Песні Міколы Гайдука

Ніхто з беларусаў Беласточчыны так не любіў беларускі фальклор, як Мікола Гайдук (1931–1998). Вынікам гэтай любові стаў выдатны дыск песень Беласточчыны, які выйшаў у Крынках.



dysk_hajduk.jpg

На дыску з назвай «Песні мае, песні…» запісана 22 народныя песні ў выкананні дуэта «Зараніца» ў складзе Іаанны Чабан і Галены Пухальскай.

Калі мая 83-гадовая маці праслухала гэты дыск, сказала: «Уключы яшчэ раз паслухаць «Зялёны дубочак», «Рабіначку» і «Пасеяла агурочкі» — гэта песні маёй маладосці». І я зноў уключаў ёй дыск, а мама ўважліва слухала галасістых салістак, якія прыгожа спявалі песні Міколы Гайдука, і нібыта сама падпявала. Мама слухала, і на вачах у яе з’явіліся слёзы…

Толькі за запісы беларускага фальклору на Беласточчыне, па прапагандзе яго ў друку, Міколу Гайдуку трэба было пры жыцці даваць званне Народнага пісьменніка Беларусі. Дзіву даюся, калі ён паспяваў усё рабіць: збіраць, запісваць, апрацоўваць, друкавацца. Пагартайце тыднёвік «Ніва» за 1960–1980-я гады ці «Беларускі каляндар» за тыя ж гады, і вы ўпэўніцеся ў тым, як працаваў Мікола Гайдук і як трэба нам працаваць сёння на ніве беларускага фальклору, тым больш, што яшчэ жывуць беларусы канца 1920-х — пачатку 1930-х гадоў нараджэння, якія ведаюць народныя песні, прымаўкі, загадкі, легенды, паданні, казкі.

Гэта мы цяпер мала ведаем і рэдка спяваем нашы народныя беларускія песні. А Мікола Гайдук іх ведаў шмат. Ён апублікаваў больш за 700 сваіх запісаў беларускіх народных песень з нотамі (іх расшыфроўвалі Людміла Панько, Сяргей Лукашук, Эдуард Гойлік, Ян Бондар і іншыя кампазітары). Ён сабраў і апрацаваў зборнік казак і легенд «Аб чым шуміць Белавежская пушча» (Беласток, 1982). На польскай мове выдаў «Белавежскія паданні» (Беласток, 1990), на беларускай мове — кніжку легенд і паданняў «Белавежскія былі і небыліцы» (Мн., 1996). Са сваіх запісаў Мікола Гайдук уклаў том беларускай народнай творчасці (больш за 600 тэкстаў) «Песні Беласточчыны» (Мн., 1997), іх сістэматызаваў, напісаў уступны тэкст і каментар.

У той том увайшлі песні калядныя, шчадроўкі, юраўскія, траецкія, купальскія, пятроўскія, жніўныя, восеньскія, хрэсьбінныя, застольныя, жартоўныя, вясельныя (сватанне, запоіны, каравай, дзявочы вечар, пасад, сірочыя, прыпеўкі, пярэзвы) і іншыя. Змешчаны там таксама песні рэкруцкія, казацкія, чумацкія, любоўныя, сямейна-бытавыя, балады, гістарычныя і іншыя. Да шматлікіх тэкстаў дадаюцца ноты. Фальклорныя запісы Міколы Гайдука ўвайшлі таксама ў тамы беларускай народнай творчасці «Балады» (Мн., 1977–1978) «Легенды і паданні» (Мн., 1983), «Вяселле. Песні» (Мн., 1986–1988).

Гартаю тыднёвік «Ніва» і чытаю даследчыя артыкулы Міколы Гайдука, прысвечаныя беларускім народным песням: «Вясна ў беларускіх народных песнях Беласточчыны» (1963, 4 красавіка), «Каляды ў народных песнях Беласточчыны» (1965, 7 студзеня), «Дажынкі ў фальклоры» (1971, 15 жніўня) і г.д. А ў «Беларускім календары» — артыкулы за артыкуламі па даследаванню беларускіх народных песень. У «Беларускім календары» за 1987 год чытаю артыкул «Песні тых часоў» пра Веру і Уладзіміра Хомікаў са Слоі, пра іх лёс і любоў да народнай песні. Ад Уладзіміра Хоміка Мікола Гайдук запісвае песні, з якімі той «ідзе праз усё працавітае і руплівае жыццё». А мелодыі песень расшыфроўвае былы дырэктар Бельскага дома культуры Сяргей Лукашук. Вось як гучыць першая страфа з песні «Вялікодная»:

Вясёлы дзень паном настаў —

Пірог з гусём з пячы дастаў,

Вясёлы дзень,

Вясёлы дзень!..

А ў «Беларускім календары–1981» Мікола Гайдук у матэрыяле «Поколь сонце зыйдэ…» распавядае пра дзвюх жанчын з вёскі Мікулічы, што ў Мілейчыцкай гміне, — пра Ніну Такаюк і Яўгенню Вішэнка. Ад іх фалькларыст запісвае ў 1979 годзе вязанку песень. А мелодыю рысшыфроўвае Ян Бондар. Гэта некалькі балад, жартоўных, вясельных, жніўных песень. Адна з балад пачынаецца жартаўліва:

Ой, умру я, умру та й буду дывытысь,

Чы будэ мой мілы по мніе шчэ й журытысь.

Мілы зажурыўся — шчэ й сіеў, подголіўся:

Коб тую сховаты, хутчэй бы жыныўся!..

 

І калі Міколам Гайдуком пры жыцці было запісана больш за 700 беларускіх народных песень з нотамі, а на дыску «Песні мае, песні…» змешчана толькі 22, то неабходна яшчэ выпускаць каля 30–35 дыскаў з песнямі Міколы Гайдука. А гэта будзе цэлая фанатэка і адначасова памяць пра беларуса з Беласточчыны. Тым больш, што добры пачатак ужо зроблены.