«Менталітэт чыноўнікаў ад культуры яшчэ не гатовы да ўспрымання сучаснага танца»

Раду Паклітару, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны і народны артыст Малдовы, кіраўнік і галоўны балетмайстар Акадэмічнага тэатра «Кіеў мадэрн-балет», у Беларусі амаль што свой. У 1991 – 2001 гадах ён працаваў у трупе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў Мінску, скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці «балетмайстар» (курс народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева), і менавіта на беларускай сцэне дэбютаваў як харэограф.

Раду Паклітару. Фота прадастаўлена тэатрам «Кіеў мадэрн-балет»

Раду Паклітару. Фота прадастаўлена тэатрам «Кіеў мадэрн-балет»

Пасля ад’езду з краіны Паклітару захаваў творчыя сувязі з Беларуссю. Яго пастаноўкі ў 2000-х гадах ішлі ў Вялікім і Музычным тэатрах у Мінску, а спектаклі «Кіеў мадэрн-балета» нярэдка прывозілі на Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC).
Нядаўна «Кіеў мадэрн-балет» і Раду Паклітару зноў завіталі ў Беларусь. На гэты раз у рамках праекта Балетнае лета ў Вялікім.
— Раду Вітальевіч, пэўная частка вашага жыцця звязана з Беларуссю. Ці можаце сказаць, што работа ў Вялікім тэатры ў Мінску, работа з Валянцінам Елізар’евым нейкім чынам паўплывала на вас?
— Канечне, паўплывала. Як могуць дзесяць год жыцця не паўплываць? Я зараз не буду спрабаваць ацаніць ступень, бо гэта нагадвае сеанс у псіхааналітыка. Аднак у Вялікі тэатр Беларусі я прыехаў працаваць абсалютна без жыццёвага і творчага досведу, і ўвесь мой вопыт як артыста балета, як выканаўцы, спачатку выключана кардэбалета, а потым асобных сольных партый, заснаваны на тым, што я атрымаў у гэтых сценах. Калі ж мы размаўляем пра прафесію харэографа, то яе я атрымаў з рук Валянціна Мікалаевіча Елізар’ева, калі пяць год вучыўся ў яго ў Акадэміі музыкі. Я быў адным з выпускнікоў яго першага курса, і гэта вельмі прыемна. Тое, што я зараз з’яўляюся харэографам, шмат у чым заслуга Валянціна Мікалаевіча. Больш за тое, магчыма, ён не ведае, але я выкарыстоўваю яго метады падчас выкладання. Зараз я сам вучу маладых харэографаў і нават даю ім заданні, якія некалі даваў нам Елізар’еў. Першыя крокі вельмі важныя, і я карыстаюся напрацоўкамі Валянціна Мікалаевіча. Так што ў яго ўжо ёсць харэаграфічныя ўнукі.
— Вы не першы раз прывозіце спектаклі вашага тэатра ў Беларусь. Частка пастановак, якія паказваліся ў Мінску, напрыклад, «Шчаўкунок» і «Жызэль», — гэта ваш сучасны погляд на балетную класіку. Чым выкліканы інтарэс да класічных балетаў?
— У тэатры «Кіеў мадэрн-балет» ёсць дзве паловы рэпертуару. Першая — узгаданыя вамі «рымейкі» класічных балетаў: «Жызэль», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня», якую мы прывезлі ў гэтым годзе на Балетнае лета. Але ёсць у нас і цалкам аўтарскія работы. Напрыклад, «Жанчыны ў рэ-міноры», іх мы таксама паказвалі ў Беларусі, не ідуць нідзе ў свеце, толькі ў Кіеве і Нацыянальным тэатры ў Бялградзе, на сцэну якога я перанёс свой спектакль. Гэта другі вектар рэпертуару «Кіеў мадэрн-балета», які складаюць спектаклі, што не маюць аналагаў у сусветным балетным тэатры. Суадносяцца ж два вектары прыблізна 50 на 50.
А чым прываблівае класіка і чым яна добрая, дык гэта тым, што класічныя назвы лепш прадаюцца. Давайце будзем шчырымі: нашмат лягчэй прадаць «Шчаўкунка» Чайкоўскага, чым аўтарскі балет на геніяльную музыку не вядомага шырокай публіцы сучаснага кампазітара. Людзі хочуць «Спячую прыгажуню», «Лебядзінае возера», «Кармэн», а мы можам ім гэта прапанаваць. Усё супадае.

Фота з балета «Спячая прыгажуня» прадастаўлены тэатрам «Кіеў мадэрн-балет»
— Аднак вашы пастаноўкі класічных балетаў падаюцца падчас жорсткімі, некалькі іранічнымі ў адносінах да самой класікі. У той жа «Жызэлі» вілісы ператвараюцца ў насельніц бардэля.
— Ніякай іроніі тут няма. Мне здаецца, што як аўтар я маю права па-свойму глядзець на тую ці іншую гісторыю і распавядаць яе так, як лічу патрэбным. Галоўнае — не змяняць сутнасць. Сутнасць той жа «Жызэлі» ў тым, што каханне было падманута, што мы не маем права яму здраджваць. Гэта галоўная ідэя. А тое, дзе адбываецца здрада, на могілках ці ў бардэлі, не важна.

Фота Сяргея Яфанава з балету «Жызэль» прадастаўлена тэатрам «Кіеў мадэрн-балет»

Фота Сяргея Яфанава з балету «Жызэль» прадастаўлена тэатрам «Кіеў мадэрн-балет»

— Тое, што вы робіце, усё ж дастаткова нязвыкла для публікі Опернага тэатра. Па вашых адчуваннях, беларускія гледачы добра ўспрымаюць спектаклі «Кіеў мадэрн-балета»?
— Я спавядаю культ публікі і лічу, што мы не маем права ацэньваць яе ці абмяркоўваць, як зала ўспрымае спектакль. Са свайго боку дакладана ведаю: артысты тэатра «Кіеў мадэрн-балета», гукарэжысёры, мастак па святлу, пастановачная частка, я, педагог-рэпетытар, усе людзі, з працы якіх складаецца спектакль, будуць выконваць сваю работу на 150 адсоткаў для таго, каб гэта быў супер-паказ. Мы ж прымем любое рашэнне публікі. Аднак, мяркуючы па тым, што мы прыязджаем у Беларусь не ў першы раз і на ўваходзе тэатра пакуль няма нашых партрэтаў з надпісам «Не пускаць», усё добра.
— Вашы спектаклі паказвалі ў Беларусі ў рамках Міжнародага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, а вы самі з’яўляліся членам і старшынёй журы IFMC. Як можаце ацаніць узровень сучаснай беларускай харэаграфіі?
— Магу сказаць, што я вельмі шчаслівы, бо памятаю беларускую харэаграфію 1990-х гадоў. Зараз у ёй, у першую чаргу дзякуючы Віцебскаму фестывалю, адбыліся адчувальныя змены. Я здымаю капялюш перад Марынай Раманоўскай (дырэктарка Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. — НЧ.), якая 31 год на чыстым энтузіязме цягне на сабе гэты фестываль, — беспрэцэдэнтная праца. Гэта жанчына за 31 год сфарміравала незвычайную цудоўную з’яву сучаснай беларускай харэаграфіі, якой у прынцыпе ў Беларусі быць не павінна.
— Чаму не?
— Таму што няма перадумоў для гэтага. На дзяржаўным узроўні гэта не падтрымліваецца, гістарычных перадумоў няма, бо гэта не Парыж з гастролямі Айседоры Дункан. Скажам шчыра: мы знаходзімся ў гэтым сэнсе на ўзбочыне Еўропы. І пры гэтым беларуская харэаграфія неверагодна вырасла за апошнія дзесяцігоддзі. У 2018 годзе я быў старшынёй журы ў Віцебску і проста радаваўся, калі бачыў, якія цудоўныя работы паказваюць. Не ўсе, зразумела, але ў мастацтве і не бывае так, каб усё-ўсё было добра. Але вельмі шмат работ высокага, еўрапейскага ўзроўню, і зроблена гэта дзякуючы таму, што ёсць фестываль у Віцебску, дзе могуць раскрывацца таленты.


— Калі ўзровень вырас і ёсць работы, якія ўжо атрымалі прызнанне нават за мяжой, напрыклад «Паветра» Вольгі Лабоўкінай (пастаноўка перамагла на конкурсе маладых харэографаў у межах Міжнароднага фестывалю CONTEXT. Diana Vishneva 2017), чаму сучасную харэграфію да гэтага часу цяжка пабачыць на беларускіх акадэмічных сцэнах?
— Гэта немагчыма, таму што менталітэт чыноўнікаў ад культуры яшчэ не гатовы да ўспрымання сучаснага танца як паўнавартаснага мастацтва, якое мае такое ж права на існаванне, што і акадэмічнае. І гэта постсавецкая гісторыя і мысленне. Якімі б цудоўнымі не былі чыноўнікі, ім усё адно складана ўявіць, што сучасны танец, якім усё прапітана ў еўрапейскіх і лепшых амерыканскіх тэатрах, Марыінскім і Вялікім тэатрах Расіі, можа займаць аднолькавае становішча з класічнай харэаграфіяй.
Канечне, хочацца ўбачыць работы харэографаў кшталту Вольгі Лабоўкінай на акадэмічных сцэнах. Таму давайце проста чакаць і спадзявацца, што побач з акадэмічным, класічным танцам на сцэне Опернага тэатра Беларусі і Музычнага тэатра распусціцца пышнай кветкай сучасная харэаграфія, зусім не перашкаджаючы «Лебядзіным азёрам», «Шчаўкункам» і «Спячым прыгажуням». Бо яны толькі дапамагаюць адно аднаму. Артысты, якія папрацавалі з сучаснай харэаграфіяй, потым лепш танцуюць класіку.

Сцэна з балета «Уверх па рацэ». Фота Сяргея Яфанава прадастаўлена тэатрам «Кіеў мадэрн-балет»

Сцэна з балета «Уверх па рацэ». Фота Сяргея Яфанава прадастаўлена тэатрам «Кіеў мадэрн-балет»

 — А беларускія артысты пры існай сістэме падрыхтоўкі, па вашым меркаванні, гатовыя да работы з сучаснай харэаграфіяй?
— Канечне, яны не багі сучаснай харэаграфіі і з імі трэба працаваць. Гэта зразумела. Зараз я знаходжуся ў працэсе абмеркавання пераноса аднаго з маіх спектакляў на трупу Вялікага тэатра Беларусі і загадзя рыхтуюся да таго, што магу сутыкнуцца з праблемамі, звязанымі з цяжкасцю ўспрымання целамі і розумамі маладых артыстаў балета маёй харэаграфіі. Аднак, праца і рукі — моцныя зарукі.
— Ці можаце падзяліцца сваімі бліжэйшымі творчымі планамі?
— Я ніколі не дзялюся пастановачнымі планамі, бо я маргінальны рэаліст. У нас у «Кіеў мадэрн-балеце» толькі што выйшаў спектакль «Вій» (прэм’ера балета адбылася 20 чэрвеня. — НЧ.), і я пакуль яшчэ знаходжуся ў стане шоку пасля выпуску гэтага вельмі складанага тэхнічна спектакля. З 4 па 9 ліпеня ў нашага тэатра запланаваны вялізарны праект «Лета ў стылі мадэрн»: на сцэне Адэскага опернага тэатра кожны вечар мы будзем паказваць новую праграму з аднаактных і шматактных балетаў. Пасля гэтага мы пойдзем у адпачынак, а з верасня пачнём сваю звычайную працу ў Кіеве і шматлікія турнэ па Украіне з «Віем». Яго, дарэчы, мы прывязем восенню ў Мінск і Віцебск у межах IFMC. 

Сцэна з балета «Вій». Фота — Руслан Канюка, прадастаўлена тэатрам «Кіеў мадэрн-балет»

Сцэна з балета «Вій». Фота — Руслан Канюка, прадастаўлена тэатрам «Кіеў мадэрн-балет»