
Напачатку гэтай гісторыі быў званок Іосіфа Барысавіча Цімкоўскага, які прапанаваў «НЧ» матэрыялы пра рэалізаваны ў Беларусі праект архітэктара. І вось у мяне на руках адмысловы
артыкул Эдзіты Баруцкай. Амаль усё пераказанае ніжэй — плён яе даследчыцкай працы.
Для Іосіфа Цімкоўскага шлях да зацікаўлення закінутымі рэшткамі сядзібы Хлудзінскіх гербу «Даленга» ў Лясковічах, у Шумілінскім раёне Віцебшчыны, пачаўся з візіту беларускіх
архітэктараў у Польшчу ў 2003 годзе. Яе праграма ўключала сустрэчу з патрыярхам польскай гісторыі архітэктуры Тадэвушам Баруцкім, аўтарам дзесяткаў манаграфій і даследаванняў. Тады і прагучала
інфармацыя пра забыты твор маэстра англійскага мадэрну ў Лясковічах, гісторыю якога вяртае з небыцця жонка аўтарытэтнага даследчыка.
Родны брат пана Хлудзінскага ачольваў Манетны двор у Пецярбурзе і меў 17 маёнткаў у Расіі. Гаспадар Лясковічаў, Уладзіслаў Хлудзінскі, таксама выглядаў нябедным чалавекам, у гаспадарцы якога
выраблялася да 1 мільёна пудоў збожжа штогод. Існуе няспраўджаная інфармацыя, што нават чыгуначная калейка — пасля спецыяльнага звароту гаспадара сядзібы да цара — была скіравана ад
Шуміліна бліжэй да Лясковічаў, каб спадручней вывозіць ураджай. Сядзібу абкружаў цудоўны парк з алеяй італьянскіх дрэваў. Наваколле ўпрыгожвалі тры маляўнічыя возеры.
Прапаную скарочаны варыянт артыкула Баруцкай у маiм перакладзе з польскай:
«У 1912 годзе англійскі часопіс «The Studio» апублікаваў праект дома архітэктара Макэя Х’ю Бэйлі Скота (М.Н.Baillie Scott) «для польскай сям’і Хлудзінскіх
у Лясковічах каля Віцебска». Годам пазней іншае выданне, «The Architect», змясціла малюнак змененай версіі праекта, а ў другім выданні кнігі Бэйлі Скота «Дамы і
Сады» («Houses and Gardens») 1933 года, ён з’явіўся пад назвай «Дом у Лясковічах, Польшча». Кім жа быў Бэйлі Скот? І што засталося ў
Лясковічах?
Кар’ера архітэктара
Месца Бэйлі Скота сярод архітэктараў Аrts&Crafts было не зусім тыповым: асноўны час яго творчасці прайшоў па-за цэнтрамі развіцця стылю — Лонданам і Глазга. Ён не наследаваў
неагатычным узорам, не ўступіў у лонданскі Цэх Работнікаў Мастацтва, месца рэгулярных спатканняў вядучых прадстаўнікоў стылю. У яго была іншая перавага: ён стаў аўтарам адзінага сістэматычнага
выкладу прынцыпаў ідэальнага дому Arts&Crafts у кнізе «Дамы і Сады», выдадзенай у 1906 годзе, дзе прапаноўваліся тэорыя праектавання і афармлення дома, апісанні канкрэтных
праектаў, планы, праілюстраваныя малюнкамі і паэтычнымі акварэлямі.
Прыйшоўшы да еўрапейскай славы праз папулярызацыю новага стылю, Бэйлі Скот, аднак, пачынаў кар’еру не як архітэктар. Народжаны ў заможнай шатландскай сям’і ў Рамсгэйт (графства
Кент), ён меўся пераняць кіраванне сямейнымі маёнткамі і распачаў адукацыю ў Каралеўскім Сельскагаспадарчым Каледжы ў Цірэнчэстэры. Але адзнака, атрыманая там па класе малюнка, і цікаўнасць да
мастацтва вызначылі яму іншы лёс. Шлюбнае падарожжа з маладой жонкай на размешчаную паміж Англіяй і Ірландыяй выспу Мэн у 1889 годзе зацягнулася на 12 гадоў, а знаёмства з яшчэ жывымі традыцыямі
кельцкай культуры падштурхнулі яго да выпрацоўкі своеасаблівага архітэктурнага стылю. «Чырвоны Дом» (1892) для ўласнай сям’і, праекты прыватных дамоў і маляўнічых катэджаў
у наваколлі — гэта быў пачатак прафесійнай кар’еры.
Артыкулы Бэйлі Скота ў спецыяльных часопісах — настойлівая прапаганда прагрэсіўнага мастацтва і архітэктуры. У «The Studio» з’явіліся яго праграмныя допісы:
«Ідэальны прыгарадны дом», «Мастацкі дом», «Пра выбар простай мэблі». Публікацыі, праілюстраваныя выразнымі акварэлямі, зрабілі Бэйлі Скота
найбольш упадабаным у Еўропе прадстаўніком новай англійскай архітэктуры. Папулярнасць цягнула за сабой рэзанансныя замовы прадстаўнікоў еўрапейскай эліты.
На піку кар’еры Бэйлі Скот далучыўся да руху па праектаванні гарадоў-садоў, тэорыі і практыкі мадэрнізацыі гарадскога ландшафту сучаснага горада ХХ стагоддзя. Новыя павевы дэкларавалі падзел
гарадской прасторы на зоны — прыватную, жылую і грамадскую, звязаную з функцыянаваннем публічных інстытутаў — распарадчых органаў, банкаў, офісаў.
Каля 1904 года Бэйлі Скот пачаў супрацоўніцтва з першай Карпарацыяй гарадоў-садоў (Garden City Corporation), праектуючы шэраг дамоў каля Лондана. Затым быў праект Ватэрлоо Корт — узведзены ў
плане чатырохкутніка з унутраным дзядзінцам дом з жытлом для адзінокіх асоб і працуючых жанчын, знак новага стагоддзя, якое ў хуткім часе прынесла жанчынам выбарчыя правы і эмансіпацыю. Дамы Бэйлі
Скота знайшлі прызнанне ў навукова-акадэмічным асяроддзі — з 1897 года Бэйлі Скот запраектаваў у Кембрыджы дванаццаць сядзібаў.
Заказ з Беларусі
У 1912 годзе архітэктару паступіла замова з Беларусі. У манаграфіі па гісторыі рэзідэнцый былой Рэчы Паспалітай польскага даследчыка Рамана Афтаназі прыводзіцца здымак 1914 года іншага,
неакласіцыстычнага аднапавярховага будынку ў Лясковічах з порцікам у 6 тасканскіх калон. Менавіта на яго месцы паўстаў спланаваны Бэйлі Скотам дом. Жонка заказчыка, апошняга ўласніка рэзідэнцыі
Уладзіслава Хлудзінскага, Эма Паулучы паходзіла з арыстакратычнай англійскай сям’і. Роднасныя сувязі перадвызначылі зварот да вядомага майстра: заможная сям’я магла дазволіць сабе
амбітны праект, сведчанне знаёмства з сучасным стылем жыцця і архітэктуры. А таксама ўзяць удзел у творчым супрацоўніцтве з аўтарам.
Першы варыянт пабудовы, надрукаваны ў «The Studio» ў 1912 годзе, які прадстаўляў вялікую квадратную ў плане магнацкую рэзідэнцыю з унутраным дваром, перакрытым купалам над зімнім
садам, і нагадваў творы венскай сецэсіі, быў адкінуты Хлудзінскімі.
Наступны, захоўваючы базавыя ідыёмы творчасці Бэйлі Скота, быў цясней звязаны з сярэднявечнай традыцыяй Рэчы Паспалітай. Чатырохкутнік дапоўнілі вежы са спічастымі дахамі, двор пазбавіўся перакрыцця.
Рэмінісцэнцыі абарончага дойлідства дапоўніў фахверкавы мур — драўляная канструкцыя, утопленая ў бутоўку. Дамінантай стала тыповая рыса рашэння прасторы ў стылі Бэйлі Скота —
прадстаўнічы двухпавярховы хол цэнтральнага памяшкання, абкружаны сталовай і бібліятэкай. Да іх далучалася памяшканне са сцэнай, прызначанай для тэатральных пастановак і канцэртаў.
Вакол цэнтральнай залы з камінам разгортвалася жыццё сям’і, перацякаючы ў падпарадкаваныя малыя аб’ёмы салонікаў і прыватных закуткоў. Ваконныя эркеры, аддзеленыя ад асноўнай
прасторы адной-дзвюма прыступкамі, служылі месцам для інтымнай размовы або рэлаксацыі ў задуменні. У калідорах і галерэях можна спаткаць вітражы, што мадэлявалі доступ святла, далікатна выкананую
сталярку з разьбянымі расліннымі матывамі. Формы дрэваў, кветак, садавіны — інтэгруючыя складнікі рацыянальнага і разам паэтычнага свету.
У інтэр’ерах Бэйлі Скота сустракаюцца спалучэнні блакіту і жоўтага, дапасаванні фіялетавага, зялёнага і белага. Дасканалая гармонія функцыянальнага і эстэтычнага… Усе матэрыялы
лясковіцкага праекту меліся вырабляцца на месцы — цэгла, дахоўка ручной работы, драўніна, якая, паводле эстэтыкі Arts&Crafts, несла на адкрытых частках сляды габлявання —
«працы рук».
Разбураная сучаснасць
Што ж засталося ад стылёвай пабудовы? Двухпавярховыя фрагменты сцен у закінутым парку ў Лясковічах — парэшткі вежаў, якія відаць на праектным малюнку. Здымкі руінаў трапілі ў 2008 годзе на
інтэрнэт-старонкі даведніка па архітэктурнай спадчыне Беларусі radzima.org. Ці дапаможа наш пераказ доследу Эдзіты Баруцкай, прысвечанага Бэйлі Скоту, вярнуць праект слыннага майстра,
«перліну духоўнага і матэрыяльнага багацця» з забыцця? Ці знойдуцца сляды былых гаспадароў, па якіх можна было б аднавіць гісторыю памятнай мясціны на Віцебшчыне?
Дапамагаючы пані Баруцкай, Іосіф Цішкоўскі працягвае даследаванне лёсу спадчыны Хлудзінскіх у Лясковічах. Але зараз нават не зразумела, за кім лічыцца руіна — ці за мясцовым калгасам, ці за
выканаўчымі ўладамі… Сляды спадчыннікаў Хлудзінскіх і блізкіх ім сем’яў Дуніных і Галераў губляюцца ў Польшчы і ЗША.
Эдзiта БАРУЦКАЯ
-------------------------------------------------------------------------------
Даведка
27 кастрычніка 2007 года каталіцкі касцёл абвясціў блаславёнай Цэліну Бажэнцкую, народжаную Хлудзінскую, заснавальніцу Таварыства Сясцёр Паўсталага з Памерлых, завяршыўшы 63-гадовы працэс кананізацыі. Нарадзілася Цэліна, цётка Уладзіслава Хлудзінскага, 29 кастрычніка 1833 года. Яе бацька Ігнацы скончыў Віленскі універсітэт напачатку 1830-х, калі яшчэ жылі рамантычныя ідэі Адама Міцкевіча. У 1853 годзе Цэліна ўзяла шлюб з Юзэфам Бажэнцкім і пасялілася ў яго маёнтку каля Гродна. Выхавала дзвюх дачок, не засталася ў баку ад грамадскіх падзей. Падчас паўстання 1863 года ў маёнтку мужа ў Абрэнбшчызне хавала параненых інсургентаў, патрапіла ў вязніцу. Даглядаючы захварэлага мужа, выехала з ім на лячэнне ў Вену, дзе праз 20 гадоў сямейнага жыцця аўдавела.У 1875 годзе Цэліна накіравалася ў Рым, пасяліўшыся на Віа дэлла Віта, паблізу касцёла св. Клаўдзія, які абслугоўвала Таварыства Братоў Паўсталага з Памерлых. І тут нагадала пра сябе далёкая радзіма: Таварыства аказалася заснаваным 40 гадоў таму Багданам Яньскім з інспірацыі Адама Міцкевіча, з мэтай маральнага адраджэння народа… Далей была супраца з айцом Пятром Семяненкам, другім пачынальнікам Таварыства, які марыў пра стварэнне яго жаночага адгалінавання. Рэгістрацыя Таварыства Сясцёр Паўсталага з Памерлых, ачоленага Цэлінай, адбылася ў 1891 годзе. Наступнае дзесяцігоддзе пайшло на ўсталяванне пляцовак Таварыства ў Польшчы. Адкрываючы законныя дамы, школы, майстэрні для працы дзяўчат, Цэліна парадаксальным чынам перасяклася з рашэннем той жа сацыяльнай задачы, якую ставіў у сваіх архітэктурных праектах для гарадоў-садоў Бэйлі Скот. Таварыства апантана вяло тое, што сёння называецца сацыяльнай працай. Абранаму шляху Цэліна засталася вернай да скону ў 1913 годзе. У адрасаваным ёй пасмяротным слове сказана: «Да скону несла крыж, які Госпад усклаў на яе, каб дапамагчы ўвекапомненню яе асобы».
Анатолий