Сцэнар «Авеля»: служба бяспекі прэзідэнта Беларусі дапамагае выратаваць свет
Фільм распавядае пра тое, як служба бяспекі прэзідэнта Беларусі і місіянеры з магутнай арганізацыі захавальнікаў таямніцы Каінавага знаку (авеліты) спрабуюць выратаваць свет.
На сайце Хартыя'97 з'явіўся поўны сцэнар фільма «Авель».
Сакрэтная арганізацыя прамых нашчадкаў біблейскага Авеля сабрала інфармацыю аб генетычным кодзе кожнага жыхара Зямлі і вызначае верагоднасць забойстваў з дапамогай кампутарнай праграмы, якая
дэшыфруе код Каіна.
Каінавы знак, таямніцу якога захоўваюць авеліты, гэта ланцужок генетычнага кода - генетычная праграма ў ігрэк-храмасоме, спадкаванай па мячы, якая адказвае за верагоднасць учынення чалавекам
забойства…
Журналістка Сара, адна з місіянерак арганізацыі, ездзіць па ўсяму свету і спрабуе прадухіліць рэзанансныя забойствы «з вялікай колькасцю ахвяр і далёкасяжнымі наступствамі».
Праўда, яе праца не асабліва эфектыўная і пасля няўдалай аперацыі, якую зрываюць таемныя нядобразычліўцы, у Тунісе ўспыхвае рэвалюцыя.
Нашмат лепш журналістцы атрымоўваецца выкрываць амерыканскую замежную палітыку, а яе кніжка «Штосьці не так з амерыканскай марай?» становіцца бэстсэлерам.
Пад выглядам замежных інвестараў місіянеры прыбываюць на Беларускі аўтамабільны завод, дзе ледзь не становяцца ахвярамі замаху. БелАЗ з дыстанцыйным кіраваннем падчас прэзентацыі інвестарам
губляе кіраванне і спрабуе іх раздушыць. Іх цудам ратуе маёр службы бяспекі прэзідэнта Ягор Анісімаў, які апынуўся ў гэты час на заводзе, каб падрыхтаваць візіт кіраўніка дзяржавы.
Як высвятляецца, місіянераў цікавіць ягоны брат Вадзім. Ён працуе на БелАЗе праграмістам. Менавіта Вадзім, паводле прагнозу авелітаў, з імавернасцю 82,3% учыніць забойства бліжэйшым часам. Рэч у
тым, што Вадзім і Ягор не падзялілі дзяўчыну (вядомую тэлевізійную журналістку Веру) і Вадзім не можа дараваць свайму брату.
Ягора Анісімава прыстаўляюць да амерыканскай журналісткі ў якасці аховы. Ён павінен суправаджаць амерыканцаў на прэс-канферэнцыю і на хакей.
Памочнік Сары, Крыс Уэйн, у гэты ж час сочыць за іншым патэнцыйным забойцам - недалугам з прыгарада Менска Кірылам, які плануе падарваць самаробную бомбу ў месцы масавага збору людзей. Дзякуючы
прафесійнай і супольнай працы АМАПу Кірылу не атрымоўваецца пранесці бомбу на хакейны матч, на які, дарэчы, збіралася і амерыканская журналістка, і ён наважваецца ўчыніць тэракт у метро.
Служба бяспекі прэзідэнта памылкова мяркуе, што Крыс Уэйн спрабуе забіць Сару і абвяшчае на яго паляванне. Ягор Анісімаў на матацыкле пераследуе Крыса Уэйна, аднак у самы апошні момант хтосьці
паспявае падарваць самога Уэйна (знявечаны, але жывы). Ягор працягвае пагоню за падазроным аўтамабілем і трапляе на палігон выпрабаванняў БелАЗаў. 400-тонны самазвал на дыстанцыйным кіраванні атакуе
маёра, але Ягору атрымоўваецца нейтралізаваць аператара-тэрарыста. Ім быў стажор завода з Туніса, агент здрадніка ў шэрагах авелітаў.
Сара і яе партнёры вымушаныя расказаць Ягору Анісімаву таямніцу і цяпер ужо разам яны ідуць па слядох магчымых забойцаў. Яны паспяваюць прыехаць на станцыю метро за імгненне да выбуху і адзін з
місіянераў гіне. Кіраўніцтва Ягора думае, што ён і амерыканцы арганізавалі выбух у метро. Цяпер ужо ў вышук абвешчаны сам маёр СБ.
Сара і Ягор Анісімаў знаходзяць у старым вясковым доме сям'і Анісімава звязаную дзяўчыну (тэлевізійную журналістку), якую брат Ягора - Вадзім узяў у закладнікі, туды ж прыбывае група
захопу і брат Ягора. Вадзім адпраўляецца на перамовы, у дом ён прынёс выбухоўку і спрабуе ўсіх падарваць, аднак Ягор ратуе жыццё брату.
Заканчваецца фільм на выспе Утэя ў Нарвегіі. Сара вылічвае здрадніка ў шэрагах авелітаў. Ім быў яе куратар Дэвід Паркер. Ягор, Сара, Вера і Крыс Уэйн спрабуюць нейтралізаваць здрадніка, але тут
з'яўляецца Брэйвік з карабінам і ладзіць пабоішча. Паркер паспявае збегчы з выспы на маторнай лодцы, але Брэйвік расстрэльвае лодку і Паркер гіне падчас выбуху.
«Франкенштэйн забіў свайго гаспадара», - робіць выснову амерыканская журналістка Сара.
***
Поўны сцэнар можна спампаваць ТУТ
***
Сяргей Ждановіч, прадзюсар фільма «Авель», заявіў у інтэрв'ю Радыё Свабода, што ня ведае
аўтара тэксту, які з'явіўся ў інтэрнэце.
«Магу дакладна сказаць, што гэта сцэнар несапраўдны, — кажа Ждановіч. — Больш нічога каментаваць не буду».
На пытанне, хто мог апублікаваць гэты тэкст, Ждановіч лічыць, што нехта на першым этапе падрыхтоўкі фільма ўзяў тэкст і «па-свойму» яго дапрацаваў.