«Прыйшоў Пятрок – апаў лісток». Народны каляндар беларусаў на ліпень

Калі беларусы адзначалі дзень жніва, у які дзень дзяўчаты кумаваліся і што значыць гэты звычай — адказы на гэтыя пытанні знойдзем у народным календары беларусаў на ліпень.

vgqk8ko5335ifeejzi9qphu9ywjbfm5a.jpg

Ліпень — самы цёплы месяц. Цвітуць ліпы, паспяваюць ягады, з’яўляюцца першыя грыбы. Для нашых продкаў гэта быў час падрыхтоўкі да жніва, нарыхтоўкі сена. Ён быў «спакайнейшым» за чэрвень, але таксама меў свае адметныя дні. Вось пра іх мы і пагаворым.
Культурныя адметнасці кожнага народа праяўляюцца ў розных сферах жыцця. Бадай, найбольш яскравыя іх праявы можна назіраць праз народны каляндар: тут і рытуальныя дзеянні, якія паказваюць асноўныя заняткі, і традыцыйная вопратка, і адметнасці кухні, і праявы грамадскіх і роднасных стасункаў… І ўсё гэта грунтуецца на каштоўнасцях і глыбіннай карціне свету таго ці іншага народа.
Народны каляндар беларусаў, багаты і цікавы – прымеркаваны да руху нябесных свяцілаў і цыклаў земляробчых работ, з імі звязаных. Да таго ж, наш каляндар мае свае асаблівасці: амаль усё мы святкуем двойчы – па старым (юльянскім календары) і новым (грыгарыянскім календары) стылі – з прыкладнай розніцай у 2 тыдні
1 (па новым стылі) і 14 (па старым стылі) ліпеня — Кузьма і Дзям’ян.
Гэтыя святыя лічыліся апекунамі сенакосу і дарадцамі ў падрыхтоўцы да жніва. А па легендзе Кузьма і Дзям’ян — кавалі. Таму 1 (14) ліпеня лічылася святам кавалёў — у кузнях не працавалі.
Шанавалі святых і маладыя дзяўчаты. Звярталіся да іх, каб Кузьма і Дзям’ян «скавалі» моцную ды шчаслівую сям’ю.
5 (па новым стылі) і 18 (па старым стылі) ліпеня — свята Месяца.
Этнограф Адам Кіркор адзначае, што гэты дзень цесна звязаны з культам Вялеса — апекуна свойскай жывёлы, уладара падземных скарбаў.
Лічыцца, што культ Месяца значна старэйшы за сонечны. Назіранні за гэтым нябесным свяцілам парадзілі саму ідэю каляндарнай сістэмы. У фальклоры Месяц супрацьпастаўляецца Сонцу. Яго зменлівасць (квадры), па павер’ях нашых продкаў, — гэта пакаранне за гультаяватасць.
З іншага боку, Сонца і Месяц — ідэальная нябесная пара. А розныя квадры Месяца — зноў жа пакаранне. Ужо за здраду Сонцу. Быццам Месяц у пэўны час заляцаўся да зоркі Венеры.
Хоць Месяц і шанавалі, да яго святла ставіліся негатыўна. Некаторыя хваробы дзяцей тлумачыліся тым, што на іх патрапіла святло Месяца. Гэтай жа прычынай тлумачылася і бясплоднасць жанчын.
8 (па новым стылі) і 21 (па старым стылі) ліпеня — Градавы дзень.
У гэты дзень засцерагаліся ад граду. А таксама маліліся ад хвароб вачэй і галавы.
12 (па старым стылі) ліпеня — Пятрок (Пятроў дзень).
Заканчэнне купальскіх святаў. Пасля гэтага дня лета ідзе на спад: «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток». Увечары моладзь збіралася ля вогнішча, спявала пятроўскія песні.
Ва ўсходняй Беларусі на Пятра сярод дзяўчат быў звычай кумавацца. Трэба было абмяняцца са сваёй сяброўкай завушніцамі, хусткай, пярсцёнкамі. Ад гэтага моманту да наступнага Пятрова дня сяброўкі лічыліся кумамі і не мелі права сварыцца, а мусілі падтрымліваць і дапамагаць адна адной.
19 (па новым стылі) ліпеня — Макрыны (Макрэня, Макрыдка).
Прысвятак — не святочны дзень у гонар гістарычнай ці духоўнай асобы. На Макрыны «варажылі» на будучую восень: «Глядзі восень па Макрыне». Асацыяваўся дзень з макрэчай, ужо не па-летняму зацяжнымі дажджамі.
20 (па новым стылі) ліпеня — Ілля.
Хрысціянскі святы, які ўвабраў у сябе рысы язычніцкага Перуна. Лічыўся абаронцай ад нячыстай сілы. Лічылася, што Ілля заканчвае лета і пачынае восень. Пасля гэтага дня ўжо нельга было купацца ў вадаёмах: «Прыйшоў Ілля, накідаў гнілля». На Іллю заканчвалі касавіцу, усёй грамадой хадзілі касіць удовам. Пачыналася жніво.
22 (па новым стылі) ліпеня — Мар’я (Магдалена).
Таксама прысвятак. У гонар хрысціянскай міраносіцы Марыі Магдаліны. Гэты дзень быў прысвечаны жаночым клопатам пра ўраджай. Жанчыны і дзяўчаты выходзілі ў поле, жалі пад меладычныя, працяглыя песні. Таксама па надвор’і ў гэты дзень прадказвалі, якая будзе зіма: калі халодны туман доўга не раставаў, то чакалі раннюю і марозную зіму.
«Мар’інымі Горкамі» называюць культавыя ўзгоркі блізу Смілавічаў і Пухавічаў. А каля вёскі Пярэжыр раней ляжаў валун Мар’я. У яго прасілі даць добры ўраджай, указаць нарачонага, дапамагчы пры хваробе.
25 (па новым стылі) ліпеня — Ганна.
Яшчэ адзін прысвятак. Ганну ўяўлялі дбайнай гаспадыняй і руплівай жняёй.
27 (па новым стылі) ліпеня — Палікоп (Панцялей): дзень жніва.
Раней стараліся не працаваць у гэты дзень на полі, бо лічылася, што наляціць хмара і маланка спаліць сабраныя копы. І яшчэ казалі так: «Хто на Панцялея працуе, таму надалей не пашанцуе».
Панцялей (Панцеляймон) на Магілёўшчыне лічыўся лекарам ад галаўнога болю. З гэтага ж дня капуста пачынае звівацца ў качаны.
budzma.org