Топ-10 фільмаў пра палітвязьняў. Мандэла, Гандзі і ня толькі
Алесю Бяляцкаму прысудзілі 10 гадоў зьняволеньня. Агульная колькасьць безпадстаўна зьняволеных па палітычных прычынах беларусаў набліжаецца да дзьвюх тысячаў. Мы склалі для вас сьпіс з дзесяці лепшых стужак, у якіх паказваецца лёс рэальных палітвязьняў, што зьведалі рэпрэсіі ў розных краінах.
Нумар 10. Мандэла: Доўгі шлях да волі (Mandela: Long Walk to Freedom). 2013
Прызнаемся адразу, афрыканскаму змагару за правы свайго народу ў падборцы прысьвечаныя адразу два фільмы. Гэты стужка стала бэнэфісам Ідрыса Эльбы ў ролі барацьбіта з апартэідам.
Што цікава, карціна пастаўленая па аўтабіяграфіі самога Нэльсана Мандэлы, таму мы можам у вялікай ступені спадзявацца на максімальна праўдзівую гісторыю, якая натхніла мільёны чалавек як у Паўднёвай Афрыцы, так і ва ўсім сьвеце. Стужка зробленая такім чынам, каб мы зь дзяцінства Нэльсана паглядзелі на сьвет, які быў вакол яго. І потым, праз дзесяцігодзьдзі барацьбы і знаходжаньня за кратамі, перайсьці ў этап прэзідэнцтва. Цудоўны баёпік, каб паглыбіцца ў тэму.
Нумар 9. Верасень у Шыразе (Septembers of Shiraz). 2015
Стужкі, як гэтая — дапамагаюць у пэўным сэнсе падбадзёрыць тых, хто ў гвалце і рэпрэсіях забывае, што людзі сутыкаліся з падобным і раней. Сальма Хайек і Эдрыян Броўдзі запрашаюць нас у час жорсткага палітычнага крызісу, цэлай рэвалюцыі, якая адбылася ў Іране ў 1979 годзе.
Тады за кароткі прамежак часу гэтая краіна з утульнай сучаснай дзяржавы скацілася да ісламскай дыктатуры. Мы ўбачым габрэя, які праз свае празаходнія погляды быў кінуты за краты. Зьдзекі, пачуцьцё перавагі па-над іншым толькі таму, што ў цябе ёсьць паліцэйскі дручок? Беларусы праходзілі праз гэта, падобна да жыхароў былой Пэрсіі, ня так даўно.
Вельмі эмацыйны і жанравы фільм. Дарэчы заўважце, як добра Эдрыян Броўдзі ўпісваецца ў падобныя ролі (узгадаем яго лепшы фільм «Піяніст» пра польскага габрэя часоў Другой сусьветнай).
Нумар 8. Шлях дадому (The Way Back). 2010
Тую дарогу, пра якую апавядаецца ў стужцы, нашыя продкі, сваякі, і ўжо сучасьнікі так і не здолелі прайсьці да канца. Справа вядзецца пра страшэнныя камуністычныя сібірскія лягеры, дзе людзі не ставіліся ў якасьці хоць бы дробнай каштоўнасьці, але былі нечым, што можна выкарастаць ці прастраліць галаву.
Вельмі моцны акторскі склад, дзе вылучаюцца Колін Фарэл, Сірша Ронан, Эд Харыс, Марк Стронг — граюць тых, каму ўрэшце пашчасьціла выбрацца з пекла для палітычных зьняволеных. 1940-вы год, а ісьці, як падаецца, і няма куды. Шлях да прызнаньня і пакаяньня мусілі прайсьці перадусім тыя, хто трымаў звычайных людзей нібы скаціну.
Стужка пачынаецца з таго, што камусьці з герояў атрымалася прабрацца з Сібіры ў краіну свабоды — у Індыю. Нечакана? Глядзіце, як гэта адбылося.
Нумар 7. Тата ў камандзіроўцы (Otac na službenom putu). 1985
Магчыма такім самым адказам адгукаюцца на чарговыя і чарговыя пытаньні дзяцей жонкі беларускіх палітвязьняў. Тата ў камандзіроўцы — драматычны фільм Эміра Кустурыцы, які атрымаў залатую пальмавую галіну ў Канах.
Мы ўбачым трагедыю маленькага хлопчыка, чый тата апынуўся ў засьценках чырвоных камісараў у Югаславіі, калі пасьля Другой сусьветнай іх лідэр Ціта шукаў ворагаў сярод прыхільнікаў былога камрада Сталіна. Палітычныя справы, незразумелыя падзеі мы глядзім праз дзіцячыя вочы, ён ведае толькі адно, што яго бацька пакуль што зноў «у камандзіроўцы».
Нумар 6. Голад (Hunger). 2008
Перанясемся ў Ірляндыю, дзе Майкл Фасбэндэр грае ролю чальца ірляндзкай рэспубліканскай арміі, які апынуўся за кратамі. Разам з калегамі па цэху ён спрабуе дамагчыся прызнаньня сябе палітычнымі вязьнямі ў брытанскай калоніі.
Што цікава, стваральнікі стужкі наўмысна не спрабуюць прымусіць нас выступаць за ірляндзкі ці ангельскі бок у гістарычнай барацьбе народаў. Увесь погляд скіраваны менавіта на нечалавечыя ўмовы за кратамі, у сувязі з чым вязьні не знаходзяць іншага выйсьця, як пачаць безтэрміновую галадоўку.
Колькі ўжо разоў даведзеныя да адчаю годныя беларусы ішлі на гэты мужны крок. У фільме мы ўбачым ціск, зь якім сутыкнуліся ірляндцы за кратамі. Яны ішлі да канца. Якім будзе вынік гэтага супрацьстаяньня? Хто больш — чалавек ці дзяржаўная рэпрэсіўная машына?
Нумар 5. Катынь (Katyń). 2007
Вялікі польскі рэжысэр Анджэй Вайда зьняў стужку пра месца нацыянальнай трагедыі пад Смаленскам. Менавіта там у лягеры камуністы трымалі сваіх палітычных візаві — эліту польскай арміі, афіцэраў. Падчас прагляду мы правядзем час у адным з баракаў разам з шэрагам дзейных асобаў. Мы будзем спадзявацца, што ўсё, што адбываецца — гэта проста памылка, і ў хуткім часе разумныя людзі разьбяруцца, і ўсіх вызваляць для злучэньня з сем’ямі.
Але, як вядома, мы таксама трапім і ў марозны смаленскі лес, і ў сутарэньні, дзе змываюць вядром вады кроў папярэдняй ахвяры. Мы ўбачым, што бывае з палітвязьнямі, калі іх няма каму абараніць.
Складаны фільм пра злачынствы.
Нумар 4. Гандзі (Gandhi). 1982
У тым годзе студыі адна за адной адмаўляліся здымаць гэтую стужку, бо лічылі, што яе лёс будзе незайздросным, а камерцыйнага посьпеху пра індыйскага змагара чакаць ня варта. Але насуперак гэтаму рэжысэр Рычард Атэнбара здолеў ледзьве не з асабістай кішэні знайсьці фінансаваньне. Як вынік: стужка прынесла ўтрая больш грошай за патрачаныя, а кінаакадэмія аддала ёй усе галоўныя ўзнагароды: за лепшы фільм, рэжысуру, мужчынскую ролю, сцэнар і шэраг іншых.
А мы з вамі атрымалі чароўнае ўвасабленьне на экране гісторыю Махатмы Гандзі. Апроч вельмі пераканальнай працы актораў, вы станеце сьведкамі гістарычнай кінематаграфічнай падзеі: у сцэнах пахаваньня Гандзі ўдзельнічалі запрошаныя 300 тысячаў чалавек. Уявіце сабе маштаб гэтых кадраў. Калі вы мала што ведаеце пра сучасную гісторыю Індыі і пра тое, якім чынам яна атрымала незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі 70 гадоў таму — знайдзіце тры гадзіны (так, гэта вельмі доўгі фільм), каб атрымаць усе адказы.
Нумар 3. Апошні імпэратар (The Last Emperor). 1987
Лепшы фільм пазначанага года, паводле амэрыканскай кінаакадэміі, зьняў італьянец Бэрнарда Берталучы пра Кітай. Пачатак ХХ стагодзьдзя, хлопчыку было тры гады, калі ён атрымаў драконавы трон імпэратара, а калі яму было сем, ён ужо зрокся яго. Ва ўзросьце, калі розум толькі фармуецца, падзеі, што адбыліся, паводле словаў апошняга імпэратара, назаўжды зьмянілі і яго, і ўвесь Кітай.
Гэта эпас пра цалкам пасыўнага галоўнага героя, насуперак таму, што мы прызвычаіліся бачыць у падобных гісторыях. Хлопчыка выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах іншыя, ён разглядаўся як «фармальная неабходнасьць» для дасягненьня патрэбных рашэньняў. Фільм паказвае прыгнечанасьць імпэратара амаль адразу: сцэны яго дзяцінства перамяжоўваюцца са сцэнамі пазьнейшага пэрыяду жыцьця, калі кітайскія камуністы захапілі ўладу, а яго схапілі і трымалі ў лягеры, дзе партыйны чыноўнік правёў дзесяць гадоў, размаўляючы зь ім аб пераходзе ад імпэратара да садоўніка.
Нумар 2. Нескароны (Invictus). 2009
Спартовая драма, якую зьняў Клінт Іствуд. У галоўнай ролі ён зьняў аднаго з улюбёных сваіх актораў (акрамя сябе) — Моргана Фрымана, у іншай істотнай ролі — Мэт Дэйман. Яны абодва атрымалі намінацыі ў амерыканскай кінаакадэміі за гэтыя працы. Гісторыя адбываецца ў Паўднёвай Афрыцы, у 1995 годзе, калі на чале краіны знаходзіцца былы палітвязень Нэльсан Мандэла. Краіна застаецца жорстка падзеленай, па-першае, паміж прыхільнікамі былога рэжыму «апартэіду», калі ўся ўлада належала белай меншасьці, а чорныя разглядаліся як рабы без рабства, а па-другое — гэтыя самыя чорныя, якім карцела разабрацца з былымі панамі. Што рабіць з гэтым?
Было вырашана правесьці кубак сьвету па рэгбі ў гэтай афрыканскай краіне.
Клінт Іствуд не быў фанатам рэгбі, але пры падрыхтоўцы да здымкаў ён гадзінамі па начах у Паўднёвай Афрыцы глядзеў гульні, а потым абмяркоўваў іх. Праз пэўны час гульня захапіла і яго. Па сюжэце фільма Нэльсан Мандэла шукае падтрымкі ў капітана рэгбійнай каманды, якая гістарычна складалася зь белых і выступала для белых, каб яна паспрабавала выйграць кубак сьвету дзеля ўсіх паўднёваафрыканцаў. Вострыя канфлікты і спартовае змаганьне вам гарантаванае.
Нумар 1. Прызнаньне (L'aveu). 1970
Грэцкі рэжысэр Коста-Гаўрас стварыў захапляльную стужку з Івам Мантанам у галоўнай ролі. Глыбокім болем і перажываньнямі адгукнецца ў беларусаў прагляд гэтага фільма. Дзеяньне адбываецца ў Чэхаславаччыне. Намесьнік міністра замежных справаў арыштаваны і без тлумачэньняў кідаецца ў засьценкі. Мы становімся сьведкамі судовага працэсу ў 1952 годзе, дзе чатырнаццаць высокапастаўленых камуністычных чыноўнікаў, у тым ліку генэральны сакратар партыі, абвінавачваюцца сваімі ж сябрамі па партыі — сапраўднымі сталіністамі.
Мы сутыкаемся з катаваньнямі, як фізычнымі, так і маральнымі. Усім ставяць у віну, як бы сказаў беларускі дыктатар, «неканстытуцыйны захоп улады». Кожнаму пагражае сьмяротнае пакараньне. Ад кожнага вымагаюць «прызнаньня» ва ўсіх сьмяротных грахах. Гэты фільм пра фарс рэпрэсыўнай машыны і супрацьстаяньне чалавека.