Сям’я, школа і дэмаграфічная небяспека

Калі ласка, падыміце руку, калі ў вас ёсць базавы недавер да сучаснай школы. Так, нас шмат. Тых, чыя скептычнасць зашкальвае і мае на гэта ўсе падставы. Мы добра памятаем ці цяпер на свае вочы бачым, як выкладанне школьных прадметаў татальна адстае ад сучаснасці, як дзяцей прымусова зганяюць на спартовыя мерапрыемствы і парады, як класных кіраўніц паглынае папяровая праца.

siamja_1.jpg

Гэта складаецца ў адзін пазл разам з іншымі бюракратычнымі выбрыкамі. Мы ўжо апякліся на «адным акне», змарнелі ў бясплатных паліклініках і прыватных медычных цэнтрах, заўсёды гатовыя да таго, што перад носам каса зачыніцца на тэхнічны перапынак, а ў банку і на пошце агрызнуцца замест рэшты.
І калі на фоне маральнай панікі ды барацьбы за гендарную чысціню нам гавораць пра новы школьны факультатыў, не даводзіцца сумнявацца, што там будзе. Па-першае, тэматычны план і спасылкі на познесавецкую «Этыку і псіхалогію сямейнага жыцця» задаюць выразны кірунак і інтэлектуальную афарбоўку курсу. Па-другое, у нашых дзяржаўных інстытуцыях факультатыўнасць чамусьці аўтаматычна ператвараецца ў абавязковасць.
Паводле аўтаркі, асноўная мэта заняткаў — павярнуць моладзь да сямейнай сферы, а іх актуальнасць абумоўліваецца павелічэннем колькасці разводаў. Але ці не значыць гэтая статыстыка адваротнае? Азірніцеся, нас паўсюль акаляюць стратэгіі і тактыкі, якія зводзяць людзей да функцыі. Але калі перад падлеткамі без лішніх цырымоній ставяць задачу захавання дэмаграфічнай бяспекі, робіцца не смешна. Дзяржаву не цікавіць, якія ў цябе планы на ўласнае жыццё, ёй патрэбныя «традыцыйныя каштоўнасці» і «маральныя асновы». Ці не стварае такі цынічны падыход занадта шмат нежыццяздольных «ячэек»? І навошта працягваць наскрозь фальшывую гульню?
Гэта цягне на фарс, калі пятнаццацігадовым маладзёнам плануюць распавесці пра тое, чым дзяўчынкі адрозніваюцца ад хлопчыкаў, і на трагедыю, калі разумееш, што менавіта на «розніцы» і робіцца акцэнт. Мы вяртаемся ў свет строга падзеленых гендарных роляў, дзе жанчына — гэта жонка і мама, якая адказвае за побыт і эмацыйнае абслугоўванне, а таксічная маскуліннасць ухваляецца з маленства.
Да таго ж любыя размовы пра асабістае патрабуюць бяспечнай прасторы і даверу паміж удзельнікамі. Паводле дадзеных ЮНІСЭФ на 2018 год, 65,2% навучэнцаў і навучэнак 8-11 класаў сутыкаюцца з фізічным і псіхалагічным гвалтам у школе, 19,4% адчуваюць яго з боку адміністрацыі і ўласна педагогаў. Ці магчымыя ў такім асяродку адкрытыя і шчырыя дыскусіі? І наколькі высокі шанец выказаць адрозную ад агульнапрынятай думку і не атрымаць у адказ едкі каментар, які абернецца штодзённым цкаваннем да самага выпускнога?
Што трэба школьнікам і школьніцам — дык гэта курс сэксуальнай адукацыі і асертыўнасці. І каб выкладала яго не настаўніца біялогіі, якая саромеецца слова «сэкс», і не тыя, каму не хапае працоўнай нагрузкі да поўнай стаўкі, а адмыслоўцы ў гэтай галіне. Калі дзяржава сапраўды так хвалюецца, то добра было б не прымусова завучваць на памяць адзіна правільныя мадэлі паводзінаў, а дапамагаць зразумець, што быць сабой — нармальна. Што было б карысна — дык гэта ведаць пра эмпатыю і негвалтоўную камунікацыю. А таксама пра тое, што:

  • паводзіны і мысленне не дзеляцца на «жаночае» і «мужчынскае»;
  • у людзей няма «прыроднага прызначэння»;
  • сем’і і каштоўнасці бываюць рознымі;
  • дзеці — гэта выбар, а не абавязак;
  • тваё цела і знешнасць — цудоўныя;
  • твае межы заслугоўваюць павагі;
  • сэкс і сэксуальнасць — гэта не сорамна;
  • не — значыць не, а так — значыць так.

Паводле budzma.by