Памяці Раві Шанкара

  У клініцы Сан-Дыега 11 снежня 2012 года на 92 годзе жыцця памёр выдатны сітарыст-імправізатар Раві Шанкар.   



ravi_shankar_2009_crop.jpg

Шанкар зрабіўся першым музыкам ХХ стагоддзя, які перакінуў масток паміж усходняй і заходняй культурамі. Невыпадкова славуты “бітл Джордж Харысан, як адзначае сёння брытанская “Guardian, называў яго “хросным бацькам музыкі свету.
Названы ў “Кнізе рэкордаў Гінэса уладальнікам самай працяглай прафесійнай міжнароднай кар’еры ў свеце, Шанкар яшчэ ў 2002 годзе атрымаў свой апошні Грэмі за альбом Full Circle / Канцэрт у Карнегі-холе (2000 год). А далучацца да прапаганды класічнай індыйскай музыкі – а таксама танца – ён пачаў, цяжка ўявіць, яшчэ праз індыйскі праект знакамітай балерыны Ганны Паўлавай, здзейснены ёю разам са старэйшым братам Раві Удаем на мяжы 1930-1931 гадоў у Парыжы. З яго ўзнікла трупа Удая Шанкара, якая падчас еўрапейскіх гастроляў танчыла ў суправаджэнні дзясяткаў індыйскіх інструментаў – сітара, сарангі, сароду і духавых. Тады Раві пазнаёміўся з еўрапейскай культурай і здзейсніўся як сітарыст. Памятаеце, вакол гісторыі з “чароўным сітарам круціцца апавяданне ў гучным фільме “Мулен Руж (2002 год), які адрадзіў на пачатку ХХІ стагоддзя жанр мюзікла ў кінематографе? Чароўны сітар Шанкара, у сваю чаргу, упрыгожыў музыку шматлікіх калектываў у свеце, ад класічных да сучасных, новай гукавай палітрай са скарбонкі старой індыйскай культуры.
Запал да традыцыйнай музыкі Індыі Шанкара пачаўся ў яго родным горадзе Бенарэсе (Варанасі), свяшчэнным месцы індуістаў, калі ён упершыню пачуў ведычныя спевы, і быў падтрыманы бацькам, даследчыкам санскрыта. Вывучаючы выканаўчае майстэрства ад прадстаўнікоў дынастыі, што цягнулася ад прыдворных майстроў імператараў Вялікіх Маголаў ХІХ стагоддзя, Шанкар увасабляў чароўную поліфанію індыйскай спадчыны ў свае творы для новага нацыянальнага кіно і балета ў 1940-я. У тым ліку ў 1946-1947 гады для балета “Адкрыццё Індыі па аднайменнай кнізе Джавахарлала Неру. 
Свой уплыў на заходні музычны свет магічны сітар Шанкара здзейсніў найперш дзякуючы шчасліваму знаёмству ў Англіі ў 1966 годзе Раві з Джорджам Харысанам, калі Раві ўжо некалькі год займаўся эксперыментамі ў імправізацыйным спалучэнні джазавай і класічнай індыйскай музыкі. (гл.: http://www.guardian.co.uk/music/video/2012/dec/12/ravi-shankar-india-sitar-dies-video). У той жа год Харысан прайшоў ў Індыі паглыблены курс выканання на сітары, захапіўшыся культурай краіны і рухам Крышна. Крышнаіцкія тэмы і гучанне сітара выкарыстаны ў лепшых постбітлоўскіх альбомах Харысана: All Things Must Pass (1970 год) і Living in the Material World (1973 год). Песню з апошняга “Gowinda можна паслухаць тут http://www.youtube.com/watch?v=B46rjU_q_cM
Пазней былі выступ Раві Шанкара на культавым фестывалі заходняй музыкі ў ЗША Вудсток (1969 год), яго ўдзел у першым у свеце буйным дабрачынным праекце, арганізаваным Харысанам – “Канцэрце для Бангладэш у Нью-Ёркскім Мэдысан Сквер Гардэне ў 1971 годзе. 
Прыйшло сусветная прызнанне: Шанкар тройчы атрымліваў Грэмі, яго абралі сябрам Амерыканскай акадэміі музыкі і мастацтва, ён зблізіўся і запісаў тры альбомы з Іегудзі Менухінам. Няшмат у свеце музыкаў, якія, пераадольваючы разрывы геаграфічных адлегласцяў, культур, расаў і пакаленняў, маглі быць блізкія і “Бітлз, і класіцы Менухіна. Музычная школа Шанкара з 1970-х працавала адначасова ў Лос-Анджэлесе і Бамбеі. Затым, як увасабленне мары маэстра пра навучанне класічнай індыйскай музыцы, у Нью-Дэлі ўзнік Інстытут музыкі і выканаўчага майстэрства Раві Шанкара.
Чароўны талент Шанкара не перасёкся і ў сям’і: густоўна адукаваная ім дачка ад другога шлюбу Анушка – вядомы ў ЗША кампазітар і сітарыст.