Сцяпан Стурэйка: «Сфера спадчыны — вельмі канфліктагенная»

Сумна становіцца, калі гартаеш каталог удзельнікаў — і бачыш, што некаторыя арганізацыі ўжо ліквідаваныя, вельмі шмат людзей з’ехала, хтосьці пазбаўлены працы… І гэта тыя, хто займаўся менавіта спадчынай!

Лятучы ўніверсітэт і Сцяпан Стурэйка правялі рэвізію дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі».

Лятучы ўніверсітэт і Сцяпан Стурэйка правялі рэвізію дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі».

Дзіўны спіс тых 270 грамадскіх арганізацый, якія адначасова спынілі юрыдычнае існаванне! У іх ліку апынулася, напрыклад, Братэрства босых бортнікаў. Можа, нехта вырашыў, што збіральнікі дзікага мёду адмовіліся ад лідскіх красовак, бо чакаюць паставак натаўскіх ботаў?

Пад нож патрапіў і Беларускі камітэт ICOMOS — супольнасць адмыслоўцаў у сферы аховы спадчыны: рэстаўратараў, музейшчыкаў, грамадскіх актывістаў…

Міжнародная рада па захаванні помнікаў і адметных мясцін — гэта вялізная арганізацыя, утвораная яшчэ ў 1965 годзе як дарадчы орган ЮНЕСКА. Яе “мясцовыя філіі” ёсць у 110 краінах свету, уключна з КНДР, Гандурасам і Зімбабве. Дакладней, цяпер ужо ў 109. Няўжо Беларусь з гэтага спісу выбыла?

— Не зусім так, — удакладняе старшыня праўлення беларускага ICOMOS Сцяпан Стурэйка. — Нягледзячы на ліквідацыю НДА, мы не страцілі міжнародную легітымнасць. Галоўны офіс Міжнароднай рады ў Парыжы па-ранейшаму прызнае нас у якасці яе нацыянальнага камітэта. Так, мы ўжо не зможам дзейнічаць у Беларусі як грамадская арганізацыя, але працягнем свае высілкі проста як ініцыятыва прафесіяналаў.



— Той кантэкст, які атачае ліквідацыю “Ікамос”, усім зразумелы. Але якія былі да вас канкрэтныя прэтэнзіі?

— З нас хочуць спагнаць штраф памерам у больш за 50 тыс. рублёў. Галоўнае абгрунтаванне ліквідацыі — ажыццяўленне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Гутарка найперш пра кансервацыю і экспанаванне Гальшанскага замка, якімі апекаваліся прафесійныя рэстаўратары ICOMOS, працуючы на замову дзяржаўных структур.

У нас ёсць свае аргументы: па-першае, удзел у рэстаўрацыйных праектах наўпрост адпавядае статуту і мэтам дзейнасці нашай арганізацыі, па-другое, ён па вызначэнні не з’яўляецца відам прадпрымальніцкай дзейнасці (у законе ёсць дакладная фармулёўка, што гэта такое), па-трэцяе — прыбытак ICOMOS не атрымліваў… Усё гэта можна даказаць з дапамогай дакументаў. Але ніхто нас не хацеў слухаць.

А неўзабаве Міністэрства інфармацыі выдала распараджэнне аб блакіроўцы нашага сайта — як вынікае з афіцыйнага дакумента, за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Паколькі рэсурс мае вузкую тэматычную скіраванасць (пра палітыку там наогул ні слова), мы доўга чухалі патыліцы: за што?

Адзіная версія: экстрэмізмам быў палічаны здымак былога галоўнага архітэктара Віцебска Барыса Лядэнкі, які летась памёр ад кавіду. Мы ўзялі фота з сайта ўсім вядомага тэлеканала яшчэ ў той час, калі ён не быў прызнаны экстрэмісцкім. І гэтага хапіла для блакіроўкі, прычым без папярэджання!

— Банальнае пытанне: чым займаецца беларускі камітэт ICOMOS? Якая яго галоўная мэта?

— Найважнейшая наша задача — развіццё ўяўленняў пра спадчыну: што ёсць спадчынай, што можна і чаго нельга з ёю рабіць. Ва ўсім свеце сфера аховы помнікаў вельмі дынамічная, у ёй няспынна генеруецца шмат новых ідэй. Прычым гэта не толькі рэстаўрацыйныя методыкі, але і падыходы ў працы з мясцовымі супольнасцямі. Сваю місію мы бачым у тым, каб нашым адмыслоўцам прыходзілі свежыя думкі, каб ім было пра што размаўляць з замежнікамі.



— Нават у “мірныя” часы ў нас адчуваўся своеасаблівы падзел на дзяржаўны сектар і НДА. Аднак беларускі ICOMOS акурат такі вельмі актыўна супрацоўнічаў з дзяржінстытуцыямі…

— Скажу нават болей: яшчэ летась у верасні мы сумесна з Міністэрствам культуры праводзілі Дні еўрапейскай спадчыны. Прычым нашае супрацоўніцтва з дзяржустановамі было зусім не якімсьці тактычным крокам, як некаторыя лічаць, але ўвасабленнем найістотнай стратэгічнай задачы — спрыяць кансалідацыі самых розных суб’ектаў у сферы аховы спадчыны, наладжваць мост паміж еўрапейскім прафесійным асяроддзем і беларускім. Мы прасоўвалі перадавыя ідэі, падыходы і методыкі, нашымі стараннямі ў Беларусі адбываліся выступы аўтарытэтных замежных экспертаў — апошнім часам, праўда, у “Зуме”.

Сцяпан Стурэйка

Сцяпан Стурэйка

— Акурат напярэдадні закрыцця вы паспелі падвесці вынікі другога конкурсу “Спадчына ў дзеянні” — здаецца, адзінага спаборніцтва ў гэтай галіне. Сярод удзельнікаў былі як вялікія музеі, так і асобныя энтузіясты. 80 самых розных праектаў, зробленых у Беларусі за апошнія тры гады… Маштаб уражвае.

— І тым больш сумна становіцца, калі гартаеш каталог удзельнікаў і бачыш, што некаторыя арганізацыі ўжо ліквідаваныя, вельмі шмат людзей з’ехала, хтосьці пазбаўлены працы… І гэта тыя, хто займаўся менавіта спадчынай!

— Што цікава, сярод пераможцаў было шмат невядомых мне прозвішчаў, ды і пра многія праекты я даведаўся ўпершыню…

— Па шчырасці, для мяне самога было шмат адкрыццяў. Аказалася, задумаў. Агульны ўзровень я б ацаніў вельмі добра. Пераможцы і нават шорт-лістары — гэта праекты, якія не сорамна паказваць замежнікам. Я актыўна камунікую з калегамі з іншых краін ды бачу, што яны ў сваёй дзейнасці вырашаюць фактычна тыя самыя праблемы. Значыць, Беларусь не загразла ў правінцыяналізме, і ў нас збольшага ўсё ў парадку.

Дарэчы, калі наш камітэт ладзіў азнаямленчую вандроўку для рэстаўратараў па сінагогах Літвы, я заўважаў, наколькі лёгка яны знаходзілі агульную мову з замежнымі калегамі. І нашы ў тым дыялогу зусім не пачуваліся “меншымі братамі”.

— Мы з вамі гутарым у цэнтры Вільні. Здаецца, адрозненні ў плане аховы спадчыны з беларускімі гарадамі можна ўбачыць няўзброеным вокам…

— Справа ў тым, што за мяжу мы прыязджаем як зачараваныя турысты, у нас павярхоўны погляд. Звяртаем увагу на вонкавы бляск і не заўважаем нейкіх праблемных рэчаў, якія бачаць прафесіяналы. Аднак магу запэўніць, што праблемы ёсць паўсюль. І на фоне іншых усходне- і цэнтральнаеўрапейскіх краін мы выглядаем прыкладна на тым самым узроўні. Прынамсі, не значна горш.

— Аднак ёсць стэрэатып, што ў нас наогул няма рэстаўрацыі. І нават знойдуцца праблемныя аб’екты, якія можна прывесці ў якасці аргумента.

— Гэта проста кепскі піяр галіны. Мы фармуем пра яе сваё ўяўленне праз СМІ — а яны зазвычай рэагуюць менавіта на праблемы, такая ўжо іх прырода ва ўсім свеце. Але калі ўзяць шырэй, можна заўважыць і шмат станоўчых момантаў. Паспрабуйма параўнаць тое, што мы мелі годзе гэтак у 1986-ым са станам цяперашнім — колькі ўжо аб’ектаў адноўлена! Безумоўна, усё гэта — праз скандалы, спрэчкі, хібы. Так, высілкі не заўсёды даюць чаканы плён, мы не заўсёды пазітыўна ацэньваем тое, што было зроблена раней. Але ў цэлым прагрэс — відавочны.

Мой персанальны інтарэс — гісторыя беларускай рэстаўрацыі. Мяне цікавіць не толькі храналогія падзей: найперш хочацца паказаць, што нам ёсць чым ганарыцца. І ў мінулым, і сёння з’яўляюцца рэстаўрацыйныя праекты без перабольшвання сусветнага ўзроўню.

— Але ці вялікі ў нас уплыў прафесіяналаў на прыняцце рашэнняў? Генплан цэнтра Гродна, які перамог на вашым конкурсе, — добры прыклад таго, калі спадчына становіцца кутнім камянём горадабудаўніцтва. Аднак ці ўвасобіцца ён у жыццё? Або нейкі чыноўнік возьме ды зробіць па-свойму?

— Найперш нам трэба змірыцца з тым, што сфера спадчыны вельмі канфліктагенная. Яна паўсячасна генерыруе сутыкненні паміж рознымі суб’ектамі — у тым ліку, чыноўнікамі і навукоўцамі. Гэта непазбежна, і так ёсць ва ўсіх краінах. Усе вялікія рэстаўрацыйныя праекты суправаджаюцца скандаламі.

— Так, нехта лічыць, што помнікі можна “абсучасніваць” ва ўгоду іх функцыяналу, а нехта ўпарта настойвае на поўным захаванні аўтэнтыкі. Які падыход правільны?

— На маю думку, нельга дэклараваць адназначную памылковасць тых ці іншых падыходаў. Любы мае правана існаванне — але пры ўмове, што ажыццяўляецца правільная камунікацыя паміж зацікаўленымі бакамі. То бок, дамаўляцца трэба. Амаль на кожнай дыскусіі мы кажам пра неабходнасць новай функцыі — асобы, адказнай за камунікацыю. Яе задача — праяўляць і тлумачыць сэнсы і пазіцыі бакоў ды скіроўваць канфліктнасць у прадуктыўнае рэчышча.



— Прызнацца, ад вас такое чуць дзіўна. ICOMOS і Венецыянская хартыя рэстаўратараў маюць настолькі ж непарыўную сувязь, як “партыя з Леніным”. А сама хартыя мае даволі рыгарыстычны падыход: захаванне аўтэнтыкі — і кропка!

— Па сваёй сутнасці, гэтая хартыя — увогуле супраць рэстаўрацыі. Яна ставіць у прыярытэт кансервацыю аўтэнтыкі, а не аднаўленне помніка. Але парадокс у тым, што сярод яе стваральнікаў і прамоўтараў быў польскі рэстаўратар Ян Захватовіч — менавіта ён адказны за паваеннае аднаўленне цэнтра Варшавы, пераўтворанага нацыстамі ў друз. Праўда, Захватовіч спярша сам аднавіў тое, што хацеў, а потым напісаў хартыю.

Уласна, гэта сведчыць пра ўмоўнасць правілаў і падыходаў, хісткасць мяжы паміж тым, што можна і што не. Зразумела, ёсць шэраг абмежаваняў: скажам, нельга знішчаць аўтэнтыку або дапускаць да працы на ёй абы-каго. Але методыкі — гэта тое, што можна і нават трэба абмяркоўваць. Вельмі розныя падыходы могуць быць легітымнымі — калі яны прымаюцца адказна, з улікам меркаванняў розных бакоў і кваліфікацыйных патрабаванняў да спецыялістаў.

Станіслаў Жылінскі, www.sn-plus.com