Прэзентацыя кніжак з серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры»

Вечарам 5 студзеня прэзентацыя кніжак адбылася ў Мінску. Грамадскае аб’яднанне «Інстытут беларускай гісторыі і культуры» (Рыга, Латвія) сумесна з мінскім выдавецтвам «Харвест» выдалі пяць чарговых ілюстраваных 64-старонкавых кніжак па 1 500 паасобнікаў кожная.



taras_prezentacija_5_12_13_logo.jpg

Анатоль Тарас

Выданні прысвечаныя Яну Чачоту (1796–1847) — паэту, публіцысту, фалькларысту, краязнаўцу, сябру легендарнага Таварыства філаматаў, які адным з першых пачаў руйнаваць міф пра «беднасць і немілагучнасць» беларускай мовы; Уладзіславу Сыракомлі (Людвіку Кандратовічу, 1823–1862) — выдатнаму беларускаму паэту, перакладчыку, крытыку, фалькларысту і краязнаўцу, які пісаў па-беларуску і па-польску, абапіраючыся на вераванні, звычаі і народную паэзію; Вацлаву Ластоўскаму (1883–1938) — гісторыку, філолагу, літаратуразнаўцы, пісьменніку, публіцысту, грамадска-палітычнаму дзеячу, аднаму з першых акадэмікаў БССР, аўтару першай «Гісторыі Беларусі», рэдактару-выдаўцу часопіса «Крывіч», стваральніку фундаментальнай «Гісторыі беларускай кнігі»; Ігнату Канчэўскаму (Ігнату Абдзіраловічу, 1896–1923) — выбітнаму дзеячу беларускага нацыянальнага адраджэння, аўтару вядомага эсэ «Адвечным шляхам. Даследзіны беларускага светагляду» (1921), якое дагэтуль не згубіла актуальнасці, уражвае арыгінальнасцю думак і трапнасцю фармулёвак, з’яўляецца ключом да разумення ментальнасці беларусаў; Міхаілу Пташуку (1943–2002) — кінарэжысёру, заслужанаму дзеячу мастацтваў, народнаму артысту і лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі, з імем якога звязана цэлая эпоха ў айчынным кіно: экранізаваў творы Васіля Быкава «Знак бяды», Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» і Івана Шамякіна «Вазьму твой боль», гучны поспех мела яго карціна «У жніўні 44-га».

Аўтары выданняў, адпаведна, Ірына Шумская, Алесь Марціновіч, Анатоль Тарас, Алесь Мінскі і Алесь Тамковіч.

Як адзначыў навуковы сакратар інстытута, каардынатар і рэдактар серыі, прафесар Анатоль Тарас, на сённяшні дзень у серыі выйшла 15 кніжак і рыхтуюцца да выдання чарговыя. Акрамя таго, паводле ягоных словаў, у другой серыі інстытута «Невядомая гісторыя» рыхтуюцца да друку кніга славутага гісторыка-эмігранта Вацлава Пануцэвіча «Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы», кніжкі Вітаўта Чаропкі «Радзівілы-пераможцы: Геркулес Руды і Пярун» і  «Героі паўстання 1863 года», Іллі Копыла «Нябышына: вайна вачыма падлетка», кніга самога Анатоля Тараса «Паміж Полацакам, Наваградкам і Вільняй», а таксама кароткія гісторыі беларускага жывапісу, тэатра, архітэктуры, мастацкай літаратуры і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.   

Паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін падкрэсліў, што паколькі беларуская дзяржава не з’яўляецца нацыянальнай, выключна важную ролю ў грамадстве адыгрывае нацыянальная інтэлігенцыя, якая павінна на роднай мове несці ў народ веды па айчыннай гісторыі. «На  жаль, не ўсе прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі разумеюць сваю адказнасць перад народам і будучыняй так, як яе разумее Анатоль Тарас», — сказаў Генадзь Бураўкін.

Старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», гісторык і грамадска-палітычны дзеяч Алег Трусаў адзначыў, што хаця Анатоль Тарас пачынаў сваю дзейнасць з выключна рускамоўных выданняў, але затым выдаў шмат кніг па-беларуску, сам стаў пісаць і гаварыць на беларускай мове. «І такі лёс чакае ўсіх», — падкрэсліў Алег Трусаў.