Прэзентацыя кнігі Рыгора Барадуліна “Вушацкі словазбор”

15 лістапада ў перапоўненым невялічкім памяшканні мінскай кнігарні “ЛогвінаЎ” адбылася прэзентацыя новай кнігі Рыгора Барадуліна “Вушацкі словазбор”, якая стала 47-м выпускам серыі “Кнігарня пісьменніка” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.



vushack_slovazbor_2_logo.jpg

“Вушацкі словазбор” — спроба сабраць  за адным бяседным сталом хоць крышачку непераўзыдзенага шматгалосся роднае мне зямлі, шматгалосся, якое, на жаль, пачынае глухнуць”, — піша Рыгор Іванавіч ва ўступным слове да кнігі, прысвечанай “Светлае памяці мамы Куліны”. Нездарма на вокладцы змешчанае фота беларускай вёскі — народны паэт Беларусі склаў не проста слоўнік адметнай лексікі Вушаччыны, ён імкнуўся перадаць “паганскія карані і біблейскае неба”, “чысціню бачання свету”, галасы “мамы Куліны, крэўных і блізкіх”.

vushack_slovazbor_3_logo.jpg

Выступ Уладзіміра Някляева

Аўтар прадмовы да выдання Уладзімір Някляеў назваў свайго сябра Рыгора Барадуліна не толькі “найпершым” сярод сённяшніх беларускіх літаратараў, але і “найвыбітнай наймаштабнай постаццю ў беларускай сучаснасці, бо ні ў якай іншай галіне дзейнасці — ні ў тэхніцы, ні ў навуцы, а тым больш ні ва ўпарадкаванні нашай маладой дзяржавы ніхто не дасягнуў такіх поспехаў праз тое, што ён робіць, якіх дасягнуў Рыгор Барадулін праз тое, што ён робіць у паэзіі”. “Але нават гэтай вышыні Барадуліну было мала, і ён, па-мойму, узяў вышыню яшчэ большую вось гэтай кнігай “Вушацкі словазбор”. Гэта ўнікальная кніга, і ён сам разумее, што яна ўнікальная”, — падкрэсліў Някляеў. На ягоную думку, “калі б мы будавалі нашу дзяржаву па тых законах, па якіх збудаваная наша мова і па якіх будуе сваю паэзію Рыгор Барадулін, у нас была б ідэальнай дзяржава”.

Паколькі Беларуская служба Радыё Свабода арганізавала трансляцыю прэзентацыі кнігі Рыгора Барадуліна, якую ён мог пабачыць, Някляеў прапанаваў гучна павітаць народнага паэта Беларусі, павіншаваць яго з новай кнігай і пажадаць яму моцнага здароўя.

vushack_slovazbor_4_logo.jpg

Выступ  Наталлі Давыдзенкі 

Укладальніца кнігі Наталля Давыдзенка адзначыла, што яшчэ недзе 60 гадоў таму Рыгор Барадулін пачаў весці нататнікі, якіх цягам часу назбіраліся сотні, з запісамі найбольш цікавых беларускіх словаў і выказванняў, прыказак і прымавак. Паводле яе слоў, праца па падрыхтоўцы да выдання “Вушацкага словазбору” ішла каля двух апошніх гадоў. “І ўвесь гэты час паэт вельмі сумаваў, што не зрабіў галоўнае — не выдаў народныя скарбы, якія трэба захаваць”, — сказала Наталля Давыдзенка. Яна назвала кнігу “абсалютна бясцэнным творам”, якім немажліва “начытацца”, бо “ў ім усё — і горыч жыцця, і радасць, і мудрасць, і салёнасць, і высокая паэзія”.

vushack_slovazbor_5_logo.jpg

Генадзь Бураўкін

Паводле слоў сябры Барадуліна Генадзя Бураўкіна, як немажліва ўявіць беларускую мову без Рыгора Барадуліна, так і яго без беларускай мовы. Бураўкін назваў “Вушацкі словазбор” “падарункам” для ягонай творчай душы, бо ад “кніжкі цяжка адарвацца, але трэбы піць глыткамі, як крынічную ваду і добрую самагонку”. “Гэтая кніжка важная не толькі для Барадуліна, для сённяшняга дня, але і намнога далей. У гэтай кніжцы, можа быць, адгадка Барадуліна. Некалі геніяльна сказаў Міхась Стральцоў пра загадку Багдановіча. Я думаю, што ёсць і загадка Барадуліна. Як гэта так можна ўбачыць, адчуць і вось так выказаць? Вось у гэтай кнізе, калі не ўся, то вялікая частка разгадкі Барадуліна. Бо ў гэтай кніжкі аўтара два — Рыгор Барадулін і беларускі народ з яго ўсёй гісторыяй, бедамі, жартамі, скаргамі, жальбамі і ціхай замілаванасцю”, — падкрэсліў Генадзь Бураўкін.   

На вечарыне можна было набыць кнігу з аўтографам аўтара.