Топ-10 фільмаў Аль Пачына

На днях вялікі актор адзначыў свае народзіны ў 84 раз. Такіх глыбаў кіно засталіся лічаныя адзінкі. Такі талент, як у Пачына, сустракаецца радзей рэдкага. Знакаміты сын сіцылійскай зямлі працягвае здымацца і сёньня. Мы склалі сьпіс з дзесяці лепшых стужак актора. Прыемнага прагляду!

Аль Пачына

Аль Пачына

Мне пашчасьціла пабываць у гарадку, насельніцтва якога складае каля 4 тысячаў чалавек. Ён знаходзіцца на паўночным узьбярэжжы Сіцыліі, і мае назву Сан Фратэла. Менавіта адсюль у пачатку ХХ стагодзьдзя Альфіо Пачына, дзед актора, выправіўся праз акіян, у Ню-Ёрк. У Сан-Фратэла, на мясцовых старых могілках можна сустрэць шмат сваякоў геніяльнага актора.

Вернемся да фільмаў.

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Адзін са сваякоў Аль Пачына – Альфіа Пачына, пахаваны на могілках Сан Фратэла ў Сіцыліі. Фота: Павел Хадзінскі

Адзін са сваякоў Аль Пачына – Альфіа Пачына, пахаваны на могілках Сан Фратэла ў Сіцыліі. Фота: Павел Хадзінскі

Нумар 10. Бяссоньніца (Insomnia). 2002

insomnia_1.jpg

Гэты псыхалягічны трылер Крыстафэра Нолана, рымэйк аднайменнага нарвэжскага фільма 1997 года, пераносіць гісторыю ў жудаснае, вечнае сьвятло лета на Алясцы. Фільм з Аль Пачына, Робінам Уільямсам і Хілары Суонк у галоўных ролях ужо гучыць як сур’ёзная праца. Такой яна і зьяўляецца.

Крымінальная гісторыя пра забойства маладой дзяўчыны зьяўляецца пачынальнікам драмы, якая разгортваецца з тымі, хто яшчэ працягвае жыць. Аль Пачына выконвае ролю вельмі дасьведчанага дэтэктыва, які сутыкаецца з нечаканым разьвіцьцём пачатковага рассьледваньня.

Пастаяннае дзённае сьвятло становіцца самастойным персанажам, які пагаршае стан дэтэктыва. Ён не можа спаць, але прычынаю таму, ня меньш за сонца — пачуцьцё віны.

Нумар 9. Доні Браска (Donnie Brasco). 1997

donnie_brasco_1.jpg

Стужка Майка Ньюэла распавядае пра заблытаны сьвет мафіі, здрады і дзікі кошт падвойнага жыцьця. У цэнтры гэтага жорсткага апавяданьня герой Джоні Дэпа, агент ФБР, які пад псеўданімам Доні Браска пранікае ў адну з самых магутных мафіёзных сем'яў Нью-Ёрка. Выбітны вобраз змучанага агента пад прыкрыцьцём стаў адным з самых лепшых у яго кар'еры.

Партнэрам па здымках у Джоні Дэпа быў сам Аль Пачына ў ролі састарэлага наёмнага забойцы, які ўзяў яго пад сваю апеку. Глядзець за імі ў кадры — спрэс задавальненьне.

Вы не знойдзеце тут рамантызаванага сьвету мафіі, але жорсткі сьвет брутальнасьці і хуткай расплаты за спробы нявернасьці і падману.

Нумар 8. Пудзіла (Scarecrow). 1973

scarecrow_1.png

Шчымлівае роўд-муві рэжысэра Джэры Шацбэрга кліча гледачоў і галоўных герояў у падарожжа па сэрцы Амэрыкі. Стужка малюе складаны партрэт сяброўства і мараў дваіх, у выкананьні Аль Пачына і Джына Хэкмэна.

Фільм распавядае пра жыцьцё героя Хэкмэна, былога крымінальніка з жорсткай зьнешнасьцю, але вельмі пяшчотным сэрцам, і героя Аль Пачына, які вярнуўся з флоту, і з дзіцячай наіўнасьцю сустракае навакольны сьвет. Іх выпадковая сустрэча прымушае завязаць неверагоднае сяброўства і адправіцца ў падарожжа па краіне з агульнай марай адчыніць аўтамыйку ў Пітсбургу.

Пудзіла — страшэннае і вуглаватае звонку, у сярэдзіне мае нешта зусім адваротнае. Але хіба нехта пра гэта будзе задумвацца?

Нумар 7. Адвакат д’ябла (The Devil's Advocate). 1997

the_devil_s_advocate.jpg

Вобраз харызматычнага кіраўніка ўплывовай юрыдычнай фірмы ў Ню-Ёрку стаў адным з самых улюбёных у людзей з творчасьці Аль Пачына. Фільм, зьняты рэжысэрам Тэйларам Хэкфардам, выдатна супрацьпастаўляе незямное і зямное, ён растаўляе звышнатуральныя элементы на фоне юрыдычных і маральных дылемаў іншага галоўнага героя, якога грае Кіану Рыўз. Гэта малады амбіцыйны адвакат, які ніколі не прайграваў справы, і чыя фантастычная кар’ера у зале суда прыцягвае ўвагу героя Аль Пачына. Але чаму? Спакуса для самых лепшых можа быць самай складанай.

Працаваць на героя Пачына – значыць перагледзіць свае маральныя прынцыпы, абараняць відавочна дрэнных людзей. Сваім духам фільм нагадвае шэдэўр Рамана Паланскі, зьняты ў 1968 – «Дзіцё Размары».

Нумар 6. Гленгары Глен Рос (Glengarry Glen Ross). 1992

glengarry_glen_ross_2.webp

Калі вы любіце тэатар, калі вы аматар дыялёгаў, якія запаўняюць увесь час, гэты фільм Джэймса Фоўлі, які зьняты па п’есе — дакладна для вас. Героі Аль Пачына, Джэка Лемана і Алана Аркіна вядуць змаганьне ў офісе сваёй кампаніі, якая займаецца продажамі нерухомасьці, за сваё месца працы.

Дырэктар у выкананьні Кевіна Спэйсі паставіў умову: праз тыдзень толькі два лепшых супрацоўнікі застануцца на сваім месцы, астатніх чакае звальненьне. Супрацоўнікі, апроч працы з кліентамі, пачынаюць ваенныя дзеяньні супраць адно аднаго. Стужка пачынаецца ў кавярні, дзе за вакном ідзе моцны дождж. Дарэчы, значная частка бюджэту пайшла на стварэньне гэтых гукаў дажджу, якія мы чуем амаль палову фільма.

Нумар 5. Пах кабеты (Scent of a Woman). 1992

scent_of_a_woman_1.jpeg

Бэнэфіс Аль Пачына, за які ён нарэшце атрымаў галоўную акторскую ўзнагароду. Марцін Брэст паставіў фільм пра чалавека, які адпрацаваў афіцэрам выведкі ўсё жыцьцё, і пастанавіў выправіцца ў шыкоўнае падарожжа, каб атрымаць поўны пакет якаснага жыцьця з найлепшымі гатэлямі, барамі і паненкамі. Ідэя зразумелая, але ў героя Аль Пачына ёсьць асаблівасьць — ён сьляпы, таму сям’я не ў захапленьні ад меркаванага трыпу. Сваякі запрашаюць студэнта суправаджаць палкоўніка. Герой Пачына відавочна незадаволены, але вымушаны пагадзіцца. Так пачынаецца гісторыя, поўная чароўных прыгодаў увосень.

«Кабеты! Што ты можаш сказаць? Хто зрабіў іх? Бог павінен быў быць геніем. Валасы — кажуць, што валасы — гэта ўсё. Ты калі-небудзь зарываўся носам у гару курлявых валасоў, каб жадаць толькі заснуць у іх назаўсёды? Або вусны — калі яны дакранаюцца, твае становяцца падобныя на той першы глыток віна пасьля таго, як ты толькі што перасёк пустыню».

Нумар 4. Ірляндзец (The Irishman). 2019

the_irishman_1.jpg

Гэтай стужкай Марцін Скарсэзэ нібы падвёў пяцідзесяцігадовы пэрыяд уласнай творчасьці пра мафію. Дзякуючы Нэтфлікс, у яго атрымалася знайсьці фінансаваньне свайго маштабнага праекту, у якім выкарыстоўваліся найноўшыя здабыткі ў вытворчасьці фільмаў. У сувязі з гэтым стала магчымым фантастычнае пераўвасабленьне амаль без накладаньня грыму галоўных герояў ад трыццацігадовых мужчынаў да састарэлых дзядуляў.

У адным фільме сышліся Робэрт Дэ Ніра, Аль Пачына і Джо Пешы. Сюжэт закручаны вакол прафсаюзнай дзейнасьці героя Аль Пачына. Ён перакручвае працоўнае аб'яднаньне пад свае крымінальныя патрэбы. Дэ Ніра грае кілера, якога наймаюць, каб вырашыць справу дакладна.

Выдатныя дыялёгі і бліскучае выкананьне мастадонтаў кіно пераўтварае гэты нядаўні фільм у сапраўдную клясыку.

Нумар 3. Твар са шнарам (Scarface). 1983

scarface.webp

Гісторыі Тоні Камонтэ і Тоні Мантаны, расказаныя адпаведна ў вэрсіях «Твару са шнарам» 1932 і 1983 гадоў, даюць адказ на зьменлівы час і лёс крымінальнага сьвету. Абодва фільмы паказваюць узьлёт і падзеньне маладога амбіцыйнага імігранта ў злачынным сьвеце.

«Твар са шнарам» Браяна Дэ Пальмы пераносіць дзеяньне ў Маямі 1980-х гадоў, і гледачы бачаць кубінскага ўцекача ў выкананьні Аль Пачына. У рымэйку захоўваецца грубы вобраз крымінальнага злачыннага сьвету, але ўзмацняецца яго экстравагантнасьць і куды больш натуралістычны гвалт.

Адно істотнае адрозьненьне паміж двума фільмамі заключаецца ў паказе амбіцый галоўных герояў. У вэрсіі 1932 году амбіцыі выяўляюцца ў жаданьні ўлады і кантролю галоўнага героя. У экранізацыі 1983 году амбіцыі абумоўленыя скажонай інтэрпрэтацыяй амэрыканскай мары ў імкненьні да багацьця і статусу.

Нумар 2. Хросны Бацька ІІ (The Godfather: Part II). 1974

the_godfather_part_ii.webp

Лепшы фільм году па вэрсіі амэрыканскай кінаакадэміі, у якім атрымалася спалучыць двух тытанаў акторскага майстэрства — Аль Пачына і Робэрта Дэ Ніра. У кадры яны так і не сустрэнуцца разам, бо першы грае сына другога, чые раньнія гады мы ўбачым ў рэтраспэктыве. Дэ Ніра адмыслова для фільма вывучыў сіцылійскую мову, каб максымальна дакладна перадаць асблівасьці свайго героя — легендарнага Віта Карлеонэ.

Можна спрачацца, якая з першых дзьвюх частак «Хроснага бацькі» лепш. І больш падрабязна пра гэта глядзіце на пару радкоў ніжэй.

Нумар 1. Хросны Бацька (The Godfather). 1972

the_godfather_4.jpg

Найлепшы фільм у гісторыі па вэрсіі аўтара кінападборак на «Новым Часе», а таксама на думку тысячаў і тысячаў іншых закаханых у кіно. Фрэнсіс Форд Копала мог сапраўды сканчваць кар’еру ўжо пасьля гэтай стужкі — і застацца ў пантэоне самых выбітных рэжысэраў.

Увогуле Аль Пачына і не мусіў граць у гэтым фільме – ён не асабліва ўразіў прадусараў, але Копала раўуча пераканаў тых, хто выдаткоўваў сродкі на эпапею.

Гісторыя сям’і Карлеонэ — Віта, які са спужанага сіцылійскага хлопчыка, у якога былі забітыя бацькі, стаў галавой самай значнай мафіёзнай сям’і Амэрыкі, а таксама яго дзяцей, перадусім — Майкла Карлеонэ.

У фільме па-майстэрску адлюстраваны бязьлітасны, але пераканаўчы сьвет арганізаванай злачыннасьці. Сцэнар, напісаны сумесна Копалай і аўтарам рамана Марыё Пьюза, зьяўляецца сапраўдным творам мастацтва, у якім лёгка спалучаюцца тэмы сям'і, вернасьці, улады і здрады.

Кожны герой стужкі валодае незабыўнай індывідуальнасьцю. Нават гангстэр, што зьявіцца на некалькі сцэнаў будзе мець сваю адметнасьць. Акторскі склад, быць можа, стаўся самым моцным ансамблем у гісторыі кіно. Марлон Брандо, Аль Пачына, Джэймс Каан, Роборт Дзювал, Даян Кітан, Джон Казале – кожнае з гэтых імёнаў выклікае піетэт.

Культавы пачатак фільма, у якім Віта Карлеонэ сядзіць у сваім фатэлі ў цёмным пакоі, трымае на каленях котку і выслухоўвае просьбы гасьцей вясельля сваёй дачкі – адзін з прыкладаў вытанчанай аператарскай працы, што будзе суправаджаць гледачоў на працягу ўсёй карціны.

Адна з самых пазнавальных музычных працаў у кіно — гэта саўндтрэк, які напісаў Ніна Рота. Пачуеце раз — і будзеце прайграваць у памяці ўсё жыцьцё.

Прыемнага прагляду!