Рыфмы і рытмы на скрыжаванні сюжэтаў
Адно з модных месцаў сталіцы — кавярня «Утопія 60» стала месцам правядзення жывой прэзентацыі альбома «Bulbahuana» авангарднага трыа «Buben-Naruczewicz-Baisan».
![Альбом "Bulbahuаna" бачылі толькі на самарэзах Альбом "Bulbahuаna" бачылі толькі на самарэзах](/img/v1/images/albom_bulbahuana_byczyli_tolki_na_samarezah_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Альбом "Bulbahuаna" бачылі толькі на самарэзах
Прэзентацыя альбома адбылася ў межах праекту «Beat Cafe», ініцыятарам якога выступіў вядомы беларускі культуролаг, журналіст і выкладчык Максім Жбанкоў. У рамках праекту «Beat Cafe» Максім Жбанкоў ладзіць live-падкасты (гэта значыць, робіць запіс аўтарскіх тэкстаў з музычным суправаджэннем для трансляцыі іх у Інтэрнэце), якія карыстаюцца папулярнасцю як у наведвальнікаў кавярні, так і ў сёрфераў па «сусветнаму павуцінню».
![Чарговую прэзентацыю праекту "Beat Cafe" распачынае культуролаг М.Жбанкоў Чарговую прэзентацыю праекту "Beat Cafe" распачынае культуролаг М.Жбанкоў](/img/v1/images/czarhovuju_prezentacyju_praektu_beat_cafe__raspaczynae_kulturolah_m.zbankou_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Чарговую прэзентацыю праекту "Beat Cafe" распачынае культуролаг М.Жбанкоў
Як падкрэсліў Максім Жбанкоў, ідэя правесці прэзентацыю дыска з удзелам Улада Бубна (электроніка), Лявона Нарушэвіча (гітара) і паэта Алеся «Байсана» Плоткі ўзнікла таму, што гэтая кавярня ўжо стала важным культурным асяродкам. Тут у рамках праекту «Beat Cafe» адбываюцца не толькі згаданыя вышэй падкасты, але і творчыя прэм’еры аўтараў, якія не маюць магчымасці збіраць вялікія залы, але з’ўляюцца таленавітымі літаратарамі і выканаўцамі. «Іх «нефармальныя» творы маюць права знаходзіць свайго слухача, бо гэта частка нашага сённяшняга нацыянальнага культурнага працэсу і кантэксту. Таму сёння госцем праекту “Beat Cafe” будзе авангарднае трыа “Buben-Naruczewicz-Baisan”» — падкрэсліў Жбанкоў.
![Алесь Плотка aka Байсан Алесь Плотка aka Байсан](/img/v1/images/ales_plotka_aka__bajsan_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Алесь Плотка aka Байсан
Цэнтрам гэтай «нефармальнай» прэзентацыі стала паэтычная творчасць Алеся «Байсана» Плоткі — лаўрэата прэмій часопіса «Дзеяслоў», «Залаты апостраф», дыпламанта прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру, аўтара паэтычнага зборніка «Байсан». Як завязалася супрацоўніцтва з музыкантамі распавядае Алесь Плотка: «З тым жа Уладам Бубнам мы супрацоўнічаем даўно ў рамках праекта «Танцы з Бубнам». Выпусцілі такія супольныя альбомы, як «В-52» і «Medication». Але нам стала сумна і мы пачалі шукаць трэцяга. Знайшлі Лявона Нарушэвіча — музыку вядомага, імправізатара. З ім стала значна весялей: цяпер мы можам ствараць нешта нечаканае. Разам мы запісалі гэты эксперыментальны альбом, да таго ж, нам сталі больш цікавыя «жывыя» канцэрты, бо з імправізацыйнай гітарай Лявона атрымліваецца кожны раз усё па-новаму.
Што тычыцца паэзіі, то вершы з першых альбомаў, якія мы рабілі з Уладам Бубнам, мелі пераважна больш грамадскае гучанне. Альбом «Bulbahuana» адрозніваецца лёгкім эскапізмам, калі чалавек зыходзіць у свой унутраны свет».
![У чаканні выканаўцы і музыкі У чаканні выканаўцы і музыкі](/img/v1/images/u_czakanni_vykanaucy_i_muzyki_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У чаканні выканаўцы і музыкі
Сваімі думкамі наконт новага альбома і супрацоўніцтва з Уладам Бубнам і Алесем Плоткам з нашымі чытачамі дзеліцца лідар гурту інтуітыўнай і імправізацыйнай музыкі «Князь Мышкін» Лявон Нарушэвіч: «У рамках праекту “Beat Cafe” ўжо некалькі раз праходзілі выступы маладых беларускіх паэтаў, якія чыталі свае вершы пад музыку. І ў нас з Уладам ёсць такі паэт, чыя творчасць супадае з нашым светаадчуваннем — Алесь «Байсан» Плотка. Вынікам нашай агульнай працы стаў альбом «Bulbahuana», а таксама канцэрты з гэтай праграмай. Не так даўно мы прэзентавалі наш альбом у Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва.
Гэта ўжо пяты паэт, з якім я супрацоўнічаю, як імправізатар. Першы быў Ярыла Пшанічны (1973–2015), а затым супрацоўнічаў з Віктарам Сямашкам, Дзмітрыем Строцавым і Сяргеем Верацілам. Так што, супрацоўніцтва з Алесем — працяг добрай творчай традыцыі».
![Лявон Нарушэвіч з сяброўкай-электрагітарай Лявон Нарушэвіч з сяброўкай-электрагітарай](/img/v1/images/ljavon_naruszevicz_z_sjabroukaj_elektrahitaraj_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Лявон Нарушэвіч з сяброўкай-электрагітарай
Нягледзячы на тое, што арганізатары прэзентацыі назвалі альбом «Bulbahuana» эксперыментальным, моладзь і слухачы больш сталага ўзросту з цікаўнасцю запаўнялі залу кавярні, дзе на подыуме ўжо грала сэт вядомая ў сталічных клубных колах DJ Наста Лабада. Яе сэт патроху «падводзіў» слухачоў да той часткі канцэрта, на якой будзе гаспадарыць эксперыментальная паэзія і яе інтуітыўнае суправаджэнне.
![Над электроннымі прыладамі варожыць Улад Бубен Над электроннымі прыладамі варожыць Улад Бубен](/img/v1/images/nad_elektronnymi_pryladami_varozyc_ulad_buben_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Над электроннымі прыладамі варожыць Улад Бубен
Трэба адзначыць, што не ўсе слухачы яшчэ прызвычаіліся да таго, каб адначасова асэнсоўваць паэтычныя сімвалы і метафары і іх суаднясенне з музычным суправаджэннем. Але праз некаторы час усё стала на сваё месцы: прысутныя змаглі адчуць разумовы і эмацыянальны «меседж» экспрэсіўных радкоў А.Плоткі з трэкаў новага альбома «Bulbahuana» — «Гармата», «Верлібр Маўчанне» «Муза», «У сэрцы тваім», а таксама асобных кампазіцый, кшталту «Розы вуліца», «Ты застаешся гламурным ліцвінам…» «Plus 375» і ўспрыняць іх музычную аздобу.
![Алесь Байсан-Плотка дыкламуе эскапійныя вершы Алесь Байсан-Плотка дыкламуе эскапійныя вершы](/img/v1/images/ales_bajsan_plotka_dyklamue_eskapijnyja_verszy_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Алесь Байсан-Плотка дыкламуе эскапійныя вершы
Гітарныя партыі Нарушэвіча, спачатку ілюстратыўныя, ад кожнага наступнага трэку станавіліся больш насычанымі і экспрэсіўнымі, каб па завяршэнні канцэрту гітара стала сапраўдным дапаўненнем, нават суаўтарам тэксту Алеся «Байсана» Плоткі.
![Сінтэз эскспрэсіўных тэкстаў і музычных імправізацыі падабаецца слухачам Сінтэз эскспрэсіўных тэкстаў і музычных імправізацыі падабаецца слухачам](/img/v1/images/sintez_eskspresiunyh_tekstau_i_muzycznyh_impravizacyi_padabaecca_sluhaczam_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сінтэз эскспрэсіўных тэкстаў і музычных імправізацыі падабаецца слухачам
Што тычыцца электроннага суправаджэння вершавана-гітарных кампазіцый, то вялікі вопыт Улада Бубна ў галіне эксперыментальнай музычнай творчасці быў вельмі дарэчы. Ні адзін біт, ні адзін гукавы эфект не супярэчыў настрою дэкламацыі аўтара, а наадварот, падкрэсліваў пульсацыю ўнутранага рытму верша.
Гэта добра адчувалі слухачы, калі не шкадавалі гарачых апладысментаў, цікавіліся, дзе можна набыць новы альбом «Bulbahuana» авангарднага трыа «Buben-Naruczewicz-Baisan».
Але цяпер музыканты адыходзяць ад CD-фармату і накіроўваюць слухачоў у інтэрнэт. А хацелася б мець у сваёй калекцыі запісы з такімі цікавымі музычна-вершаванымі экзэрсісамі!
![Удзячнасць за творчасць таленавітым людзям Удзячнасць за творчасць таленавітым людзям](/img/v1/images/udzjacznasc_za_tvorczasc_talenavitym_ljudzjam_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Удзячнасць за творчасць таленавітым людзям