Шупа прэзентаваў «Іншала, Мадона, іншала» Ергавіча па-беларуску

13 лістапада ў «Кнігарні Логвінаў» — кнігарні «Ў» у Мінску адбылася прэзентацыя кнігі баснійска-харвацкага пісьменніка Міленкі Ергавіча «Іншала, Мадона, іншала» ў перакладзе на беларускую мову Сяргея Шупы.  



2012_11_13_jerhavic.jpg

На прэзентацыю з Прагі прыехаў сам перакладчык, а яго сябра-аўтар, хоць і не здолеў з-за занятасці наведаць беларускую сталіцу, на што спадзяваўся, даслаў відэазварот, адзначыўшы: «Я вельмі шчаслівы, што мая кніга выйшла ў Беларусі…» Гэта другі, пасля надрукаванага год таму ў «Arche» «Сараеўскага Мальбара» пераклад Ергавіча па-беларуску, і другі побач з Літвою выхад паўнафарматнай кнігі гэтага самага перакладанага ў іншых краінах свету балканскага пісьменніка на прасторы былога СССР. Творы Ергавіча сёння чытаюць болей чым на 20 мовах свету, асабліва актыўна яго перакладаюць на нямецкую і італьянскую мовы.

Ажыццявіў выданне — дзявятае ў серыі «Littera scripta» — выдавец і перакладчык Зміцер Колас, які адначасова выступіў рэдактарам, што з поўным правам дазволіла яму адзначыць асаблівасці прозы Ергавіча. «Хаця твор не паэтычны, але, звязаны і заснаваны на эмацыйных пасылах баснійскіх народных спеваў, ён мае такую рытмічную пабудову, што цалкам апраўдвае назву такой прозы — мастацкая…» Сяргей Шупа раздаў на прэзентацыі дыск з запісамі песняў, якія Ергавіч выкарыстаў крыніцай натхнення для 19 апавяданняў, што складаюць кнігу: гэта 15 сэўдалінак, 3 клáпы і адна песня іншага жанру. Сэўдалінкі — творы баснійскага (ці басняцкага) мусульманскага гарадскога музычнага фальклору, гарадскі блюз, пераважна пра каханне і іншыя сур'ёзныя пачуцці, што выконваецца ў акампанеменце саза (трохструннага інструменту з даўгім грыфам) альбо акардэона, клапа — далмацінскія акапэльныя спевы. Дарэчы, тэксты спеваў з перакладамі ўключаны як дадатак кнігі, раскрываючы інструментарый творчасці Ергавіча.

Складана вызначалася і мова, з якой ажыццяўляўся пераклад, бо на прасторы існавання колішняй «саюзнай» сербскахарвацкай сёння выспяваюць, разам з палітычнымі, этнічнымі і рэлігійнымі падзеламі, некалькі моваў. Народжаны ў Босніі (пераважна мусульманскай сёння) у харвацкай сям'і Ергавіч у 1993 годзе з'ехаў у Заграб, сёння піша ў харвацкіх выданнях (шмат працуе як журналіст, l’enfant terrible харвацкай прэсы, вялікі крытык сучаснага жыцця), і піша, натуральна, па-харвацку. Але з дзяцінства ведаў і гаварыў мовай, якой карысталіся ў адукаваных сем’ях Сараева, а ў «Іншала, Мадона, іншала», звяртаючыся да рэалій мусульманскага свету Босніі, яе гісторыі, натуральна, у пераважнай большасці карыстаецца баснійскай мовай.

Гаворачы пра апавядальны стыль Ергавіча, шматлікія напластаванні сюжэтаў і персанажаў, дыгрэсіі, шматстылёвасць, Шупа параўноўвае прозу Ергавіча з апавяданнямі «Тысячы і адной ночы» і «Дэкамерона». А тое, што дзеянне адбываецца ў Босніі — зямлі на мяжы моваў, рэлігій, цывілізацый, перапляцення традыцый, што стварае спецыфічнае сацыякультурнае напружанне і дае дадатковыя літаратурныя магчымасці, збліжае Ергавіча з традыцыяй прозы іншага вялікага паўднёваславянскага пісьменніка, Івы Андрыча, яго выдатнай кнігі «Мост на Дрыне».

Перакладчык распавёў пра гісторыю свайго захаплення творчасцю Ергавіча: «Сем гадоў таму выпала так, што я пачаў вывучаць харвацкую мову і запытаўся ў сяброў, а што б можна было ў вас пачытаць? Мне прынеслі адну з новых выдадзеных ягоных кніг, гэта быў «Арэхавы палац», і, прачытаўшы яго, я адчуў, як гэты тэкст «пераараў» мяне, зразумеў, што гэта мой пісьменнік. Ад таго часу я ўважліва сачу за тым, што піша Ергавіч, і, прызнаюся шчыра, ніводная літара з напісанага імі мяне не расчаравала.

Ён надзвычай таленавіты апавядальнік, наратар, як ён кажа — гэта ўсё ўзята з сэрца, з душы. Чым болей чытаеш яго, тым болей здаецца, што маеш дачыненне з адзіным раманам-ракой, народным эпасам…» На сёння колькасць выдадзеных Ергавічам кніжак, уключаючы некалькі паэтычных, набліжаецца да 40.

Застаецца, следам за перакладчыкам, параіць чытачам атрымаць асалоду ад музычнай, шматграннай, таямнічай плыні прозыЕргавіча. На прэзентацыі атрымалася лішні раз адчуць сугучнасць літаратурнага слова і народнай фальклорнай традыцыі: шэраг песняў балканскіх краін выканаў гурт Каці Ваданосавай «Alta Mente». Набыць кнігу «У Логвінава» можна за 79 тыс. рублёў.

2012_11_13_shupa.jpg

Сяргей Шупа на прэзентацыі.