Свята сонца ў Дудутках: сезон Купалляў распачаты! (фота)
Набліжаецца сонцаварот, самая кароткая ноч году. У Дудутках ужо адсвяткавалі Купалле. Бадай, ніводнае беларускае традыцыйнае каляндарнае свята не можа пахваліцца такімі маштабнымі мерапрыемствамі, што да яго прымяркоўваюцца.
Сезон святкаванняў Купалля распачаў фэст “Свята сонца” ў Дудутках 16-17 чэрвеня. Наперадзе – “Купальскае кола”, свята ў Музеі народнай архітэктуры і побыту, Рудабельскае Купалле ў пасёлку Акцябрскі (у межах Фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”), фэст у маёнтку “Сула” і шматлікія мясцовыя святкаванні ў гарадах і вёсках. На аматара – яшчэ агульнарэспубліканская “Александрыя збірае сяброў”.
Па словах галоўнага арганізатара Свята сонца Аляксандра Рака, мерапрыемства розніцца ад тых, што ладзяць канкурэнты, сваім добрым планаваннем. Гэта дазваляе не баяцца надвор'я і заўсёды выходзіць у плюс. Аляксандр Рак адзначае, што ў Беларусі не так і шмат камерцыйна паспяховых фэстаў, хаця колькасць мерапрыемстваў з кожным годам множыцца. Сёлета Свята сонца прайшло трэцім разам. У 2016-м яно сабрала 700-800 наведвальнікаў, у 2017-м – ужо тры з паловай тысячы. Сёлетніх лічбаў пакуль няма. Хутчэй за ўсё, нягледзячы на дождж у Мінску напярэдадні, яны будуць немалымі. Іншае і ўявіць складана, з такім зорным складам музыкаў. На галоўнай сцэне фестывалю выступілі гурты VOLSKI, IRDORATH, PAWA, ТРОЛЛЬ ГНЁТ ЕЛЬ (Расія), FRAM (Україна), RE1IKT, ЯВАРЫНА, KETRI, КАЦЯРЫНА ВАДАНОСАВА & Fantasy Orchestra, PRAGNAVIT (Магілёў).
Троху незразумелая канцэпцыя, па якой складалася музычная праграма: гурты даволі разнажанравыя. Зрэшты, гэта прывабіла розныя катэгорыі наведвальнікаў, кожны мог пачуць нешта цікавае для сябе. Сэт зорак перарваўся фестывалем у фестывалі – спаборніцтвам тэатраў вагню і сольных фаершчыкаў.
На малой сцэне, як і на вялікай, выступілі гурты розных жанраў. Там дзейнічаў заяўляльны прынцып: артысты збольшага самі звярталіся да арганізатараў.
На Свяце сонца было даволі шмат людзей з дзецьмі, але ўсё роўна не столькі, як на еўрапейскіх фестывалях, дзе звычайна робяць адмысловыя пляцоўкі з разнастайнымі актыўнасцямі. Затое дэмакратычнымі коштамі, у адрозненні ад тых жа еўрапейскіх фестываляў, радаваў фудкорт.
Бадай, ніводнае беларускае традыцыйнае каляндарнае свята не можа пахваліцца такімі маштабнымі мерапрыемствамі, што да яго прымяркоўваюцца, як Купалле. Пры гэтым мясцовыя варыянты свята збольшага забытыя, нават для сельскіх мерапрыемстваў часта выкарыстоўваюцца не ўспаміны старэйшых жыхароў, а стандартныя сцэнары. І гэта цікавы прыклад новага жыцця свята, ужо не ў яго лакальным варыянце, а на нацыянальным узроўні. Філосаф Уладзімір Конан лічыў, што пераход лакальнага ў нацыянальнае – той шлях, што чакае традыцыйную культуру пасля індустрыялізацыі ды ўрбанізацыі.
Большасць наведвальнікаў Свята сонца, мабыць, чуць не чулі пра рэгіянальную разнастайнасць беларускага Купалля, але ўначы спантанна завялі карагоды, пайшлі купацца, сталі скакаць праз вогнішча. Гэта новае жыццё традыцыі, і жыццё надзвычай цікавае.