Рускі кампазітар, якога захапляла беларускасць

Шмат хто не верыў, што Аляксандр Грачанінаў — рускі па нацыянальнасці. Ён так добра ведаў беларускую песню, так глыбока вывучаў у ёй народную душу, што пра яго беларускасць пісалі шматлікія выданні.



15_1_aliaksandr_hracaninau.jpg

У выкананні Забэйды-Суміцкага

У пачатку сакавіка 1937 года, праездам з Францыі ў Фінляндыю, на некалькі дзён затрымаўся ў Рызе вялікі рускі кампазітар Аляксандр Грачанінаў (1864–1956). А 5 сакавіка ў сталіцы Латвіі адбыўся ягоны аўтарскі вечар. Поўная зала, дзе выступаў кампазітар, шчыра вітала слыннага на ўвесь свет музычнага дзеяча. Былі ў зале і беларусы з Латвіі і з Вільні. Яны загадзя запрашалі кампазітара да сябе, каб прывітаць яго ў сваёй беларускай грамадзе ў Рызе, але мясцовая ўлада гэтага не дазволіла.

Тады беларусы без запрашэння з’явіліся на вечарыну і публічна паднеслі кампазітару букет кветак і прыгожа аздоблены беларускім арнаментам прывітальны адрас з аўтографамі рыжскіх беларусаў. Арнамент намаляваў беларускі мастак Пётра Мірановіч.

Сярод выкананых твораў Аляксандра Грачанінава ў Рызе была і беларуская песня «Зязюлька». Яна ў зале, як пісаў часопіс «Калоссе», «сабрала найбольш воплескаў».

Дзякуючы дырэктару Варшаўскага радыё Эдмунду Рудніцкаму, наш слынны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі ў 1938 годзе ўпершыню наспяваў на грамафонныя кружэлкі дзесяць беларускіх песень. Сярод іх былі чатыры песні Аляксандра Грачанінава: «Ляціць сарока», «Конь бяжыць», «Ой, рана куры запелі» (калядная), «Шчука-рыба ў моры» (рэкруцкая).

15_3_af_sha_kancertnaga_horu_belaruskaga_studenckaga_sajuza_v_l_n_za_15_chervenja_1932_goda_na_joj_josc_prozv_shcha_grachan_nava(1).jpeg

У 1930–1940-х гадах у Заходняй Беларусі ніводзін беларускі канцэрт ці вечарына не праходзілі, каб у праграме не стаялі музычныя творы Аляксандра Грачанінава. А любоў да беларускай песні, да беларускай народнай творчасці прывіў яму ў пачатку ХХ стагоддзя прафесар, беларус Мікалай Янчук (1859–1921).

«Асабліва палюбіў беларускія песні»

Справа ў тым, што пры Маскоўскім універсітэце ў 1903 годзе была заснавана музычная секцыя этнаграфічнага таварыства. Старшынёй секцыі быў выбраны прафесар Мікалай Янчук, які ў той час працаваў сакратаром аддзела этнаграфіі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце. А віцэ-старшынёй пры ім быў абраны Аляксандр Грачанінаў.

На працягу шматлікіх гадоў гэтай секцыяй было сабрана некалькі тамоў народнай музычнай творчасці, у тым ліку, натуральна, і беларускай. «Працуючы ў гэтай камісіі, — піша ў сваёй кнізе «Маё музычнае жыццё» (Парыж, 1934) Аляксандр Грачанінаў, — я меў магчымасць пазнаць песні ўсіх народаў Расіі, з якіх асабліва палюбіў беларускія».

Вялікі кампазітар прыгадвае, як аднойчы Мікалай Янчук прынёс яму дзве беларускія песні «Гэй ты, доля» і «Бяда» з тым разлікам, калі спадабаюцца, каб апрацаваў. Песні Аляксандру Грачанінаву вельмі спадабаліся. Ён напісаў іх для спеву і фартэпіяна і надрукаваў. Калі кампазітар прынёс іх Янчуку, зайграў і перадаў яму ноты ў падарунак, той неяк хітра глянуў на яго, падзякаваў і сказаў: «Надта добра, толькі мелодыі і тэкст гэтых песень не народныя, а мае».

15_4_pesn_aljaksandra_grachan_nava_drukaval_mnog_ja_chasop_si_zahodnjaj_belarus_(1).jpeg

Грачанінаў здзівіўся, бо так добра было падроблена на народны лад. І, вядома ж, у наступным выданні песні Аляксандра Грачанінава «Доля» і «Бяда» мелі аўтара. Вось адкуль пачалося знаёмства рускага кампазітара з беларускімі песнямі.

Па лесвіцы творчасці

Нарадзіўся Аляксандр Грачанінаў у 1864 годзе ў Калузе, але хутка сям’я пераехала ў Маскву, дзе і прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага кампазітара. Бацькі яго мелі музычныя здольнасці ад прыроды. Маці спявала не народныя песні, а сентыментальныя мяшчанскія рамансы, а бацька любіў спяваць царкоўныя песні.

У 1890 годзе Аляксандр Грачанінаў скончыў педагагічныя курсы Маскоўскай кансерваторыі па класу Васіля Сафронава і пераехаў у Пецярбург, дзе паступіў у кансерваторыю да педагога Рымскага-Корсакава. Пасля кансерваторыі зноў вярнуўся ў Маскву, дзе выкладаў у музычнай школе сёстраў Гнесіных.

Пасля рэвалюцыі 1917 года ў Расіі Аляксандр Грачанінаў некалькі гадоў канцэртаваў у якасці дырыжора і піяніста, а таксама працягваў працу з дзіцячымі харамі. Але з кожным годам старэйшаму рускаму кампазітару станавілася жыць цяжэй і цяжэй у краіне, разбуранай рэвалюцыяй і грамадзянскай вайной.

Эмігранцкая творчасць

У 1925 годзе ён з сям’ёй эмігрыруе ў Еўропу. Спачатку жыў у Парыжы, а потым пераехаў у Нью-Ёрк. У 1934 годзе ён напісаў і выдаў кнігу ўспамінаў «Маё музычнае жыццё», а праз 20 гадоў кніга на англійскай мове пабачыла свет і ў Нью-Ёрку.

У 1932 годзе Рыгор Шырма пачаў перапісвацца з Аляксандрам Грачанінавым, які жыў у Парыжы. Аднойчы паслаў яму 25 запісаў заходнебеларускіх народных песень з просьбай апрацаваць іх для хору. Аляксандр Грачанінаў іх апрацаваў і даслаў Рыгору Шырму ў Вільню.

На канцэртных выступленнях, якія шмат разоў ладзіліся ў Вільні, гарманізацыі Аляксандра Грачанінава так рэльефна выступалі сярод іншых, стваралі такія асаблівыя настроі, што публіка, не толькі беларуская, заўсёды звярталася з просьбай паўтарыць альбо прасіла проста перапісаць іх.

Прастата, яснасць, прыгожая гучнасць без непатрэбных, чужых народу бравурных эфектаў, строга захаваны народны лада-танальны каларыт, дужа цікавы і не аднастайны спосаб гарманізацыі — вось асаблівасці тых апрацовак, якія так значна адрозніваліся ад іншых.

«Перапёлка», «Раёк», «Перад Пятром», «Калыханка», «Вяснянка» — гэта былі і засталіся такія цудоўныя беларускія абразкі, што іх спявалі ў іншых краінах Еўропы, а «Перапёлачка» даляцела аж да Амерыкі. «Уклад, зроблены Грачанінавым у гісторыю развіцця беларускай песні, — піша Рыгор Шырма ў сваёй кнізе «Песня — душа народа» (Мн., 1976. с. 40), — уяўляецца так. Для мяшанага хору апрацаваны: «Перапёлачка», «Раёк», «Перад Пятром», «Чаму селязень», «Ляцела зязюля», «Не кур, не вей, мяцеліца», «Ішла каляда», «Ой, куры, куры», «Ці ў полі не каліна была», «Памру, памру, маці» і «Конь бяжыць, зямля дрыжыць».

Апрача таго, напісаны для аднаго голасу з акампанементам раяля: «Зазвінела пчолачка», «Доля», «Бяда», «Вяснянка», «Купалінка», «Калыханка», «Зязюля» і адна скрыпкавая п’еса на тэму калядкі з Пружанскага павета. Чатыры апошнія песні напісаны таксама для голасу з акампанементам аркестра і перакладзены на англійскую мову.

У гэтых песнях народная мелодыя захавана для голасу без змен, а ўжо акампанементам Грачанінаў малюе свае беспадобныя музычныя ўзоры. Такое тонкае мастацтва, напрыклад, у перадачы настрояў маладой беларускай кабеты, якая спявае: «Дубравачка, ой, зялёная, у тваім шуме я заблудзіла», што, здаецца, кампазітар, паслухаўшы, пераклаў на музыку свайго акампанементу адвечны шум нашай Белавежы. Безумоўна, гэтыя творы трэба прызнаць шэдэўрамі ў беларускай народнай музычнай літаратуры».

15_2_fotazdimak_aljaksandra_grachan_nava_na_staronci_studzen_skaga_numara_chasop_sa_shljah_moladz_za_1937_god(1).jpeg

Вядома ж, пералічанае Рыгорам Шырмам — далёка не поўны спіс таго, што з беларускіх песень апрацавана Аляксандрам Грачанінавым для хору і сола. Але рускі кампазітар паказаў усяму свету, што беларуская народная творчасць не толькі не саступае творчасці іншых народаў, а, наадварот, часта пераўзыходзіць іх.

Беларускасць Грачанінава

Пра беларускасць Аляксандра Грачанінава ў 1930-х гадах пісалі многія заходнебеларускія выданні. У студзені 1937 года часопіс «Калоссе» паведамляў пра канцэрт беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага ў Вільні, што «гэты высокага класу еўрапейскі артыст-чарадзей пры акампанеменце прафесара Галкоўскага выканаў папулярна апрацаваныя А. Грачанінавым чатыры беларускія народныя песні: «Ляціць сарока», «Конь бяжыць», «Шчука-рыба ў моры» і «Ой, рана куры запелі».

На афішах і ў праграмках беларускіх вечароў і канцэртаў у Вільні таксама заўсёды стаяла імя Грачанінава. У праграме вечара беларускай паэзіі і песні, які ладзіўся 15 сакавіка 1936 года Беларускім студэнцкім саюзам, спевакі Л. Сасноўская і С. Савіцкі выконвалі песні Аляксандра Грачанінава «Ляціць сарока, ды скрай аблока», «Конь бяжыць», «Шчука-рыба ў моры», «Ой, рана куры запелі», «Ой, ты, грушка мая».

Рыгор Шырма дасылаў у Парыж народныя беларускія песні, а Аляксандр Ціханавіч Грачанінаў іх апрацоўваў і дасылаў у Вільню Рыгору Раманавічу, дасылаў адна за адной: «На дварэ дожджык», «Ой, гыля, гыля, гусі, вадою», «Зялёны гай», «Там, каля млына» і многія-многія іншыя.

У падарунак Беларусі

Аляксандр Грачанінаў напісаў цудоўную «Беларускую рапсодыю» для сімфанічнага аркестра і п’есу для скрыпкі і фартэпіяна «Дар Белай Русі». У 1925 годзе Беларускай драматычнай студыяй у Маскве, а ў 1926 годзе Беларускім драматычным тэатрам–2 была пастаўлена казка-феерыя «Апраметная».

Яе напісаў беларускі драматург Васіль Шашалевіч, у якой сатырычнымі сродкамі паказаў гістарычны лёс Беларусі. Музыку да гэтай п’есы напісаў усё той жа Аляксандр Грачанінаў.

Да апошніх дзён Аляксандр Грачанінаў марыў вярнуцца на Радзіму, але гэта яму ажыццявіць не ўдалося. Апошнія гады жыцця ён дажываў адзін і памёр на чужыне ва ўзросце 92 гадоў.

Творчая спадчына кампазітара Аляксандра Грачанінава даволі вялікая — гэта 1000 твораў, у тым ліку 6 опер, дзіцячы балет, 5 сімфоній, 9 вялікіх сімфанічных твораў, музыка да 7 спектакляў, 4 струнных квартэта, шматлікія інструментальныя і вакальныя творы. Але самая каштоўная частка яго спадчыны — харавая музыка, рамансы, харавыя і фартэпіянныя творы для дзяцей.