Рэальнае і метафізічнае адкрыццё Багдановіча

Жыве, жыве Багдановічаў васілёк! Бо тут вобраз душы народа, якая прагне не толькі хлеба надзённага, але і песняў. Вобраз высокі, адрасаваны ў неба. Толькі май свядомае жаданне і духоўную моцу дастаць яе. Толькі трэба расплюшчыць вочы і адкрыць душу...

bahdanovicz_3.jpg

Шчаслівы той творца, які магутнасцю свайго таленту змог узняць вядомае і відавочнае для ўсіх да ўзроўню сімвала радзімы. Згадайма: зубр — Мікола Гусоўскі («Песня пра зубра»), бусел — Уладзімір Караткевіч («Зямля пад белымі крыламі»). Максім Багдановіч — «хросны бацька» яшчэ аднаго сімвала — васілька.

Кветачка гэтая як архетып, як міфалагема Бацькаўшчыны шырока выяўлена ў народных песнях, паданнях, вершах і карцінах. Але толькі Багдановіч здолеў зрабіць вобраз агульнанацыянальным: «І тчэ, забыўшыся, рука // Заміж персідскага узора, // Цвяток радзімы васілька». Гэтыя класічныя радкі верша, а потым і песні, ведаюць усе. Дарэчы, Міхась Стральцоў у сваёй «Загадцы Багдановіча» сімвалічна падказвае, што, называючы Беларусь «радзімай васілька», Багдановіч хацеў сказаць: гэта тая зямля, якая нараджае паэтаў. Пагодзімся з гэтым і мы, згадаўшы вядомае выслоўе «Беларусы — нацыя паэтаў».

Як ішоў Багдановіч да свайго рэальнага, адначасна і метафізічнага, адкрыцця? Мо яшчэ з самых дзіцячых гадоў захавала памяць сціплы букецік някідкіх, але прыгожых кветачак? Бо толькі з запісаў народных песняў, без канкрэтнага зрокавага вобраза, няпроста ўзняцца да ўзроўню знакавасці. Як немагчыма ўявіць васілёк, гледзячы са стромкага адхону вялікай рускай ракі на неабсяжныя заволжскія далягляды ў Ніжнім Ноўгарадзе ці Яраслаўлі. Бо васілёк — кветка інтымная, кветка свойскіх беларускіх палёў, якраз у Беларусі яна выяўляецца найбольш арганічна.

Ведаў, памятаў Максім васілёк з дзяцінства. Таму так узрадаваўся ў сваю першую паедку ў Крым, калі спаткаў гэтую кветку: «Аж бачу — мне сіняй галоўкай ківае // Наш родны, забыты ў цяні васілёк. // «Здароў будзь, зямляча!» Чуць бачны ў даліне, // Панура, нявесела шэпча ён мне: // «Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне // Аб беднай, далёкай сваёй старане» («На чужыне», 1908).

І ўсё ж, думаецца, васілёк не перарос бы ў Багдановіча ў сімвал Бацькаўшчыны, каб не яго спатканне з радзімай летам 1911 года, пасля пятнаццацігадовага расстання. Тут, у Вільні, у рэдакцыі «Нашай нівы», у зборы Івана Луцкевіча ён убачыў слуцкія паясы з васільком, што і вылілася потым у верш («Слуцкія ткачыхі», 1912). Але, як падаецца, вобраз, сімвал выспеў у паэта напоўніцу пасля гасцявання на Маладзечаншчыне, у Ракуцёўшчыне. Нішто тут не перашкаджала паэту быць сам-насам з мілым сэрцу наваколлем, неад’емнай часцінкай якога быў і васілёк.

vetkovski_myzei_narodnogo_tvorchestva_012_logo_1.jpg

Ён так заглыбіўся ў вобраз, што аднаго верша стала недастаткова. У 1913 годзе з’яўляецца «Апокрыф», твор, які стаіць паперадзе багдановічаўскай прозы, таксама адметнай з’явы ў беларускай літаратуры. Тут раскрыта глыбіннасць васілька як вобраза, абгрунтавана прысутнасць гэтай на першы погляд непатрэбнай сіняй кветкі на зямлі, паказаны «суадносіны» яе з душою беларуса. Багдановіч выказаў свой погляд на глыбінную сутнасць мастацтва, на наканаванасць мастака. Адначасна «сінявокі васілёк» стаў сімвалам нацыянальнага адраджэння, паэтычнай кветкай Беларусі.
У «Апокрыфе» (апокрыф — некананічнае евангельскае паданне) апавядаецца, як хадзіў па беларускай зямлі Іісус Хрыстос са святымі Пётрам і Юр’ем. Было тое ў час жніва, калі ўсе людзі рупіліся аб хлебе сваім надзённым. І толькі музыка нічога не рабіў, і было сорамна яму. Ды Хрыстос суцешыў песняра: «Штодзённымі клопатамі поўніцца жыццё людское. Але калі зварухнецца душа чалавека, — толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае».
Яму запярэчыў Пётра, што жыццё чалавека гаротнае, што не да песень тут, а калі нават і песня, то апроч красы павінен быць у ёй спажытак чалавеку. «І адказаў яму Хрыстос: няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак для душы». І прывёў у прыклад васількі, што ўзраслі паміж збожжа. Здаецца, што і хлеб адбіраюць гэтыя сінія кветкі, але гаспадар не вырве іх, бо з маленства прыгажосць іх прыйшлася да душы. То няхай і растуць, радуюць сэрца. «Я ж кажу вам: добра быць коласам, але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў». А тут і песня жніўная ляцела над зямлёй, дзе былі словы: «няма лепш цвяточка над васілёчка».
Паўстае натуральнае пытанне: чаму якраз форму апокрыфа выбраў Багдановіч для сцвярджэння вобраза васілька як адбітка душы народа, для сваіх глыбінных разваг і высноў? Назваць Максіма Кніжніка хрысціянскім пісьменнікам у глыбокім сэнсе гэтага слова ўсё ж не выпадае. Ёсць у яго вершы «Цемень» важныя згадкі: «Але вось цераз цемень маланка блішчыць, // Асвячае мне вобраз Хрыста… Яго крыж… // Ажываеш, здаецца, душою гарыш. // Але толькі чаму ж так малы гэты час?! // Зноў навокал цемень. Свет зірнуў і пагас. // Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста. // Над зямлёю імгла, у душы пустата».
Чым заканчваюцца яны? Безвыходнасцю, якая зразумелая нам у звязку з хваробаю паэта, але якой не можа быць для хрысціяніна па азначэнні. Тым не менш, выдатна ведаў і разумеў паэт, якая кніга ёсць найгалоўнаю для ўсіх хрысціян — Біблія. Таму своеасабліва і «заручыўся» евангельскай падтрымкай, нават форму запісу паўтарыў такую ж (вершы ў раздзелах пазначаны лічбамі).

cd2e8d971582755c1d8cc47528c8a4f5_logo_1.jpg

А можа, пафантазіруем, Максім ведаў і такое паданне? Звязанае яно з гісторыяй здабыцця ў чацвёртым стагоддзі Святога крыжа царыцай Аленай, маці імператара Канстанціна. Сам гэты факт вядомы, але цікава іншае. Чытаючы захапляльны раман «Авантуры майго жыцця» Саламеі Пільштыновай (Русецкай), нашай вядомай лекаркі і вандроўніцы з XVIII стагоддзя, якая родам з Наваградчыны, натрапіў на прыпавесць, блізкую духам Багдановічаму «Апокрыфу». «Гэты святы крыж колькі соцен гадоў у зямлі ляжаў, у вялікай кучы гною і смецця, што з усяго горада габрэі выкідвалі і вывозілі, але святая Кроў, такая слічная і чыстая на крыжы засталася; адна зёлка, што завецца па-русінску васілёк, каля крыжа расла і над ім нахілялася, таму ў праваслаўных цяпер такі звычай, калі свянцонай вадой крэпяць, дык васільком».
Уявіце сабе: толькі адна з кветак не забылася на пакуты Хрыстовы! Сапраўды, васілёк — кветка боская. У вянках, якімі ўпрыгожваюць беларусы свае крыжы-абярэгі на ростанях, пачэснае месца займае васілёк. А сам крыж — гэта знак любові Гасподняй, знак Яго дабрадаці, што разліта паўсюль. Згадайма таксама, што васілёк мае сакральную ролю і ў шлюбным вянку маладой. Няхай і не ведаў Багдановіч пра васілёк каля крыжа Гасподняга, але ў «Апокрыфе» пайшоў адзіна правільным шляхам…
Папраўдзе, калі ў свой час прачытаў «Апокрыф» Багдановіча, усё вышэйзгаданае асэнсаванне прыйшло не адразу. Найперш запалі ў душу заключныя радкі твора: «І босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым, мяккім пылу дарогі сляды. // Але гора вам, людзі, бо даўно ўжо затапталі вы іх. // Амін». Чаму якраз яны? Таму што сам пакутліва думаў аб пануючай на свеце бездухоўнасці. Бо без духоўнага адраджэння не будзе і нацыянальнага. Гэта для мяне бясспрэчная ісціна. Адразу ж у той далёкі ўжо час і верш напісаўся, дзе эпіграфам былі згаданыя радкі Багдановіча.

Сляды

Ішоў чалавек па дарозе

У вечнай прыкметнай трывозе,

Як быццам чагосьці шукаў…

І я хвалявацца пачаў.

І я да яго далучыўся —

Да долу пагляд апусціўся.

Шукаю адчайна сляды

Таго, хто пазбавіць бяды.

Я ведаю пэўна варункі,

Што тут Ён хадзіў з паратункам.

Заглядваю ў твары людзей,

Каб конча не страціць надзей.

Дарэмна — пабляклыя твары…

А з цемры вылазяць пачвары,

Рагочуць — хадзі і гукай,

Цяпер гэта наш ужо край.

Туманяцца вочы ў адчаі —

Дарэмна рупліва шукаю.

Няма — затапталі даўно,

І знаку нідзе не відно.

Ой, гора вялікае, людзі,

Грахі нашы ціснуць на грудзі.

Святыя шукайма сляды,

Інакш не пазбыцца бяды.

«Апокрыф» Максіма Багдановіча, усведамляў ён гэта ці не, даў пачатак хрысціянскаму накірунку ў беларускай літаратуры. Не толькі адлюстраванаму, дзе ёсць хрысціянскія матывы, вобразы, рэфлексіі, але і прамому, дзе ёсць форма і непасрэдная адсылка да Евангелля, евангельскіх падзей (хай сабе і апакрыфічных).

Што яшчэ можна згадаць? «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча, раман, якому пісьменнік даў падзагаловак «Евангелле ад Іуды». Хоць тут больш народнай гістарычнай стыхіі, чым евангельскіх алюзій. Глыбінна, да прыкладу, асэнсаваць кантрапункт Новага Запавету — дыялог Іісуса Хрыста з Пілатам, беларуская літаратура яшчэ не здолела. У рускай літаратуры ёсць Фёдар Дастаеўскі з «Легендай аб вялікім інквізітары» ў рамане «Браты Карамазавы», Міхаіл Булгакаў з «Майстрам і Маргарытай». Чынгіз Айтматаў у рамане «Плаха» паспрабаваў развязаць гэты кантрапункт. А ў нашай літаратуры вялікі Багдановіч даў знак амаль стагоддзе таму назад...

max_2.jpg


І ўрок Багдановічавага васілька з «Апокрыфа» мы засвоілі добра. Высока трымаем сімвал Бацькаўшчыны. Згадайма апошні па часе прыклад. У творы Віктара Казько «Сказ пра ката, каторы смяяўся» тры кусцікі васількоў паўстаюць пасярэдзіне нябеснага круга ў містычнай (язычніцкай, хрысціянскай?) відзежы героя. Тут жа і тры неўміручыя радкі Багдановіча. І далей: «Гэта быў след. І хто б яго не зрабіў, на якіх сузор’ях, след гэты быў цалкам зямным. І не проста зямны — тубыльскі.

Толькі тубылец мог падкінуць яму такую сціплую, знакавую кветку гэтага куту, гэтага краю. Ключ, ключык яго духу, душы: параднёная назаўсёды з ёй кветка, што адначасова і пустазелле ў жыце. Але якое пустазелле, калі над ім схіляе галаву колас, калі блакіт яго і ў небе, і ў задуменных вачах вады азёр, рэк, старыц на зямлі, а цяпер во прыкмечаны, адзначаны і сусветам, космасам, ад якога чалавек, гэта яго пшанічнае поле атрымалі пасланне, шыфроўку з букецікаў васількоў. І ён усцешыўся, ласкава ўсміхнуўся васількам. І васількі, здаецца, таксама ўсміхнуліся яму ў адказ».

Жыве, жыве Багдановічаў васілёк! Бо тут вобраз душы народа, якая прагне не толькі хлеба надзённага, але і песняў. Вобраз высокі, адрасаваны ў неба. Як дабрадаць Гасподняя разліта паўсюдь, толькі май свядомае жаданне і духоўную моцу дастаць яе… Так і васількі, знакі Божай любові і дабрадаці, раскіданы наўсцяж па жытнёвых нівах нашай Беларусі. Толькі трэба расплюшчыць вочы і адкрыць душу, каб убачыць і зразумець гэтую глыбокую прыгажосць і далучыцца...

І дзякуй Максіму Багдановічу, што дапамагае нам у гэтым.