Топ-10 фільмаў пра тое, як зьбегчы з-за кратаў
Ніколі ня ведаеш, калі такая інфармацыя можа прыдасца. Але лепш падысьці падрыхтаваным да небясьпечнай сытуацыі. Мы склалі сьпіс лепшых фільмаў пра спробы ўцячы з-пад варты. Можна суперажываць героям стужак, але таксама варта запамінаць некаторыя прыёмы. За кратамі праглядзець такія фільмы вам дакладна не дадуць.
Нумар 10. О брат, дзе ж ты? (O Brother, Where Art Thou?). 2000
Распачнем з прыгодніцкай камедыі братоў Коэнаў. Мы трапляем у 1930-я гады, калі адзін недарэка трапляе за краты. Вязьніца знаходзіцца ў глыбокай правінцыі, а галоўны герой вымушаны гнуць сьпіну на прымусовых працах, скаваны цэпам разам зь яшчэ двума крымінальнікамі. Ён распавядае ім гісторыю аб шалёных грошах, якія яны змогуць падзяліць па-братэрску. Трэба толькі адно: выбрацца.
Браты Коэны стварылі гэты фільм як «Амэрыканскую Адысею». Героі ўвесь час імкнуцца вырвацца на волю і трапляюць у новыя і новыя заблытаныя сітуацыі. Цэп, якім яны былі скаваныя напачатку зьмяняецца на нешта больш устойлівае ў жыцьці — у сапраўднае сяброўства трох дагэтуль незнамых адкідаў грамадзтва. Праблемы, зь якімі яны сустракаюцца звонку, апынаюцца не такімі страшэннымі ў параўнаньні з нутранымі.
Нумар 9. Халаднакроўны Люк (Cool Hand Luke). 1967
Пол Ньюман грае ў гэтай стужцы простага хлопца, які па дурноце заляцеў за краты на некалькі гадоў. Мы ўбачым мужную непахісную волю, якую спрабуюць скруціць і размазаць наглядчыкі вязьніцы. Гэтых людзей, што пакліканыя даглядаць і чакаць перавыхаваньня зьняволеных, на жаль занадта часта можна назваць адным словам: садыст.
Галоўны герой праз некалькі разоў імкнецца вырвацца з фізычнага і псыхалягічнага прыніжэньня ў сьценах выпраўленчай установы, і гэта ўсё больш і больш павялічвае градус супрацьстаяньня. Чалавечнасьць супраць фанатычнага садызму. Штодня тысячы беларусаў у засьценках адчуваюць на сабе падобную сістэму.
Халаднакроўны Люк у адным з эпізодаў зьядае 50 звараных укрутую яек, каб перамагчы ў спрэчцы на заклад. Ён круты.
Нумар 8. Брутальная моц (Brute Force). 1947
Выбітны рэжысэр фільмаў-нуар Жуль Дасэн (дарэчы ён зьяўляецца бацькам шансанье Джо Дасэна) паставіў складаны і моцны фільм пра жыцьцё і немагчымасьць жыцьця за кратамі.
Ужо тады, у далёкія часы пракручваліся сюжэты, якія зь лёгкасьцю кладуцца на рэаліі нашае краіны. За краты трапляе мужчына пасьля крадзяжу, які ён учыніў каб дапамагчы хворай на рак каханай. На жаль, яна нават ня ведае пра гэты ўчынак, і чакае яго, штомесяц адкладваючы апэрацыю. Герой Бэрта Ланкастэра сутыкаецца з маніякальным тыранам у пагонах у месцы зьняволеньня, які спрабуе пры любой магчымасьці пагоршыць існаваньне людзей за кратамі.
Гэтая стужка насычаная жорсткасьцю, якая пануе ў турмах і калёніях. Рэжысэр кідае абвінавачаньне гэтай сыстэме.
Нумар 7. Асуджаны на сьмерць уцёк, ці Вецер дзьме куды прагне (Un condamné à mort s'est échappé ou Le vent souffle où il veut). 1956
Францускі фільм пастаўлены Рабэрам Брэсонам пераносіць гледачоў у часы Другое сусьветнае вайны. На момант здымкаў стужкі прайшло зусім няшмат гадоў з тых часоў, як гестапа панавала ў краіне Бальзака і Гюго.
Дзяяч францускага супраціву нацыстам трапляе ў засьценкі і пачынае шукаць варыянты, каб вырвацца на волю. У адрозьненьне ад шматлікіх фільмаў на гэтую тэматыку, тут не будзе экшэну і бясконцых перастрэлак і пагоняў. Рэжысэр нібы запрашае гледача шукаць той самы спосаб разам з галоўным героем. Павольнасьць фільма стварае ідэальную атмасфэру, каб глядач мог зразумець самоту вязьня, а таксама адзіноту знаходжаньня ў турме. Зьбегчы ад фашыстаў – вельмі актуальная справа.
Нумар 6. Дзіра (Le trou). 1960
Яшчэ адна француская карціна ў сьпісе. Жак Бэкер стварыў стужку ў больш клясычным жанры ўцёкаў з-за кратаў. Вашую ўвагу несумненна павінны прыцягнуць той факт, што сярод актораў, якія плянуюць зьбегчы, быў рэальны чалавек, які здолеў ажыцьцявіць уцёкі з францускай вязьніцы ў 1947 годзе. А сярод кансультантаў заўжды знаходзіліся яшчэ некалькі чалавек, каму гэта атрымалася ў жыцьці. Пакінем у дужках магчымыя прэтэнзіі францускай паліцыі.
Галоўны герой стужкі трапляе ў камэру, дзе зьняволеныя ў поўным складзе ўжо доўга рыхтуюць свой плян. Што застаецца навабранцу?
На жаль, Жак Бэкер не дажыў некалькі тыдняў да прэм’еры свайго лепшага фільма.
Нумар 5. Матылёк (Papillon). 1973
Матылёк — знак вароў, які мае ў выглядзе тату герой Стыва МакКуіна. Але за краты ён трапляе па ілжывым абвінавачаньні ў забойстве. І адразу — пажыцьцёва. Пасьля некалькіх уцёкаў з-пад варты яго дасылаюць на высылку ў заморскую францускую тэрыторыю, на невялікую выспу, дзе знаходзіцца вельмі небясьпечная калёнія. Там галоўны герой сустракае новага сябра, якога грае Дасьцін Хофман.
У папраўчай калёніі адразу паказвае сябе кіраўнік, які кажа знакамітую фразу: «Мы тут не прэтэндуем на рэабілітацыю. Мы не сьвятары; мы перапрацоўваем. Мясакамбінат перапрацоўвае жывых жывёл на ядомых. Мы перапрацоўваем небясьпечных людзей у бяскрыўдных».
Два моцных характары сустракаюцца ў няроўным двубоі, каб высьветліць, за кім больш духу. Стужка Франкліна Шафнэра спрабуе ўнесьці сваю кроплю ў змаганьне з тым, калі чалавека спрабуюць зрабіць нікчэмнасьцю за кратамі. Матылёк яшчэ паспрабуе свой апошні палёт на волю.
Нумар 4. Па-за законам (Down by Law). 1986
Цудоўны фільм Джыма Джармуша, які зь легкасьцю ўкладзецца ў ваш вечар. Лёгкія элегантныя дыялёгі і майстэрская праца апэратара — звыклыя рэчы для гэтага майстра кіно. Для свайго творчага пляну Джармуш запрасіў на галоўныя ролі Рабэрта Бэніньё і Тома Ўэйтса, які акрамя сваёй музычнай кар’еры выявіўся і таленавітым акторам.
Калі вам падабаецца творчасьць Тома Ўэйтса — сьмела пачынайце прагляд і гэтага фільму, бо ўся атмасфэра яго лірычных вечаровых песьняў пад піяніна ў бары прысутнічае ў карціне. Праўда ўжо не ў бары з віскі, а ў камэры, дзе сустракаюцца галоўныя героі. Што абмяркоўваць, як не плян уцёкаў?
Нумар 3. Уцёкі з Алькатраса (Escape from Alcatraz). 1979
Верагодна, самая знакамітая вязьніца ў сьвеце, аб якой існавала безьліч легендаў і мітаў. Адна з легендаў пачыналася так: ніхто ніколі не змог уцячы з Алькатрасу. Ніхто, акрамя аднаго. Ролю гэтага адважнага чалавека бліскуча выканаў Клінт Іствуд. Хто як ня ён умее сказаць сотні фразаў, ня вымавіўшы ні слова?
А ў Алькатрасе неабходна звыкаць да жорсткіх абставінаў.
Стужка заснаваная на рэальных падзеях, а таму ў кожнага з нас застаецца спадзяваньне, што можна выбрацца нават з таго месца, пра якое ходзяць легенды пра немагчымасьць. Уцёкі ад несправядлівасьці. Выдатны олдскульны фільм.
Нумар 2. Уцёкі з Шаўшэнка (The Shawshank Redemption). 1994
Гэтая стужка амаль заўжды знаходзіцца сярод улюбёных у кожнага аматара кіно. Рэжысэр Фрэнк Дарабонт стаў сапраўдным майстрам турэмных гісторый. Згадаем таксама і яго «Зялёную мілю», што пабачыла сьвет у 1999-м, хаця там да ўцёкаў справа не дайшла.
Легендарная эпапея з вельмі працяглым зьняволеньнем галоўнага героя ў выкананьні Ціма Робінса, яго сяброўства са сталым крымінальнікам, якога грае Морган Фрыман, і шматлікіх канфліктаў як з кіраўніцтвам турмы так і з іншымі вязьнямі. Ніхто не чакаў ад ціхага чалавека такой гучнай справы.
Стужка не пакідае абыякавым нават чэрствае сэрца. Нягледзячы на тое, што мы разумеем, перад намі крымінальнікі, якія кагосьці забілі, абрабавалі, згвалтавалі — але ўсё адно яны застаюцца людзьмі, а ўжо потым любымі іншымі словамі, якімі іх можна апісаць.
Ці выконвае пенітэнцыярная сістэма функцыю, якую яна на сябе ўрачыста ўзяла — перавыхаваць чалавека за час яго ізаляцыі? Рытарычнае пытаньне — што да Амэрыкі, што тым больш да Беларусі. Якім чынам гэтая сістэма павінна функцыянаваць? Дзьве з паловай гадзіны фільма праляцяць хутчэй, чым дзесяцігодзьдзі ў зьняволеньні галоўных герояў.
Нумар 1. Вялікая ілюзія (La grande illusion). 1937
Гэтая карціна — вяршыня творчасьці вялікага Жана Рэнуара. У галоўнай ролі зьняўся малады Жан Габэн. Напярэдадні Другой сусьветнай разьні рэжысэр зьвяртаецца да падзеяў, што адбываліся ў Першую сусьветную, калі два францускіх пілоты трапілі ў нямецкі лягер для ваеннапалонных. Там яны сустракаюць брытанскіх афіцэраў, і пачынаюць рыхтаваць плян уцёкаў.
Гэта вялікае антываеннае кіно. Сама назва робіць спасылку на кнігу пачатку ХХ ст «Вялікая Ілюзія», у якой аўтар кажа, што вайна бескарысная праз агульныя эканамічныя зацікаўленасьці ўсіх эўрапейскіх краінаў. Жан Рэнуар паказвае нам прыклад чалавечнасьці ў змрочных умовах.
Рэжысэр выкарыстоўвае лягер для ваеннапалонных як мініятуру ўсяго сьвету. Абсалютна розныя людзі знаходзяцца пад адным дахам, што ахоўваецца нямецкай арміяй.
Рэнуар дае ясны адказ, што калі мы прагнем лепшага сьвету для сябе і ўсяго чалавецтва, патрэбныя не пачуцьці, але намаганьні і ўчынкі. Гэтая стужка выклікала захапленьне ў Франкліна Рузвэльта і была забароненая для паказу Гітлерам і Мусаліні.
Уцячыце на крыху ад жахаў сёньняшняга часу і вы падчас прагляду фільмаў з нашай падборкі.