Свет Марты Шматавай

У Мінскай бібліятэцы імя Пушкіна адбылася выстава “Паралельныя размовы", якая прыцягнула ўвагу аматару жывапісу прыхільнасцю ўдзельнікаў (У. Швайбы, М. Малышава і інш.) да ідэў сюррэалізму. Адным з аўтараў прац была мінская мастачка Марта Шматава, дачка доктара мастацтвазнаўства, былога супрацоўніка Інстытута мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН РБ Віктара Фёдаравіча Шматава.
 



1303.jpg

У маладосці яна была прыхільніцай гэтага накірунку, цяпер яе творы выдзяляюцца на фоне іншых унутраным спакоем і гарманічнасцю вобразаў, цеплынёй і пяшчотай жаночага светаўспрыняцця. Мы сустрэліся са спадарыняй Мартай у яе творчым асяродку, і яна падзялілася думкамі, якія яе хвалююць.
На карцінах Марты Шматавай час спыняецца, героі думаюць пра вернасць ідэалам, мужчыны ставяцца да жанчын з беражлівасцю і далікатнасцю. Працы “Філосаф, “Святло месяцу, “Ноч, “Паміж сезонамі, “Ідылія, “Натхненне сведчыць пра дасканала сфарміраваны аўтарскі стыль, гуманістычную скіраванасць твораў, багацце пачуццяў і адухоўленасце вобразаў.
— Раскажыце, калі ласка, як традыцыі сям’і паўплывалі на ваш жыццёвы выбар.


sam_1298.jpg

— Я нарадзілася ў 1965 годзе. З дзяцінства памятаю, як бацька кожны дзень працаваў над малюнкамі, графікай. Спачатку дома ў аднапакаёвай кватэры на вуліцы Валгаградскай, потым — над жывапіснымі працамі ў вялікай майстэрні каля кінатэатра “Перамога. Тата выхоўваўся ў дзіцячым доме, горача імкнуўся да адукацыі. Ён вучыўся спачатку на графічным аддзяленні, рабіў эскізы, сатырычныя малюнкі, потым перайшоў на жывапіс. Працаваў ён вельмі шмат, пачынаючы з 5-ці гадзін раніцы: графіка, жывапіс, навука, грамадская дзейнасць прыцягвалі яго. Алесь Марачкін можа нагадаць, што ў свой час бацька натхніў сяброў ідэяй нацыянальнага Адраджэння. Мама Валянціна, кандыдат хімічных навук, спрыяла яму і дапамагала, яна была цудоўным чалавекам. Тата прыдумваў кожны дзень для мяне казкі ў фальклорным духу пра Алеся і Яна, а назаўтра павінен быць працяг. Бацька паўплываў на мой лёс тым, што ў ім павінна прысутнічаць творчасць. Ён ставіў перада мной з маленства складаныя задачы: перакласці апавяданне з дзіцячай кніжкі са слоўнікам. Малой, мне карцела даведацца, што адбываецца ў кнізе, і я паглыблялася ў слоўнік.
Віктар Фёдаравіч быў родам з Камарынана, таму вельмі блізка да сэрца адчуў Чарнобыльскую бяду. Разам з калегамі ён імкнуўся выратаваць лепшыя этнаграфічныя экспанаты, эвакуяваць не толькі людзей, але і мастацкія вырабы. З калегамі ён стварыў унікальны аддзел “Помнікі этнаграфіі і народнага мастацтва Чарнобыльскай зоны пры Музеі старажытнабеларускай культуры інстытута. Ён быў адным з першых, хто быў узнагароджаны медалём Ф. Скарыны.
Я скончыла ў вучэльню імя Глебава. На старэйшы курсах у мяне з’явіліся акрэсленыя мэты, вырашыла паступаць у Акадэмію мастацтваў. Але капіраваць бацьку не хацела, шукала свой стыль і выражэнне ўласнай індывідуальнасці.
— Тым, што вы — жанчына, ваш свет ужо вызначаны сваёй непаўторнасцю…
 — З дзяцінства я была незалежная. Паступіла вучыцца на графіку, таму што на гэтым аддзяленні ад студэнтаў менш патрабавалася адпавядання канонам сацрэалізму. Я лічыла, што кніжная графіка дасць мне больш свабоды. Мой дыплом быў прысвечаны творчасці Максіма Багдановіча. Вабіў яго фантастычны, міфалагічны свет. Кожнае слова ззяла, нібы дыямент. Пазней я перайшла да жывапісу. З таго часу, калі я пачынала, памянялася грамадская фармацыя.
На старэйшых курсах усе пачалі шукаць свабоды, хацелася новага. Рамантызм і ідэалізм прысутнічалі ў вялікай ступені. Даведаліся пра многіх замежных мастакоў. Пікасо быў вядомы толькі таму, што ён быў камуніст…
Мы з сябрамі вялі гурткі з дзецьмі. Я была ўжо замужам, нарадзіўся сын. Мне было прасцей знаходзіцца з сынам і пісаць карціны дома на кухні.
Я заўсёды іду ад жыцця, ад уласных пачуццяў. Быў такі час, перабудова, руйнаваўся адзін уклад, з’яўлялася новае — нараджаліся такія творы сюррэалістычнага рэалістычнага бачання. Трэба было знайсці новыя арыенціры, адказаць на пытанні, у чым сэнс гісторыі, сэнс свабоды. Я займалася самаадукацыяй, удасканаленнем тэхнікі.
— Акрамя клопату пра сям’ю, жанчына імкнецца прыўнесці ў навакольнае асяроддзе гармонію, цеплыню, беражлівасць, і вашы карціны нясуць гэтыя імпульсы.
— Я знайшла адказ для сябе ў тым, што хачу перадаваць пазітыўныя светлыя энергіі. Нашае жыццё далёкае ад дасканаласці. У ім шмат праблемаў, шмат болю. Мастацтва мусіць гэта адлюстроўваць, быць неадназначным. З другога боку, кожны з нас ідзе ад прыроды, ад таго, што ў ім закладзена ад пачатку. Свет у душы ёсць у любых абставінах, трэба яго візуалізаваць. Памятаю, як Нінэль Шчасная ў свой час старалася зладзіць як мага больш менавіта жаночых выставаў, спагадна ставячыся да іх, часам заплюшчваючы вочы на недахопы.
— Сённяшняй віртуальнай прасторы бракуе далікатнасці, цнатлівасці. На вашых карцінах мужчыны глядзяць на жанчын з трапяткімі пачуццямі, з замілаваннем. Дзяўчыны засяроджаны на думках і пачуццях, ім уласціва павольнасць, задуменнасць, адухоўленасць…
— У маіх карцінах галоўнай асобай з’яўляецца Чалавек. Менавіта ўспрыняцце свету чалавекам афарбоўвае гэты свет эмацыйна, напаўняе яго сэнсам.
Чалавек і час, чалавек і прырода, чалавек і цывілізацыя, чалавек і чалавек, чалавек і ягоныя мары і мроі — роздум на гэтыя тэмы даруе мне сюжэты маіх карцін.
У раскрыцці тэмы я звяртаюся да мовы сімвалаў. Гармонія і сімвалічны характар колераў, ліній і формаў мае не меншае значэнне, чым сюжэт. Зразумела, колер — таксама і незаменны сродак у стварэнні дэкаратыўнай тканіны карціны, яе настрою. У маіх карцінах часам мяжа паміж зямлёй і небам з’яўляецца ўмоўнай і зменлівай, як няма ў нашым жыцці і ўспрыняцці дакладнай мяжы паміж “зямным і “нябесным. Зямля і неба, зіма і лета, дзень і ноч, рэальнасці і мроі суіснуюць, змяняюць адно аднаго. Гэты ўзор, які пачынаецца ў бясконцасці і сыходзіць у бясконцасць, абрамляе чалавечае жыццё, уплятаецца ў яго, выклікае захапленне перад велічнымі таямніцамі Быцця.
Такім чынам, мне цікава даследаваць непаўторны і таямнічы ўнутраны свет чалавека, ягоныя роздумы і мроі, якія звязаны менавіта з адчуваннем сябе Чалавекам — часовым жыхаром Зямлі, але тым, хто валодае бессмяротнай душою.
Думаю, што ўменне адчуваць прыгожае — вялікі дар чалавеку ад Прыроды. Мастак жа мае шчаслівую магчымасць з дапамогай сваіх твораў размаўляць як са сваімі сучаснікамі, так і з будучымі пакаленнямі. Хочацца, каб гэтая размова як абуджала роздум, так і несла радасць, надзею, аптымізм.
Праца у майстэрні над палатном — эмацыянальна насычаная, прыходзіць шмат адкрыццяў, знаходак, але бываюць і расчараванні.
Час бяжыць, плынь жыцця імчыцца ў штодзённых клопатах, але ёсць прыпынкі, калі чалавек знаходзіцца сам-насам з сабой. Вядзе дыялог са сваёй душой. Гэтыя моманты чалавека развіваюць і яго падымаюць.
— Чым была адметная выстава “Паралельныя размовы?
— Выстава адбылася дзякуючы ініцыятыве і энергіі Максіма Малышава, які з’яўляецца прыхільнікам сюррэалізму. З мастачкамі — дзяўчынамі Горавай і Міронавай — яго звязваюць сяброўскія адносіны і былыя выставачныя праекты. Але на гэты раз ён, дзякуючы сваёй настойлівасці і ідэі, якая ім кіравала, прыцягнуў да свайго праекту новых удзельнікаў: мяне, Генадзя Драздова і Усевалада Швайбу. Выстава атрымала такі каментар:
“Кожны з аўтараў мае сваю ўласную вобразна-стылёвую мастацкую мову. Агульнай з’яўляецца цікавасць да таямніц чалавечай падсвядомасці, мрояў і мараў, якія даюць бязмежную прастору для пабудовы суб’ектыўнай мастацкай рэальнасці. Творчасці мастакоў уласцівыя сімвалізм, разуменне мастацтва, як выніку ўзаемадзеяння трансцэндэнтнага і індывідуальнага, непаўторнасць стылю.
Аўтары зацікаўлены ў даследаванні ўнутранага свету чалавека, які падаецца не менш рэальным, а часам больш значным, чым свет знешні.
— Ці маеце вы дастаткова пляцовак на Беларусі і ў замежжы, каб знаёміць гледачоў з творчасцю?
— На Беларусі такіх прапановаў паступае вельмі мала. Мы прызвычаіліся ездзіць з групай калегаў на выставы ў Германію, Нідэрланды. Калектыўную выставу зрабіць лягчэй. У адным нямецкім рэгіёне жывуць 100 спонсараў жывапісу. На Беларусі пакуль мала такіх мецэнатаў. Недахоп іх не дае магчымасць гледачам развівацца і атрымліваць інфармацыю пра сучаснае мастацтва. Галерэі можна пералічыць па пальцах. Я б з радасцю не траціла столькі часу на пошукі і не ехала б далёка, калі б у нас была развітая структура арт-рынку.
Творы Марты Шматавай дэманстраваліся на шасці персанальных выставах у Мінску, на выставе “Жаночы свет у Нацыянальным мастацкім музеі, у галерэі «Piktura Aeterna ў Брусэлі, у галерэях “Arhours Genzel і “Sed Arte ў Эстоніі. Хутка яе карціны адправяцца ў Чыкага, дзе цікавасць гледачоў не меншая.
 

sam_1292.jpg

Марта Шматава і яе працы


sam.jpg


 

Фота аўтара