыі, Еўропе — нават пільны ахоўнік французскага абсалютызму кардынал Рышэльё пажадаўшы аднойчы прачытаць крамольны тэкст, з цяжкасцю знайшоў адзін асобнічак эсэ, схаваны, падшыты ў іншую кнігу, у аднаго смелага парыжскага букініста. Дасюль твор малавядомы ў нашым рэгіёне, рускамоўная версія кнігі, як бачыў я, пыліцца ў некаторых бібліятэках Беларусі, а аднойчы я бачыў яе ў букіністычным аддзеле адной з мінскіх кнігарняў.
Мажліва, чалавецтва ў 21 ст. стала менш чытаць, мажліва, сучасны чалавек скептычна ставіцца да кнігі і яе ўплыву на палітыку, на грамадства, мажліва… Толькі сучасная тыранія ўсё яшчэ цікавіцца ўплывам літаратуры на абывацеля, кантралюе, цэнзуруе і падбірае чытанку для сваіх грамадзян, дазваляе прадаваць правераныя кнігі, часопісы і газеты і выкідае небяспечную для сябе літаратуру з шапікаў, кнігарняў, каталогаў, каналаў распаўсюду. Балазе, сучаснай тыраніі часта не хапае ведаў і розуму, і на паліцах кнігарняў, бібліятэк усё яшчэ красуюцца кнігі, якія абавязкова зменяць нас. Трэба толькі пакорпацца ва ўласнай бібліятэцы, зазірнуць у бібліятэкі, размешчаныя ў сеціве і, зрэшты, як раіў Эт’ен дэ Ля Баэсі, трэба проста адважыцца не служыць уладзе…