Самы вядомы скарб Беларусі, знойдзены пад Полацкам, можна ў дэталях вывучыць онлайн
Найстаражытны скарб IX-X стагоддзя, знойдзены пад Полацкам, цяпер можна падрабязна разгледзець онлайн — на сайце Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. У электронным каталогу знаходзіцца поўнае апісанне манет скарбу — усяго іх 7663, піша gorod214.

Фота: polotsk.museum.by
Казьянкаўскі скарб куфіцкіх дырхамаў IX-X стагоддзяў з'яўляецца найбуйнейшым грашовым скарбам Старажытнай Русі. Агульная вага манет складае 19 893,8 грама срэбра 960-й пробы. Яго знайшлі ў 1973 годзе на правым беразе заходняй Дзвіны ў вёсцы Казьянкі Полацкага раёна. Каштоўнасці захоўваюць у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
«Асноўная частка скарбу (7650 манет) паступіла ў фонды музея-запаведніка ў 1973-1974 гадах неўзабаве пасля выяўлення, пазней да іх дадаліся яшчэ 13 манет, якія паступілі з прыватных калекцый. Малодшая манета скарбу — дырхам Саманида Нуха ібн Насра, бітая ў Самаркандзе у 333 г. х. (944/945 г.) — дазваляе датаваць факт утойвання скарбу не пазней другой паловы 940-х гадоў», — паведамляе прэс-служба музея-запаведніка.

Скрыншот сайта НЦІКМЗ
Знайсці каталог можна па спасылцы. Азнаёміцца з артыкуламі даследчыкаў можна на сайце музея ў раздзеле «Бібліятэка».
Паводле tut.by