«Смачней, чым у краме». Пад Полацкам сабралі ўраджай бананаў
Экзатычная расліна з'явілася ў цяпліцах прадпрыемства «Вясна-энерга» два гады таму. А ў верасні ўжо дала першы ўраджай — 150 бананаў.
— Мы не першыя, хто ў Беларусі вырошчвае бананы, — адразу папярэджвае Юрый Ахрамянок, кіраўнік цяплічнай гаспадаркі. — Убачыў я іх, калі быў у цяплічным камбінаце «ДорОрс». Папрасіў сабе парастак.
Парастак на Віцебшчыне «пасялілі» ў цяпліцы, пасадзілі, як кветку, у гаршчок. Адмысловага дагляду, працягвае суразмоўца, банан не патрабаваў. Рос па суседстве з салатнай лініяй, палівалі яго з угнаеннем.
— У сярэднім тэмпература ў цяпліцах +20. Летам у спякоту даходзіла да +30, але ніжэй +18 не апускалася, — апісвае ўмовы ўтрымання расліны Юрый Ахрамянок. — Беларусь — цёмны рэгіён, але ў цяпліцах стаяць лямпы. Калі мы «свяцілі» асноўную культуру, падсвечвалі і банан. Увогуле, расліна сябе адчувала нармальна. Адзінае, у нас у рэгіёне нізкая вільготнасць, таму кончыкі подсыхаюць.
У выніку расліна «вымахала» амаль два з паловай метры ў вышыню, дыяметр ствала — 20 сантыметраў.
— У верасні мы сабралі першы ўраджай, каля 150 бананаў, — распавядае суразмоўца. — Расліна адпладанасіла і загінула, пакінуўшы пасля сябе тры парасткі. Мы іх ужо пасадзілі. Думаю, у верасні атрымаем новы ўраджай.
— У гэты раз два гады чакаць не прыйдзецца?
— Калі я прывёз парастак, ён доўга мучыўся, пакуль прыжыўся, — успамінае Юрый Ахрамянок. — А гэтыя тры ўжо вялікія, каля метра ў вышыню. Ды і даглядаць за раслінай мы навучыліся. Паліваць будзем па-іншаму, угнаенняў больш дамо.
— А што зрабілі з тымі 150 бананамі?
— З'елі работнікі і адміністрацыя, — усміхаецца суразмоўца.
— І як?
— Салодкія і духмяныя, смачней, чым у краме.
Аднак вырошчваць бананы ў прамысловых маштабах на прадпрыемстве не плануюць, кажуць, не выгадна. Каштуюць яны танна, «менш, чым памідоры».
— А ў такой колькасці, каб яны акупіліся, мы іх не атрымаем, — тлумачыць Юрый Ахрамянок.
Паводле tut.by