Перліны выставы “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”: “Ева” Хаіма Суціна

“Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” — менавіта такую назву носіць буйнамаштабная экспазіцыя, якая адкрыецца 26 сакавіка і будзе працаваць да ліпеня 2014 года. 



small_soutine_eva2.jpg

Ужо цяпер гэту падзею можна без перабольшання назваць унікальнай: пад адным дахам збяруць у літаральным сэнсе дзесяць стагоддзяў айчыннага мастацтва. Сярод шматлікіх экспанатаў, якія ўпершыню будуць прадстаўлены ўвазе шырокай публікі, адзін варта адзначыць асабліва.

На выстаўцы “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, якую прадстаўляе Белгазпрамбанк, упершыню будзе дэманстравацца карціна Хаіма Суціна “Ева”, набытая Белгазпрамбанкам на аўкцыёне Sotheby’s.

Варта нагадаць, што ў Беларусі, на гістарычнай радзіме Суціна, аж да 2012 года не было ні адной яго карціны. У 2012 годзе Белгазпрамбанк набыў яго працу “Вялікія лугі ў Шартры”, якую можна было ўбачыць у рамках арт-праекта “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”. Яшчэ адным каштоўным набыццём стала карціна Хаіма Суціна “Ева”, напісаная ў 1928 годзе. Хаім Суцін па праву з’яўляецца адным з найвялікшых майстроў выяўленчага мастацтва. Яго партрэты розных гадоў аб’ядноўвае імкненне разгадаць таямніцу персанажа, перадаць яго псіхалагічны стан у нялёгкія моманты глыбокага роздуму, адчаю, пакут душы. Партрэт “Ева” прыцягвае, зачароўвае сваёй энергетыкай. Мы адчуваем на сабе пранізлівы, загадкавы позірк гераіні.

Што ў гэтай працы і, калі браць у цэлым, асобе Суціна? Гэта пытанне і сёння не пакідае ў спакоі ні мастацтвазнаўцаў, ні наведвальнікаў аўкцыёнаў, ні звычайную публіку. Вось што адказвае куратар выстаўкі “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” Уладзімір Шчасны:

— Суцін быў, у першую чаргу, каларыстам. Галоўная каштоўнасць яго работ — гэта колеры, якія ён выкарыстоўваў для адлюстравання прыроды альбо людзей. Таму для Белгазпрамбанка вельмі важна было набыць пасля “Вялікіх лугоў у Шартры” партрэт, бо Суцін яшчэ вядомы і як партрэтыст. Было вялікай удачай знайсці такі значны яго твор на аўкцыёне ў наш час, таму што цяпер такія працы прадаюцца за велізарныя грошы. Трэба сказаць, што гонар любога музея — мець у сваёй экспазіцыі працу Суціна, тым больш яго партрэт. Як вядома, на постсавецкай прасторы ёсць толькі адна праца Суціна, яго аўтапартрэт (цяпер у Эрмітажы), і набыццё новай карціны павысіла ўзровень карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка.

У 1912 годзе Хаім Суцін прыехаў у Парыж зусім невядомым юнаком з беларускай глыбінкі, але ўжо праз 10–12 гадоў яго працы пачалі купляць. У перыяд 1922–1925 гадоў ён становіцца вядомым.

Акрамя таго, што “Ева”, бадай, самая дарагая карціна ў Рэспубліцы Беларусь, яна цікавая тым, што належыць лепшаму перыяду творчасці Суціна. У 1928 годзе ён знаходзіцца ў зеніце сваёй славы.

Распавядае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Надзея Усава:

— Карціна вельмі прыгожая і ледзь не самая рэалістычная з усіх яго партрэтных твораў. Тут няма той узбударажанасці палітры, таго экспрэсіянізму, які ўласцівы многім партрэтам Суціна. Тут ёсць спакойная гармонія, якая сведчыць аб тым, што ў гэты перыяд жыцця мастак знаходзіўся ў поўнай згодзе з самім сабой. Таму на гэты твор будзе цікава паглядзець не толькі спецыялістам, якія ўжо бачылі Суціна на мінскай выстаўцы “Мастакі Парыжскай школы”, але і шырокаму гледачу. Як вядома, Суцін — рэдкі мастак у нашых краях. І з’яўленне новай карціны ў Беларусі — гэта выдатна! Гэта выклікае цікавасць да нас буйнейшых музеяў — не толькі былога СНД, але і Еўрасаюза — у якасці важкай падставы для выставачнага абмену.

Сярод іншых экспанатаў на выстаўцы “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” гледачы ўпершыню ўбачаць новыя набыткі Белгазпрамбанка — кнігу Сімяона Полацкага “Жазло праўлення” 1667 года выдання, карціны Марка Шагала, створаныя ў перыяд росквіту творчасці гэтага вялікага мастака, а таксама працу нашага славутага суайчынніка Валенція Ваньковіча “Партрэт паэта Тамаша Зана”.

artmuseum.by