Спектакль «Дзяды»: тагасветнае і зямное
Паэма Адама Міцкевіча «Дзяды» зноў атрымала ўвасабленне на беларускай тэатральнай сцэне, цяпер у пастаноўцы літоўскай рэжысёркі Рамунэ Кудзманайтэ. Прэм’ерныя паказы адбыліся ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў.
Фота Аляксея Сталярова
Такія незалежныя тэатральныя праекты, калі для супрацы з беларускімі акторамі запрашаецца замежная пастановачная група, — рэдкая падзея для нашай сцэны. Літоўскіх зорак тэатра запрасіў да ўдзелу ў спектаклі прадусар Андрэй Чорны і агенцтва «Тэатр Ч».
Апроч рэжысёркі, якая набыла вядомасць пасля спектакля «Жанчына без цела», да нас прыехалі кампазітар Фаўстас Латэнас, мастак па касцюмах Надзея Гульцяева і мастак-пастаноўшчык Марыўс Яцоўскіс. Абраць менавіта твор «Дзяды» беларуска-літоўскаму тандэму прапанаваў журналіст і актор Юрый Жыгамонт, які таксама задзейнічаны ў пастаноўцы.
Як і ў паэме, дзея пачынаецца са старажытнага памінальнага абраду Дзяды. Праўда, чамусьці самая прыгожая і вусцішная частка паэмы, дзе спляліся містычны фальклор, матыў шанавання продкаў, одум пра вечнасць, на сцэне пачынаецца як шумная моладзевая забаўка з віскатам і гульнёй у снежкі. Такі пачатак неяк не настройвае на містычны, сакральны абрад, які, здаецца, адкрывае рэжысёру цудоўную магчымасць напусціць жудасці.
Паступова весялосць усё ж змяняецца атмасферай таямнічага, тагасветнага. У люстрах адбіваюцца імклівыя цені, а да людзей прыходзяць здані, што не знайшлі супакою — памерлыя дзеці, пан, які быў бязлітасны да сялян. Яны расказваюць свае гісторыі ды просяць чагосьці. «Хто не зведаў горычы ні разу, таму слодычы не будзе ў небе», — настаўляюць прывіды жывых.
Твор «Дзяды» ставіцца за нядоўгі перыяд у Беларусі ужо ў другі раз — паўтара года таму сваё бачанне паэмы прапанаваў малады рэжысёр Беларускага тэатра лялек Алесь Янушкевіч. У тым спектаклі ён стараўся знайсці нечаканыя хады — эксперыментаваў з відэашэрагам, знятым на Наваградчыне, уплятаў шмат незвычайных гратэскных дэталяў. Літоўская рэжысёрка Рамунэ Кудзманайтэ быццам не імкнулася здзівіць, прадэманстраваць мадэрновыя пошукі, дазваляючы заварожвальна простай паэзіі Міцкевіча быць ярчэйшай за дэкарацыі ды ўсе тэатральныя прыёмы.
Палкі маналог пра няшчаснае каханне, за якім стаіць біяграфічная гісторыя самога Міцкевіча, адрынутага Марыляй Верашчакай, з вялікім эмацыйным напалам прамаўляў актор Купалаўскага тэатра Раман Падаляка ў ролі Густава-Конрада.
Пераклад «Дзядоў» на беларускую, які гучаў у абодвух спектаклях, ажыццявіў паэт-бум-бам-літавец і навуковец Серж Мінскевіч. У антракце ён згадаў, як гэта было: «Перакладаў яшчэ студэнтам, з 1994 па 1998 гады, то бок у тым жа ўзросце, у якім Міцкевіч паэму ствараў. Праца была цяжкая. Аднойчы ў метро злодзеі парэзалі мне торбу, думаючы, што ў мяне там багацце. А там сапраўды было багацце — сшыткі з чарнавым перакладам. Добра, што не скралі».
Параўноўваць пастаноўкі Серж Мінскевіч не наважыўся: «Яны сапраўды зусім розныя, хаця абедзве цудоўныя. У Міцкевіча столькі глыбіні, што кожны рэжысёр можа прапанаваць сваё прачытанне. Мне вельмі спадабалася інсцэніроўка Максіма Клімковіча, бо ён абраў правільныя акцэнты, захаваў тэмпарытм, ну, і дзякуй акторам — столькі вершаў на памяць!».
Безумоўна, паэма «Дзяды» — не самы лёгкі твор для тэатральнай сцэны, ён пісаўся ў розныя часы, і без ведання сюжэту ды акалічнасцяў жыцця класіка еўрапейскага рамантызму гледачам успрыняць яго можа быць не проста. Пісьменнік Максім Клімковіч, аўтар дэтэктыўных і прыгодніцкіх раманаў, які рабіў сцэнічную версію паэмы, расказаў, што ў пэўны момант працы нават запанікаваў:
«Паэма не скончаная, некаторыя сюжэтныя лініі абарваныя. Асобныя часткі даволі складана састыкаваць паміж сабой, хоць яны звязаныя агульнымі героямі. Калі я пачынаў рабіць інсцэніроўку, то налічыў 30 герояў, а потым зразумеў, што далей лічыць не варта, бо будзе 40, а можа, і 50. Але ў той жа час у творы столькі ўсяго, што даволі проста зрабіць акцэнты, ёсць, з чаго абіраць».
Ён таксама згадаў, што праца з літоўскай рэжысёркай праходзіла цудоўна, адзінае, што замінала — Рамунэ Кудзманайтэ спачатку не разумела беларускай мовы, таму звяралася з літоўскім тэкстам. Але пад канец рэпетыцый пераклад ёй ужо патрабаваўся рэдка. «Рамунэ — часам жорсткі чалавек, здольны прымаць рашэнні, але пры гэтым яна любіць актораў і добра іх разумее. Праца з ёй была лёгкай».
Другая частка спектакля прысвечаная падзеям 1823 года, калі малады Міцкевіч разам з Тамашам Занам, Янам Чачотам, Ігнатам Дамейкам за ўдзел у таварыстве філаматаў быў кінуты ў вязніцу ў Базыльянскіх мурах. Сябры святкуюць Каляды ў кляштары і даюць клятвы вернасці сваёй радзіме.
«Гэты спектакль — пранізлівы напамін нам пра тое, што адбываецца, калі цкуюць эліту, калі знішчаюцца людзі вальнадумныя, гордыя, свядомыя, як гэта балюча, — кажа драматург Андрэй Курэйчык пасля спектакля. — Я лічу, што мастацкія сродкі, каб перадаць гэта на сцэне, былі знойдзеныя. Хаця, вядома ж, твор Міцкевіча — паэзія, а не сюжэтная драматургія. Яна ўспрымаецца па-іншаму, зусім не так, як творы Гогаля ці Пушкіна. Магчыма, гледачу складана разбірацца ў персанажах, у іх адносінах. Але гэта паэтычны тэатр у добрым сэнсе слова».
Спектакль паводле «Дзядоў» атрымліваецца проста невычэрпным па колькасці паднятых у ім вечных тэмаў — ён пра смерць і вечнае жыццё, пра спадчыну, каханне і свабоду. І сённяшнім беларусам, вядома ж, хочацца бачыць у ім нешта пра сябе. Анёлы на сцэне раскручваюць белыя і чырвоны клубочкі, утвараючы з нітак важныя злучэнні колераў. І калі адзін з герояў-вязняў прамаўляе: «Жыве мая радзіма!» — зала з разуменнем адгукаецца апладысментамі.