Скарына і Зло. «Кар’ера доктара Раўса» ў РТБД
Кожны паказ «Кар’еры доктара Раўса» ўнікальны і — гледзячы па рэакцыі — пакідае след у свядомасці.
Выразнае адрозненне паміж словам напісаным і словам прамоўленым палягае ў непаўторнасці апошняга. Увасобленае ў літарах трывае ў часе без усялякіх зменаў. Тое, што было сказана са сцэны, жыве толькі раз. Яно ніколі не паўторыцца ў сваім папярэднім выглядзе: іншай будзе інтанацыя, моц, ракурс, рэакцыя залы. Выйдзе ці лепей, ці горай, але ніколі — роўным таму, што аднойчы бачыў. Адчуванне, якое з’явілася ў гледачоў 31 траўня, на трэцім паказе “Кар’еры доктара Раўса” ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, там, у цемры залы, і застанецца. Дадзены тэкст — спроба ўхапіць мімалётнасць вялікай прыгажосці і замацаваць яе ў трывалай субстанцыі літар.
У нас не так шмат месцаў, якія дазваляюць калектыўна перажыць вопыт беларускасці: наведванне Гістарычнага музея, візіт на “Тутэйшыя” ці “Дзве душы”, паход у Нацыянальны мастацкі — у тую частку экспазіцыі, дзе выстаўлены жывапіс XIX — XXI стагоддзяў, “Камяніца”, “Аднак”, літаратурная імпрэза ў задушлівым куточку “Логвінава”. Ва ўмовах, калі беларускасць ператварылася ў падвід касплэю, сцэнічная медытацыя на тэму нацыянальнага кнігадруку і беларускага слова была вырачаная выглядаць скандальна. Нават калі б спектакль быў простым пераказам жыццёвых вех пана Францыска, для гледача, які прызвычаіўся да веганскага меню і надуманых драмаў сіх-тых беларускіх тэатраў, гэта выглядала б выклікам.
“Кар’ера доктара Раўса” дакладна не спадабаецца дзвюм катэгорыям гледачоў: 1) публіцы, для якой прыметнік “беларускае” тоесны “правінцыйнаму”; 2) тым, для каго выраз “актуальная сучасная драма” значыць коўзанне аголеных постацяў па велізарнай пенапалістэрольнай вагіне. “Кар’ера доктара Раўса” — пастаноўка падкрэслена олдскульная, з жартамі, якія нагадваюць хутчэй Стопарда, чым Грынуэя. Такой была п’еса, такім выйшаў і спектакль. Тут да месца было б сказаць пра асэнсаваную іронію з постмадэрну, які скончыўся ў Еўропе паўсюль, акрамя месцаў, якія тужацца выглядаць “сучасна”. Але, як мне падалося, рэжысёр абраў камфортную для спектакля форму выказвання, не моцна ўдаючыся ў запатрабаваны ў іншых месцах сталіцы фармалізм.
Мне вельмі пашчасціла, што “Кар’еру доктара Раўса” ўзяўся ставіць Аляксандр Гарцуеў. Мая ніякаватая дасведчанасць у драматургіі сустрэлася з грунтоўным веданнем таго, як слова ператвараецца з літар у дзею. У выніку атрымалася падкрэслена літаратурацэнтрычная феерыя: старанна выпісаныя дэскрыпцыі мізансцэнаў прамаўляюцца акцёрамі і не заўсёды супадаюць з тым, што бачыцца воку. Гэта дасціпна, гэта весела. На сцэне шмат музыкі (асобны дзякуй — за Моцарта і за “Пад біелым-біелым пакрывалам йанвара”), і часцяком у мяне было ўражанне, што адказны за музычную частку чалавек нейкім чынам здолеў хакнуць маю галаву і спампаваць мелодыі, якія гучалі ў момант прыдумвання пэўных сцэн Скарынавага жыццяпісу.
Паверце, гэта вельмі моцнае адчуванне: бачыць, як пакуль не знаёмыя табе людзі са сцэны прамаўляюць напісаныя табой словы дакладна з той інтанацыяй, якую ты ўяўляў, калі пісаў дыялогі. Здаецца, нічога мацнейшага пісьменніку перажыць не наканавана.
Гледачы паспелі паведаміць мне, што ў спектакля два акцёрскія склады. Той, які я пабачыў 31-га, вымушаў залу выбухаць смехам і затойвацца так, што чуваць было гудзенне напружання ў лямпачках сафітаў над сцэнай. Я не буду нічога казаць пра маладога Францыска — вы самі ўсё пабачыце, тут словы лішнія. Але Меланхтон (Канстанцін Воранаў) і Лютэр (Валянцін Салаўёў) , якія пачынаюць рагатаць і рагочуць тры хвіліны, і публіка (нечакана для сябе) падхоплівае гэты смех, настолькі заразліва ў іх выходзіць, — вось гэта майстэрства! Мой асабісты кумір — Андрэй Дабравольскі, які сыграў Начальніка ўпраўлення па добрасуседстве і міжрэгіянальных сувязях горада Масквы з такой інфернальнай пераканаўчасцю, што было адчуванне: зараз спусціцца і арыштуе нафіг увесь першы шэраг. Я думаў забамбіць з панам Андрэем сэлфач, калі выходзіў кланяцца зале, але ў апошні момант забаяўся: раптам, як таму Скарыну, выдасць наручнікі і загадае надзяваць!
Асноўная рэжысёрская знаходка Аляксандра Гарцуева — Файны Хлопчык у Галіфэ (ФХуГ). Аляксандр Фёдаравіч аб’яднаў некалькіх адмоўных герояў п’есы ў збіральны вобраз Зла, які перакручвае ідэі галоўнага героя і нават Марціна Лютэра. Да антракту мне здавалася, што ФХуГ патрэбны ў кампазіцыйных мэтах. Да таго ж ён надаваў п’есе большую надзённасць (о, гэтая мізансцэна з “Дзелам” на фоне помніка ля Бібліятэкі)!
Але бліжэй да эпілогу я зразумеў, што ФХуГ паходзіць з крышачку іншага прачытання канцэпту Зла Аляксандрам Фёдаравічам. Для мяне Зло — неад’емны і не зусім рацыянальны складнік беларускай кармы. Вытлумачыць Зло падкопамі круцялёў-кар’ерыстаў значыць звузіць ягоную экзістэнцыйную разнастайнасць. Яно паўсюль, яно ўплеценае ў лёс, з ім дарэмна змагацца. Але рэжысёр сыходзіць з суб’ектнасці Зла, якое можна перамагчы. Фінальная сцэна і словы пра Вясну, якая абавязкова надыдзе, пастулююць перамогу над Злом, увасобленым у канкрэтным апранутым у галіфэшку, героем. У п’есе Скарына скораны (бо ёсць песімістычны гранд-фінал у майстэрні ўроцлаўскага інтралінгатара), у спектаклі Скарына скарае Зло (зерне кінутае, кнігі надрукаваныя, засталося дачакацца з’яўлення той Беларусі, для якой яны выдадзеныя).
Як ужо было сказана, выразнае адрозненне паміж словам напісаным і словам прамоўленым палягае ў непаўторнасці апошняга. Калі хто-небудзь праз сто гадоў задумае паўтарыць тое, што цяпер робіцца ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, ён не здолее зрабіць гэта не толькі праз ненаяўнасць сённяшняй публікі. Файны Хлопчык у Галіфэ, гульня з пацеркамі, шродар на рампе — усё гэта ёсць рэжысёрскімі і сцэнаграфічнымі знаходкамі, якія жывуць толькі цяпер і толькі ў РТБД. Гэта ніколі не паўторыцца. Кожны паказ “Кар’еры доктара Раўса” ўнікальны і — гледзячы па рэакцыі — пакідае след у свядомасці. Дадайце сюды гэтае неспакойнае пачуццё сугучнасці сцэнічнай дзеі таму, што робіцца па-за межамі тэатра, і вы зразумееце, чаму на “Кар’еру” варта паспрабаваць трапіць да канца гэтага сезона.
budzma.by