Скандальны сэкс у Канах

Лесбійская стужка «Жыццё Адэлі» Абдэлаціфа Кешыша атрымала «Пальмавую галіну» Канскага кінафэсту. Крытыкі таксама вылучылі фільм: прэмія ФІПРЭСІ адышла карціне пра дзяўчынак з блакітнымі валасамі і гарачымі абдымкамі (іншая назва стужкі «Блакітны — сама цёплы колер»).



16_1ziznj_adieli.jpg

Рэжысёр фільма “Жыццё Адэлі» Абдэлаціф Кешыш з актрысамі Леа Сейду і Адэль Экзаркопулос

«Жыццё Адэлі» — не першы фільм Канскага кінафэсту, які знітоўвае скандал і сэксуальнасць. Галоўны кінафестываль свету мае ў гэтым старанную і доўгую кінагісторыю.

У далёкім 1951 годзе яшчэ магла лічыцца скандальнай апранутая «Фрэкен Юлія» Альфа Шэберга, дзякуючы атрутным рэплікам Аўгуста Стрындберга, па класічнай п’есе якога і пастаўлены фільм. Але ўжо ў 1954 годзе з’явілася не толькі вылітая ў золаце Пальмавая галіна, што пацясніла сабой Гран-Пры: малавядомая французская старлетка Сімона Сільва здзейсніла першую Канскую сэкс-правакацыю. Дзяўчына непрыстойна агалілася перад камерай; пакуль гэта адбылося на пляжы.

У 1959 годзе цнатлівая стужка Алена Рэнэ «Хірасіма, маё каханне», хаця і не атрымала галоўны прыз, казала не толькі пра каханне, але і пра ядзерны кашмар, што заставаўся траўматычнай і забароненай тэмай.

Студэнцкія закалоты сарвалі фэст 1968 года, а плады сэксуальнай рэвалюцыі прарваліся на экран у сярэдзіне сямідзясятых. Стужка Нагісы Асімы 1976 года «Карыда кахання» не трапіла ў асноўны конкурс, але прайшла на пазаконкурсных паказах і выклікала глыбокі шок. Некаторыя нават называлі яе «лепшай эратычнай карцінай усіх часоў». У гэтым фільме, дзе меліся сцэны, што раней былі адно ў парнаграфіі, жанчына душыла свайго палюбоўніка і адразала — на буйных планах — мужчынскае начынне. Праз два гады Канскія арганізатары ўключылі ў асноўны конкурс працяг — «Імперыю жарсці», і нават далі Асіме прыз за лепшую рэжысуру, але ў фільме ўжо не было такіх шокавых сцэнаў.

Тым не менш, скрыня Пандоры была адчыненая. «Вугар» Сёхэя Імамуры 1997 года з садыстычнай сцэнай ужо быў лірыкай.

Натуралістычныя сцэны з інтымнымі часткамі целаў ужо 15 гадоў як не навіна ў конкурсных Канскіх стужках. «Ідыёты» Ларса Трыера, знятыя ў 1998 годзе, уключалі сцэну оргіі, для якой рэжысёр запрасіў порнаакцёраў. А ў ягоным «Антыхрысце» 2009 года (намінаваўся на «Пальмавую галіну») гераіня жорстка нявечыла геніталіі свае дый мужа.

Карціна Карласа Рэйгадаса «Бітва на нябёсах» (58-ы Канскі кінафэст, 2005 год) пачынаецца непрыхаванаю сцэнай аральнага сэксу (пры гэтым акцёр, які сыграў галоўную ролю, скардзіўся, што найскладаней яму было здымацца ў сцэне, дзе ён ідзе босым па вуліцы).

На сёлетнім кінафэсце была карціна «Хэлі» пра каханне 12-гадовай дзяўчынкі і прадажнага паліцэйскага (у якасці дадатковага шоку — кадры спалення мужчынскіх частак). На гэтым тле яшчэ адна конкурсная карціна — мазахісцкая «Венера ў футрах» Рамана Паланскага — акадэмічная класіка.

За 66 гадоў свайго існавання Канскі фэст прайшоў шлях ад лёгкіх сэксуальна-скандальных намёкаў да плоцевых кадраў як акадэмічнай нормы. Спачатку намёкі з’яўляюцца па-за экранам. Праз 20 гадоў яны ўвасабляюцца ў стужцы для абмежаванай публікі. Яшчэ праз 20 гадоў колішнія скандалы — у галоўным конкурсе, які пакуль прэтэндуе на навізну.

Цяпер адбываецца забранзавенне абвешчанай нормы. «Жыццё Адэлі» з палкім лесбійскім сэксам — гэта ўжо не скандал, а мэйнстрым.

Праз 20 гадоў пачакаем на новыя вынікі.