Штатная адзінка нацыянальнага гісторыка
Пуцявіны жыцця звялі мяне з Яўгенам Анішчанкам выпадкова. Выдатны даследчык гісторыі звярнуўся да мяне з просьбай выдаць кніжку. Я лічу патрэбным заступіцца за гісторыка і сумленнага
чалавека.
Зрэшты, тэма падзелаў Рэчы Паспалітай напрыканцы ХVIII стагоддзя была цікавая і мне. Бо ў афіцыйнай гістарыяграфіі дачыненні Расіі і ВКЛ у той перыяд падаваліся непраўдзіва. Інкарпарацыя апошняй у
склад Расіі падавалася як ледзьве не паратунак для беларусаў.

Пуцявіны жыцця звялі мяне з Яўгенам Анішчанкам выпадкова. Выдатны даследчык гісторыі звярнуўся да мяне з просьбай выдаць кніжку. Я лічу патрэбным заступіцца за гісторыка і сумленнага
чалавека.
Зрэшты, тэма падзелаў Рэчы Паспалітай напрыканцы ХVIII стагоддзя была цікавая і мне. Бо ў афіцыйнай гістарыяграфіі дачыненні Расіі і ВКЛ у той перыяд падаваліся непраўдзіва. Інкарпарацыя апошняй у
склад Расіі падавалася як ледзьве не паратунак для беларусаў.
Мы вельмі хутка знайшлі агульную мову. Так на свет з’явілася кніжка «Стогн» з дакументамі, якія праўдзіва асвятлялі падзеі далёкай мінуўшчыны. А потым былі новыя кнігі
Анішчанкі. І ўсе яны працягвалі асвятляць абраную ім для навуковых даследаванняў тэму насільнага ўключэння беларускіх зямель у склад Расіі.
Не скажу, што тэма гэта дадавала аўтару і даследчыку асалоду грамадскага прызнання. Не раз яму ўказвалася на непажаданасць больш глыбокіх даследаванняў. Але Яўген не збочыў. На абароне доктарскай
дысертацыі ў педуніверсітэце імя Танка калегі выказалі яму шмат цёплых слоў. Апаненты таксама імкнуліся быць аб’ектыўнымі. У выніку доктарская праца атрымала адабрэнне, а дакументы на
прысуджэнне ступені былі накіраваны ў Вышэйшую атэстацыйную камісію.
На жаль, тады ВАК не здолеў падняцца над існаваўшымі павевамі «вечнага» сяброўства з Расіяй і, і азіраючыся на рэзідэнцыю прэзідэнта, не зацвердзіў Яўгена Анішчанку ў доктарскім
званні. Зразумела, што як і тады, так і цяпер кіраўнік дзяржавы не даваў ніякіх указанняў вучоным, як «правільна» асвятляць гісторыю стасункаў з Расіяй. Сам гісторык па адукацыі, ён
бы здолеў разабрацца ў хітраспляценнях палітыкі Кацярыны ІІ не горш, чым зараз разбіраецца ў Пуцінскіх. Але... Але, зразумела, што многія матчы ў краіне гуляюцца і без свістка прэзідэнта. Новы
кіраўнік Інстытута гісторыі паказаў Анішчанку на дзверы. Спачатку Яўген знайшоў часовы прытулак у іншай арганізацыі, а зараз увогуле працуе прыбіральшчыкам.
Я трымаю ў руках чарговы 5-ы том яго выбраных твораў, якія толькі што пабачылі свет.
«Абывацелі правінцыі. Інструкцыі шляхецкіх сеймікаў беларускіх земляў ВКЛ канца XVIII стагоддзя». Вялікі тоўсты фаліянт у дакументах расказвае пра тое, як малілі простыя жыхары
нашага краю караля Станіслава Аўгуста абараніць ад нахабства Кацярыны, як нягледзячы ні на што спадзяваліся, што захопленыя землі будуць усё ж такі вернуты. Абывацелі давалі свае наказы паслам, якія
накіроўваліся на паседжанне сейма саюзнай дзяржавы, ні ў якім разе не ўступаць ні ў які хаўрус з Расіяй. Іх прапановы падтрымлівалася дэпутатамі (пасламі), але сам кароль ужо не надта многа мог.
Імкненне весці незалежную ад Расіі палітыку хутка і яго пазбавіла трона.
Узяў кніжку, паехаў парадаваць аўтара, які шчыраваў з мятлой у ранішняй ліпеньскай прахалодзе: «Яўген Канстанцінавіч, мне здаецца, гэта варта дзяржаўнай прэміі!» Усміхнуўся ў адказ,
уздыхнуў, пагартаў, сказаў: «Дзякуй!» І гэтак жа спакойна дадаў: «Пачытайце дакумент № 63».
Чытаю: «Што тычыцца стану цяперашняй адукацыі ў краі, якая, магчыма, застаецца найважнейшай справай, паколькі фарміраванне сэрцаў маладых абывацеляў залежыць ад рэчаў, якія ў іх адразу
будуць закладзены, паколькі ад іх зыходзіць грунтоўнае набыццё рэлігійнасці, цноты і навук, паколькі яны з’яўляюцца адзінай крыніцай для добрых абывацеляў з якой яснейшы кароль старанна
папаўняе грунтоўныя асновы рэлігіі, цноты і святла ў народзе, то ваяводства даручае ягамосцям паслам прапанаваць і папрасіць станы Рэчы Паспалітай, каб адукацыйная камісія па свайму законнаму
абавязку чула, старанна і ўнікліва як давала званні настаўнікам, так і экзаменавала іх, паколькі гэтай вялікай для народа справай павінны займацца самыя богабаязлівыя, вядомыя цнотай, адукаваныя ў
навуковых максімах і асветленыя рэлігіяй абывацелі».
Вось яно, аказваецца, як было! Дзе ж цяпер узяць богабаязлівых? «І што, ніяк? Не спрабавалі ўладкавацца ў ХХІ стагоддзі па спецыяльнасці?» У адказ Яўген дастаў пісьмо:
«Спрабаваў, пісаў нават у Адміністрацыю прэзідэнта. А атрымаў вось гэта, — ён падаў дакумент, — атрымаў ад таго, хто і паказаў мне некалі на дзверы. Ведаю, месцы
ёсць».
Час цяпер і сапраўды складаны, не XVIII стагоддзе. Але Яўген спадзяецца. Пастаянна ходзіць у раённы аддзел па працаўладкаванню, чакае, што ўрэшце з’явіцца попыт на нацыянальнага гісторыка.
Але ўжо не першы месяц — нічога. У колькіх школах ёсць месцы, але баяцца браць. А каго баяцца?