Распачаўся пленэр мастакоў «Па шляхах паўстання»

31 траўня сябры творчай суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў распачалі пленэр, прысвечаны 150-годдзю нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года. Пра гэта распавёў карэспандэнту «НЧ» куратар праекту, вядомы беларускі мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава.



vystava_95_bnr_5.jpg

Мікола Купава

Творчая акцыя праводзіцца ў славутых мясцінах Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны, цікавых сваімі прыгожымі краявідамі і вядомымі помнікамі спадчыны. Пра гэта сведчаць самі назвы населеных пунктаў, каля якіх плануюць працаваць удзельнікі пленэру: Ружаны, Пружаны, Грушаўка, Мілавіды, Каўпакі, Даманава, Свіслач, Косава і Літва. А каля вёскі Даманава ёсць тапонімы з гістарычнымі назвамі — лес Літва і балота Пагоня.

«Мы павінны высветліць, у якім стане гэтыя мясціны і як увекавечана памяць пра паўстанне, што ахапіла ўсю Беларусь, асабліва яе цэнтральны і заходні рэгіёны. Там мы і будзем працаваць, каб у сваіх творах зафіксаваць уяўленні, пачуцці і веды, звязаныя з паўстаннем, а таксама стаць сведкамі мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею паўстання», — сказаў Купава.   

Ён паведаміў, што аддзел культуры Баранавіцкага райвыканкама, які спачатку ўзяўся за падрыхтоўку мерапрыемстваў у гонар 150-годдзя бітвы пад Мілавідамі (3–4 чэрвеня), адмовіўся ўшаноўваць памяць паўстанцаў. Змену пазіцыі раённых уладаў мастак тлумачыць ўціскам з боку вышэйшага начальства. Мая ж спроба высветліць пазіцыю баранавіцкіх чыноўнікаў закончылася безвынікова, бо тэлефоны прыёмнага пакою і начальніка аддзелу культуры Баранавіцкага райвыканкаму не адказвалі, хаця працоўны дзень 31 траўня яшчэ не скончыўся.  

Сярод мясцінаў, дзе пройдзе пленэр, трэба адзначыць гарадскі пасёлак Свіслач (Гродзенская вобласць) і вёску Мілавіды (Баранавіцкі раён на Берасцейшчыне). У Свіслацкай гімназіі ў 1847–1852 гадах вучыўся Кастусь Каліноўскі. Паблізу Мілавідаў, у лесе каля шашы Брэст-Бабруйск у другой палове траўня 1863 году сканцэнтраваліся пяць атрадаў паўстанцаў (Слонімскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Навагрудскі і Пружанскі) агульнай колькасцю каля 800 чалавек пад кіраўніцтвам Аляксандра Лянкевіча. 2 чэрвеня лагер інспектаваў Кастусь Каліноўскі. Супраць паўстанцаў царскія ўлады кінулі карнікаў са Слоніма і Нясвіжа, якія панеслі амаль утрая большыя страты за касінераў і не змаглі іх перамагчы.

У творчай акцыі ўдзельнічаюць Аляксей Марачкін, Генадзь Драздоў, Георг Скрыпнічэнка, Лявон Грышук і Святлана Радкевіч.

Дарэчы, удзельнікі пленэру планавалі адразу паехаць у мясціны, дзе 26 траўня 1863 году па звестках вядомага айчыннага даследчыка Генадзя Кісялёва загінуў выбітны беларускі скульптар, паўстанцкі камісар Дзісенскага павету і камандзір атраду касінераў  Генрык Дмахоўскі, — у фальварак Парэчча былога Барысаўскага павету. «Але толькі нядаўна высветлілася, што гэты фальварак знаходзіцца ў складзе Докшыцкага раёну Віцебскай вобласці. Так што пасля праверкі гэтых дадзеных (па звестках гісторыка і літаратара Уладзіміра Арлова Дмахоўскі загінуў у фальварку Парэчча, што цяпер знаходзіцца ў Маладэчанскім раёне — М.Г.) мы усё ж паедзем на гэтае месца», — сказаў Купава.   

Пленэр працягнецца да 5 чэрвеня.