Топ-10 фільмаў Марлона Брандо, іконы кінаэкрану
Яго ролі заўжды прыцягвалі мільёны людзей у кінатэатры. Марлон Брандо, гадавіну сьмерці якога адзначаем сёньня, адчуваў сябе настолькі ўпэўнена, што адмовіўся ісьці атрымліваць «Оскар» за найлепшую ролю ўсяго свайго жыцьця. Бурлівы і насычаны шлях знайшоў адлюстраваньне і ў кінапрацах. Мы падрыхтавалі сьпіс з лепшых стужак актора. Прыемнага прагляду!
Нумар 10. Віва, Сапата! (Viva Zapata!). 1952
Энтані Куін атрымаў запаветную ўзнагароду Оскар за лепшую мужчынскую ролю другога пляну. Галоўную ж скрыпку тут грае легендарны Марлон Брандо. Рэжысэр Элія Казан, чый росквіт прыйшоўся акурат на пасьляваенныя 1950-я, зьняў яскравы фільм пра Мэксыку.
Брандо выконвае ролю рэвалюцыянэра Эміліяна Сапаты. На пачатку ХХ ст. Сапата ўваходзіць у склад дэлегацыі аднаго з мэксыканскіх штатаў, якая скіроўваецца да дыктатара краіны Парфірыя Дыяса з нотай пратэсту. Яны патрабуюць, каб іх землі, што былі незаконна захопленыя багатымі землеўласьнікамі, былі вернутыя гаспадарам.
Дыктатар, як гэта зь імі часта здараецца, кажа пра неабходную доўгую падрыхтоўку да працэдуры, каб нешта вырашыць. Герой Брандо рашуча не згаджаецца і ўцягваецца ў падзеі, што прыводзяць да посьпеху. Дыктатар зрынуты, але паплечнікі рэвалюцыянэра, якія становяцца новай уладай, паводзяць сябе зусім не лепшым чынам. Стужка павольна разьвіваецца, дазваляючы ўцягнуцца ў кантэкст.
Нумар 9. Графіня з Ганконгу (A Countess from Hong Kong). 1967
Апошні фільм, у якім зьняўся як актор, а таксама быў у якасьці рэжысэра Чарлі Чаплін. Стужка каляровая, з гукам, а таксама з удзелам суперзорак: Марлона Брандо і Сафі Ларэн. На жаль, разгром ад крытыкаў і правал у пракаце закінулі Чапліна ў страшэнную дэпрэсію, што і стала прычынай адмовы ад наступных сур’ёзных праектаў.
Гэта таксама яго першы фільм без фірмовага героя Валацугі. Зрэшты, нават такія зорныя імёны ў якасьці галоўных герояў не выратавалі карціну, бо сапраўднай “хіміі” паміж імі не заўважна.
Нягледзячы на сур’ёзныя недахопы, стужка безумоўна вартая прагляду, каб убачыць майстэрства аўтара без яго ўлюбёных і правераных часам загатаваных прыёмаў.
Нумар 8. У порце (On the Waterfront). 1954
Гэта дзіўная гісторыя пра мараль, карупцыю і адкупленьне на фоне докаў Нью-Ёрка. Герой Марлона Брандо ўладкоўваецца на цяжкую працу ў порт і сутыкаецца з прадажнасьцю прафсаюзаў, якія кантралююцца мафіяй.
Рэжысэр Элія Казан здолеў перадаць дух эпохі. Адначасова з гэтым ён закранае пытаньні, якія актуальныя як ніколі і сёньня. Марлон Брандо пачаў выкарыстоўваць акторскую тэхніку, якая зьмяніла акторскую гульню з таго часу.
Стужку неабходна паглядзець не толькі ў якасьці дэманстрацыі непаўторнага таленту Брандо, але і ў якасьці помніку залатога веку амерыканскага кіно.
Нумар 7. Пагоня (The Chase). 1966
Дзеяньне стужкі разгортваецца ў маленькім, эканамічна застойным мястэчку ў Тэхасе. Брандо грае шэрыфа, чалавека, чые спробы падтрымліваць парадак перарастаюць у хаос, калі зьбеглы асуджаны і былы жыхар горада скіроўвае грамадзтва ў віхор узаемных падазрэньняў.
Бездакорнае выкананьне Марлона Брандо добра падтрымліваецца ўражлівым акторскім складам, у тым ліку Джэйн Фонда і Робертам Рэдфардам. Гісторыя будзе трымаць вас у захапленьні да самага канца.
Нумар 6. Мужчыны (The Men). 1950
Першая роля Марлона Брандо на вялікім экране, якая адразу прыцягнула ўвагу як гледачоў, так і крытыкаў. Новая зорка нарадзілася на вачах. Зьняты рэжысэрам Фрэдам Цынэманам фільм даў Брандо магчымасьць прадэманстраваць свае акторскія здольнасьці напоўніцу.
Гэта вельмі моцная драма пра спаралізаванага ветэрана Другой сусьветнай вайны, які змагаецца з новай рэальнасьцю ў шпіталі для ветэранаў.
Сам Марлон Брандо жыў цэлы месяц у шпіталі для ветэранаў, каб падрыхтавацца да ролі. Адпачатку кар’еры ён прадэманстраваў імпэт да ўвасабленьня досьведу сваіх герояў, узровень неверагоднай самаадданасьці, які стаў адметнай рысай Марлона Брандо.
Нумар 5. Апошняе танга ў Парыжы (Ultimo tango a Parigi). 1972
Скандальная стужка, якая пасьля выхаду на экраны стала прычынай забароны паказаў у Італіі і Партугаліі, канца сяброўства Марлона Брандо і рэжысэра Бэрнарда Бэрталучы, а таксама стала падставай для крымінальнай справы на актораў і рэжысэра. Па выніках Бэрталучы быў пакараны забаронай прымаць удзел у італьянскіх выбарах на пяць гадоў.
Гэты супярэчлівы фільм стаў выклікам сусьветнаму грамадзтву. Шмат хто не ўспрыняў яго, але некаторыя наадварот – узьвялі яго ў культавы статус. Праз шмат гадоў выканаўца галоўнай жаночай ролі Марыя Шнайдэр скажа, што самы шакавальны эпізод фільма быў зьменены непасрэдна перад здымкамі безь яе згоды. А эмоцыі акторкі ад таго, што адбывалася – былі цалкам шчырымі, што і было зьнята.
Уся гісторыя на экране раскрывае пахаджэньні героя Марлона Брандо пасьля таго, як яго жонка памірае, а ён пераяжджае ў Парыж.
Нумар 4. З пароды ўцекачоў (The Fugitive Kind). 1960
Сідні Люмэт вырашыў даслаць Марлона Брандо ў гэтым фільме ў знакамітую паўднёвую готыку, у рамантычную меладраму. Гэта экранізацыя знакамітай п'есы Тэнэсі Ўільямса "Арфей спускаецца".
Брандо выконвае ролю валацугі, які трапляе ў маленькі, санлівы горад Місісіпі. Галоўны герой аказваецца ўцягнутым у заблытаную сетку рэўнасьці і мясцовых інтрыгаў. Рэжысэр, як і аўтар п’есы, з захапленьнем паглыбляюцца ў дасьледаваньні хваробаў сучаснага грамадзтва. Нягледзячы на тое, што стужцы больш за 60 гадоў, хваробы дагэтуль невылечныя.
Тужлівае выкананьне ролі не можа не выклікаць ахвоты глядзець сьледам новыя і новыя фільмы з удзелам Брандо.
Нумар 3. Трамвай Жаданьне (A Streetcar Named Desire). 1951
Рэжысэр Элія Казан адаптаваў для кінаэкрану галоўную п'есу Тэнэсі Ўільямса. Як бачым, драматург і Марлон Брандо апынуліся шчыльна зьвязаныя ў жыцьці.
Дзеяньне фільма разгортваецца на душным фоне пасьляваеннага Новага Арлеана і дасьледуе складаную гісторыю адносінаў паміж прыгажуняй у выкананьні Вівіен Лі і яе жорсткім шваграм, якога грае Брандо.
Жорсткае супрацьстаяньне, якое пачынаецца пасьля прыезду сястры-няўдахі жонкі галоўнага героя, правядзе гледачоў празь лябірынты розных разьвілак. Шлях, які неабходна пераадолець героям – неверагодна заблытаны. Што чакае ў фінале жыцьцёвай паездкі — ня ведае ніхто. І толькі зьнянацку, як пранізьлівы гук трамвая, усе стае на свае месцы.
Нумар 2. Апакаліпсыс сёньня (Apocalypse Now). 1979
У тым годзе Канскі кінафэст выдаў залатую пальмавую галіну за карціну Копалы. Трохгадзінная ваенная драма з Марлонам Брандо ў галоўнай ролі. У якасьці аднаго з вайскоўцаў выступае Робэрт Дзювал, адзін з галоўных актораў другога пляну ў кар’еры рэжысэра.
Стужка зьяўлялася б вышынёй творчасьці майстра, калі б не першае месца нашага рэйтынгу. Кожны аматар кінематографа мусіць азнаёміцца з Апакаліпсысам і пазьней — ніколі не забыць шэдэўр.
Выкарыстаньне вельмі яскравых колераў і сюррэалістычных вобразаў стварае атмасфэру, падобную да наркатычнага ап’яненьня. Першая сцэна, у якой гелікоптэры пралятаюць па-над джунглямі В’етнаму падчас гучаньня песьні «The End» гурта The Doors, задае тон фільму і адразу паказвае, што далейшае ня будзе тыповым фільмам пра вайну.
Карціна засяроджваецца на тэме ўлады. Асабліва на тым, як яна можа разбэшчваць нават людзей з самымі добрымі намерамі. Фільм зьяўляецца моцным напамінам аб жахах вайны і стратах, якія яна наносіць тым, хто ў ёй удзельнічае.
Нумар 1. Хросны Бацька (The Godfather). 1972
Найлепшы фільм у гісторыі па вэрсіі аўтара кінападборак на «Новым Часе», а таксама на думку тысячаў і тысячаў іншых закаханых у кіно. Фрэнсіс Форд Копала мог сапраўды сканчваць кар’еру ўжо пасьля гэтай стужкі — і застацца ў пантэоне самых выбітных рэжысэраў.
Гісторыя сям’і Карлеонэ — Віта, які са спужанага сіцылійскага хлопчыка, у якога былі забітыя бацькі, стаў главой самай значнай мафіёзнай сям’і Амэрыкі, а таксама яго дзяцей, перадусім — Майкла Карлеонэ.
У фільме па-майстэрску адлюстраваны бязьлітасны, але пераканаўчы сьвет арганізаванай злачыннасьці. Сцэнар, напісаны сумесна Копалам і аўтарам рамана Марыё П'юза, зьяўляецца сапраўдным творам мастацтва, у якім лёгка спалучаюцца тэмы сям'і, вернасьці, улады і здрады.
Кожны герой стужкі валодае незабыўнай індывідуальнасьцю. Нават гангстэр, што зьявіцца на некалькі сцэнаў, будзе мець сваю адметнасьць. Акторскі склад, быць можа, стаўся самым моцным ансамблем у гісторыі кіно. Марлон Брандо, Аль Пачына, Джэймс Каан, Робэрт Дзювал, Даян Кітан, Джон Казале – кожнае з гэтых імёнаў выклікае піетэт.
Культавы пачатак фільма, у якім Віта Карлеонэ ў выкананьні Марлона Брандо сядзіць у сваім фатэлі ў цёмным пакоі, трымае на каленях котку і выслухоўвае просьбы гасьцей вясельля сваёй дачкі – адзін з прыкладаў вытанчанай аператарскай працы, што будзе суправаджаць гледачоў на працягу ўсёй карціны.
Адна з самых пазнавальных музычных працаў у кіно — гэта саўндтрэк, які напісаў Ніна Рота. Пачуеце раз — і будзеце прайграваць у памяці ўсё жыцьцё.
Прыемнага прагляду!