Сведкі і творцы гісторыі

Калі вядомаму гісторыку мастацтва Маі Міхайлаўне Яніцкай споўнілася 80 гадоў, а праз некалькі дзён у фальварку «Добрыя мыслі» мінская інтэлігенцыя сабралася павіншаваць яе з юбілеем, цяжка верылася ў такі паважаны ўзрост гэтай прыгожай жанчыны. Як заўжды, стылёва апранутая, далікатная і трапная на ветлівае і выразнае слова, жвавая і энергічная. (На здымку: Мая Яніцкая і Аляксей Марачкін)



7aa685b3b1dc1d6780bf36f7340078c9.jpg

Калі вядомаму гісторыку мастацтва Маі Міхайлаўне Яніцкай споўнілася 80 гадоў, а праз некалькі дзён у фальварку «Добрыя мыслі» мінская інтэлігенцыя сабралася павіншаваць яе з юбілеем, цяжка верылася ў такі паважаны ўзрост гэтай прыгожай жанчыны. Як заўжды, стылёва апранутая, далікатная і трапная на ветлівае і выразнае слова, жвавая і энергічная.

(На здымку: Мая Яніцкая і Аляксей Марачкін)


Па яе кнігах — а яна аўтарка 7 манаграфій — сёння можна вывучаць гісторыю беларускага шкларобства. А таксама атрымліваць звесткі па бясконцых пытаннях гісторыі ўжытковага мастацтва Беларусі — у шматлікіх каталогах, энцыклапедыях, пачынаючы яшчэ з першай Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (1969–1976), у каталогах выстаў. Уся экспазіцыя шкла Музея старажытнабеларускай культуры, уключаючы ўнікальныя рэканструкцыі археалагічных шкляных вырабаў — праца Маі Міхайлаўны.
Яніцкая не адставала і ад новых тэхналогій — пакінуўшы ў 1991-м Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі Навук, працавала ў Скарынаўскім цэнтры, а затым у Інстытуце праблем культуры, дзе стварала серыю мультымедыйных дыскаў, прысвечаных нацыянальнай мастацкай спадчыне.
Маю Міхайлаўну як даследчыка і спецыяліста ведаюць многія. Але наша газета палічыла за лепшае павіншаваць юбілярку публікацыяй фрагменту яе ўспамінаў пра карані яе роду і падзеі 70-гадовай даўніны. Мая Міхайлаўна выдатна памятае пачатак вайны. З юбілярам размаўляе Аляксей Хадыка.
— Ці праўду сцвярджае пагалоска, быццам сядзіба яе продкаў знаходзілася побач з Сувораўскай вучэльняй?
— Побач з Сувораўскай вучэльняй была сядзіба бацькоў майго мужа. А дом маіх бацькоў знаходзіўся ў Лагойскім раёне, у вёсцы Вялікія Кропавічы. Там жыла бабуля, уроджаная Караліна Сапега, якая паходзіла са знакамітага магнацкага роду. Дачка Антона Сапегі. Я асабіста падобная да таго Антона Сапегі.
Муж маёй бабулі Караліны з Сапегаў, Казлоўскі, увесь час быў арандатарам, а потым, зарабіўшы грошы, набыў сядзібу. Яна месцілася ў мясцінах, дзе валодалі землямі продкі Янкі Купалы: на тых самых могілках, дзе і мае продкі, пахаваная маці вялікага беларускага песняра.
У 1939-м, з прыходам савецкай улады, пачалася ліквідацыя хутароў, і продкаў прымусілі перанесці сядзібу. Яе паставілі ў вёсцы, але мясціну, дзе яна папярэдне стаяла, людзі па-ранейшаму называюць Казлоўшчынай, ад імя дзеда. Хата аж дагэтуль стаіць у Вялікіх Кропавічах. Казлоўскія, як і Сапегі, былі каталікамі.
Другі мой дзед, Лука Пракопавіч Лапцэвіч, з кулакоў, праваслаўны. Яны жылі на Віцебшчыне, у ваколіцах Плешчаніц. Прадзед Пракоп служыў валасным пісарам і меў пяць сыноў. Зямлі ў яго было 40 валок, якія ён пароўну падзяліў паміж сынамі: адпаведна, дзеду дасталася 8 валок. У дзеда нарадзіліся два сыны і пяць дачок. Пасля рэвалюцыі ён быў раскулачаны і сасланы ў Сібір. Калі ў 1938 годзе ён вярнуўся, хата яшчэ стаяла. Пазней яе перавезлі ў Мінск, на вуліцу Слясарную (бацькі пераехалі ў Мінск раней за дзеда). Мне было яшчэ два гадкі, а мой бацька ў 1933-м ужо актыўна арганізоўваў саўгасы і калгасы, зрабіўшыся апантаным партыйным дзеячам. Ён прыняў камунізм, як многія маладыя прымаюць нешта новае... Перакананаму камуністу, яму заўсёды даставаліся папрокі аднапартыйцаў за бацьку-кулака. А ён асабіста ездзіў па вёсках, раскулачваў няшчасных людзей. Мне падаецца, што многія беды нашай сям’і ў далейшым — Божая кара за яго дзейнасць. Памятаю, як аднойчы ён вярнуўся з працы і з відавочнай палёгкай сказаў: «Нарэшце з мяне знялі чортаву пячатку!» Мне было гадоў шэсць, у той дзень Сталін заявіў: «Сын за бацьку не адказвае...»
Дзеда па вяртанні са ссылкі ў Мінск перад вайной зноў арыштавалі, і ён сядзеў у Ігумене (сёння — Чэрвень). Маці вазіла яму перадачы. З пачаткам вайны ён вярнуўся ў мінскі, перавезены з-пад Плешчаніц, дом. Каля 100 метраў, пяць пакойчыкаў, кухня. На новым месцы яго збіралі традыцыйнай талакой. На той час бацька зрабіўся дырэктарам мэблевай фабрыкі «Радзіма» ў Мінску. На вуліцы Слясарнай, у раёне, дзе яна падыходзіць да Свіслачы і дзе знаходзіцца хлебазавод-аўтамат, атрымоўвалі сядзібныя ўчасткі рабочыя станкабудаўнічага і іншых заводаў і фабрык. Ім давалі па 9 сотак з магчымасцю пабудаваць драўляны дамок і зладзіць гародзік.
Цікава, што дом перажыў вайну, бамбёжкі і шмат часу пасля. Яго знеслі, калі на Слясарнай пачалі будаваць дамы для начальства з ЦК КПБ. Там жылі мама і мой брат Валеры Лапцэвіч, на той час намеснік галоўнага інжынера Белпрампраекта. Пасада дапамагла яму з мамай кожнаму атрымаць па аднапакаёвай кватэры.
Раскажу, як я перажыла пачатак вайны ў Мінску: бо сведак застаецца небагата. Скажам, як паводзілі сябе немцы — вельмі па-рознаму. У чэрвені 1941-га горад здалі без адзінага стрэлу. Калі зараз кажуць, быццам Савецкая армія супраціўлялася — гэта няпраўда. Немцы не прыйшлі, пяхоты не было — яны прыехалі: самае простае — салдаты на роварах, а так збольшага матацыклісты. Вось я і чую, як на нашай вуліцы хлопцы крычаць: «Немцы едуць!» Я гляджу — едуць звычайныя людзі. А ў савецкіх газетах, якія я чытала з шасці гадоў, малявалі выключна нейкіх буржуінаў або чарцей! Я так сабе і кажу ўголас: «Дык гэта ж людзі!» І гэтыя людзі адразу ўзяліся наводзіць парадак, бо некалькі дзён было міжуладдзе, усё апынулася разбураным, усё расхваталі, разрабавалі заводы, крамы. У першыя ж дзень-два немцы наладзілі харчаванне — з машын з вялікіх чанаў людзям раздавалі суп. І так некалькі дзён, пакуль не наладзілася жыццё. А горад тым часам гарэў — немцы разбамбілі цэнтр, увесь сённяшні праспект. Ужо пазней астатняе дабамбіла савецкая авіяцыя. Калі сполахі пачалі аціхаць, мама сказала мне: “Схадзі ў горад, паглядзі, што там робіцца. Слясарная, дзе мы жылі, не лічылася горадам. Горад — тое, што ў цэнтры на пагорках. Падымаешся на гару да Дома афіцэраў — і ты ў горадзе.
І вось, даходжу я да ўздыму, што ля Дома афіцэраў, і бачу: стаяць вісельні, дзве ці тры. На першай вісеў хлопец гадоў шаснаццаці. Я хутка пабегла назад да мамы, спалоханая... Вось такія першыя ўражанні ад немцаў. Потым мяне яшчэ хацелі забраць як «юдэ», жыдоўку. Як гэта адбылося? Трэба ж было сям’і з нечага жыць — маці, дзеду, бацькавай незамужняй сястры Дашы і траім дзеткам, з якіх я, дзесяцігадовая, была старэйшай. Усіх трэба накарміць! І мама, узяўшы ўсе свае лепшыя адзежы, модныя сукенкі з крэпдэшыну, бацькавы бастонавы касцюм пайшла на Чэрвеньскі рынак і абмяняла на карову. (Маме пашанцавала перад вайной у Лагойску скончыць курсы швачак, і гэта ёй вельмі дапамагала. Яна мела дызайнерскі талент і вырабляла выдатныя строі і сукенкі — магла пашыць нават не прымяраючы на чалавека, на вока. Гэта нас і ратавала). І вось яна прывяла карову ў наш агарод. А за гародам пачынаўся пасёлак «Камінтэрн», там жылі розныя начальнікі і артысты опернага тэатра — перад самай вайной іх засялілі ў двухпавярховыя драўляныя дамкі. Адна з акторак, угледзеўшы нашу карову, таксама набыла сабе рагульку і, прыйшоўшы да маёй мамы, папрасіла, каб я іх пасвіла разам. А ўвосень за гэта паабяцала нам машыну дроваў. Так пачалася мая праца пастушкі.

Мінск. 1941 год


Аднойчы, у дажджлівы дзень лета 1941-га, я выйшла пасвіць каровы, накінуўшы на плечы карычневую хустачку. Тая была з дзіркай, якую маці зацыравала латкай у жоўты колер, і латка якраз прыпала на спіну. Тут ідуць два нямецкія, менавіта нямецкія, паліцаі-патрулі, бачаць мяне, крычаць «юдэ!» і ўжо мяне хапаюць і цягнуць. Выратавала суседка Капусціна, якая, выскачыўшы, блытаючы нямецкія і беларускія словы, здолела патлумачыць, што я не габрэйка.
Тым часам маці і надалей працавала швачкай — шыла мужчынскія буркі і штаны, а я хадзіла на Чэрвеньскі рынак і прадавала. «Выбачай, дачушка, — сказала мама, — ты ў мяне адзіная старэйшая, будзеш за сына!» На рынку надаралася падпрацоўка — купіўшы бохан, пакроіць яго на лусты і прадаваць разам з вадой. Тады пад канец дня можна было напрацаваць яшчэ на адзін бохан. А пагандляваўшы вопраткай, трэба было набыць тканіны на новую працу... Калі пазней у СССР пра нас, з акупаваных тэрыторый, казалі — здраднікі, я думала: каб у вас язык адсох! Колькі мільёнаў, без аніводнага стрэлу, кінула ў палон савецкая дзяржава! У першыя дні вайны ў небе лёталі адны месершміты! Мая мама са здзіўленнем казала: а дзе ж слаўныя сталінскія сокалы, пра якіх грымела прапаганда перад вайной?
Пад канец 1941-га, у снежні, мы сышлі з горада. У Мінску паўсюдна віселі афішы, дзе паведамлялася: за галаву камуніста прапаноўваецца 25 тысяч акупацыйных марак, а за галаву кожнага члена яго сям’і — па 5 тысяч. На нашай сям’і можна было добра зарабіць. А тут адна суседка пытаецца ў маці — а ці праўда, што твой Міша да вас прыходзіць уначы? Маці зразумела, што час з’язджаць з горада.
Бацька, праўда, загінуў у першыя ж дні вайны — яго разбамбілі ў вайсковым эшалоне, што рушыў з Мінска на Брэст, 24 ці 25 чэрвеня. Па вайне мы атрымалі фальшывае паведамленне, што бацька прапаў без звестак у верасні 1944-га. Мы яшчэ тады падумалі, як жа ён ад пачатку ліпеня да верасня 1944-га ў вызвалены Мінск, дзе пакінуў усю сям’ю, не даслаў ніводнай весткі? Пазней мы зразумелі: такімі падманамі савецкая ўлада складала з сябе абавязкі даглядаць сем’і палеглых франтавікоў. Пра яго смерць распавёў увосень 1945 года адзін з ягоных таварышаў па працы, які ацалеў пад бамбёжкай у тым цягніку і здолеў адыйсці з фронтам на Усход.