У Ялце ўшануюць Багдановіча на сотыя ўгодкі смерці паэта
100-годдзе з дня смерці Максіма Багдановіча ў Ялце адзначыць Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Крыму. 25 траўня а 12-00 на магіле паэта адбудзецца мітынг-рэквіем і афіцыйнае ўскладанне кветак.
Беларускамоўная пісьменніца Крыму Аліса Бізяева кліча 25 траўня а 15-00 ў ялцінскую кавярню «Прасад»:
«Запрашаю сабрацца на літаратурныя чытанні, атрымаць асалоду ад гучання беларускай літаратурнай мовы, адным са стваральнікаў якой ёсць Максім Багдановіч. Я пачытаю вершы паэта, а таксама прозу са сваёй кнігі».
27 траўня — фэстываль творчых калектываў беларусаў Крыму.
Максім Багдановіч быў у Ялце двойчы — лячыўся ад сухотаў. Дом, дзе памёр паэт, не захаваўся, на яго месцы стаіць клуб санаторыя Чарнаморскага флоту. У мясцовым музеі экспануецца кніга, дзе зарэгістраваная смерць Максіма.
А будынак, дзе Багдановіч жыў на пансіёне ў свой першы прыезд, у 1909 годзе, захаваўся — ён стаіць на вуліцы, што цяпер носіць імя Максіма Багдановіча. Дом адрамантаваны, мемарыяльная шыльда на ім нагадвае, што тут жыў Максім.
Цяпер тут размешчана рамонтна-будаўнічае ўпраўленне «Ялтакурорт», і будаўнікі абуладкавалі ў будынку куточак, прысвечаны Максіму — там ягоны партрэт, кніжкі, кветкі.
Паводле svaboda.org