Топ-10 фільмаў Роберта Дэ Ніра: да 80-гадовага юбілею

Жывы класік сусветнага кінематографа адзначыў свой чарговы дзень народзінаў. На восень прызначана прэм’ера новага фільма Марціна Скарсэзэ «Забойцы кветкавага месяца», у якім Дэ Ніра, як і 50 гадоў таму, іграе галоўную ролю ў свайго ўлюбёнага рэжысёра. А пакуль мы склалі спіс з дзесяці лепшых прац акцёра. Прыемнага прагляду!

Робэрт Дэ Ніра

Робэрт Дэ Ніра

Нумар 10. Закаханыя (Falling in Love). 1984

falling_in_love_1.jpg

Глядзець на тое, як Робэрт Дэ Ніра закаханы ў Мэрыл Стрып — адно захапленьне. Яшчэ больш прыгожа гэта выглядае напярэдадні Раства. На экране не гангстэр і не кабета з драмай, гэта простыя жыхары мэгаполіса, якія сутыкаюцца, каб ужо не разысьціся.

Чароўная гісторыя каханьня, пазьбегнутая ўсіх магчымых клішэ, што маглі б напрыдумляць сцэнарысты. Мы глядзім іх гісторыю, як нібы сядзім побач зь імі ў цягніку. Дзеяньне разьвіваецца натуральна і элегантна.

Сьнег падае зь неба, а пакункі двух галоўных герояў адначасова падаюць у кнігарні, каб гэтыя двое потым былі адным.

Нумар 9. Кароль камедыі (The King of Comedy). 1982

the_king_of_comedy_1.webp

Гэтая карціна больш слушна павінна быць апісаная, як трагікамэдыя. Чалавек, які жыве тым, што жадае весяліць іншых, у асабістым жыцьці нярэдка бывае скаваны ў добрых эмоцыях. Марцін Скарсэзэ паставіў фільм са сваім улюбёным Робэртам Дэ Ніра, у якім стэнд-ап зьяўляецца зусім ня той ружовай абалонкай, якой падаецца з экранаў.

Акурат гэты фільм быў адным з двух, чым натхняліся стваральнікі нядаўняй знакамітай стужкі «Джокер». Галоўны герой «Караля камедыі» шукае ўсё новыя і новыя спосабы знайсьці свайго гледача і здабыць сусьветны посьпех. Але яго жарты занадта спецыфічныя.

Нумар 8. Дваццатае стагодзьдзе (Novecento). 1976

novecento.webp

Вельмі амбіцыйны кінашэдэўр рэжысэра Бэрнарда Берталучы зьяўляецца творам, які апісвае надзвычай бурны сацыяльна-палітычны ляндшафт Італіі ХХ стагодзьдзя. З пільнай увагай да дэталяў Берталучы запрашае гледачоў у эпічнае падарожжа працягласьцю больш за пяць гадзінаў (майце на ўвазе перад пачаткам прагляду!).

Мы сустрэнем двух сяброў з вельмі рознага паходжаньня: землеўладальніка, якога грае Робэрт Дэ Ніра, і селяніна ў выкананьні Жэрара Дэпардзье. Дэ Ніра, у адной са сваіх самых тонкіх і моцных роляў, бліскуча адлюстроўвае ўнутраныя канфлікты герою.

Бэрнарда Берталучы паказвае гістарычныя падзеі ад Першай сусьветнай вайны да ўздыму фашызму і наступнай Другой сусьветнай вайны. У фільме яны пераплятаюцца з асабістымі гісторыямі пра каханьне, здраду і сяброўства.

Нумар 7. Добрыя хлопцы (Goodfellas). 1990

goodfellas.jpg

Фільм Марціна Скарсэзэ паглыбляе гледачоў у захапляльны сьвет арганізаванай злачыннасьці, пераасэнсоўваючы гангстэрскі жанр. Скарсэзэ апісвае жыцьцё бандыта і праз гэта паглыбляецца ў спакусьлівую прывабнасьць улады. За якой ідзе непазьбежнае падзеньне да здрады. Стужка раскрывае жахлівы кошт вернасьці ў злачынных структурах.

Ці можна спадзявацца на якую-кольвек спакойную будучыню, калі ў штодзённасьці ты робіш усё магчымае, каб такой будучыні не было для іншых?

Стужка поўная момантаў спантаннай агрэсіі герояў. Выдатным партнэрам Дэ Ніра па фільме стаў Джо Пешы якраз у вобразе чалавека, якога можа вывесьці з сябе проста з паўслова.

Нумар 6. Ірляндзец (The Irishman). 2019

the_irishman.jpg

Гэтай стужкай Марцін Скарсэзэ нібы падвёў пяцідзесяцігадовы пэрыяд уласнай творчасьці пра мафію. Дзякуючы Нэтфлікс, у яго атрымалася знайсьці фінансаваньне свайго маштабнага праекту, у якім выкарыстоўваліся найноўшыя здабыткі ў вытворчасьці фільмаў. У сувязі з гэтым стала магчымым фантастычнае пераўвасабленьне амаль без накладаньня грыму галоўных герояў ад трыццацігадовых мужчынаў да састарэлых дзядуляў.

У адным фільме сышліся Робэрт Дэ Ніра, Аль Пачына і Джо Пешы. Сюжэт закручаны вакол прафсаюзнай дзейнасьці героя Аль Пачына. Ён перакручвае працоўнае аб'яднаньне пад свае крымінальныя патрэбы. Дэ Ніра грае кілера, якога наймаюць, каб вырашыць справу дакладна.

Выдатныя дыялёгі і бліскучае выкананьне мастадонтаў кіно пераўтварае гэты нядаўні фільм у сапраўдную клясыку.

Нумар 5. Паляўнічы на аленяў (The Deer Hunter). 1978

the_deer_hunter.jpg

Стужка Майкла Чыміна зьяўляецца адным з дасьледаваньняў вайны ў В'етнаме і яе ўзьдзеяньня на псыхіку чалавека. Па сутнасьці, фільм — гэта гісторыя пра сяброўства і незгладжальныя шнары, пакінутыя вайною.

Робэрт Дэ Ніра грае простага працоўнага, які стаў жаўнерам. Яго ператварэньне з чалавека, які атрымлівае асалоду ад звычайных задавальненьняў жыцьця, у змучанага вайной ветэрана прымушае любога чалавека ўзьвесьці актора ў пантэон найвялікшых актораў у гісторыі.

Стужка падзеленая на тры часткі: спакойнае даваеннае жыцьцё, хаатычны ваенны досьвед у В'етнаме і вяртаньне ў сьвет, які назаўжды зьмяніўся. Сумна вядомыя сцэны расейскай рулеткі ў выкананьні Крыстафэра Ўокэна зьяўляюцца моцнай мэтафарай выпадковасьці таго, хто памірае ці хто выжывае на вайне.

Прыгожы вобраз стварае Мэрыл Стрып, якая становіцца закладніцай тых зьменаў, што адбываюцца з іншымі людзьмі.

Нумар 4. Аднойчы ў Амэрыцы (Once Upon a Time in America). 1983

once_upon_a_time_in_america.jpeg

Сэрджыа Леонэ, раней больш вядомы як стваральнік лэгендарнай вэстэрн-трылёгіі з Клінтам Іствудам, у гэтай стужцы яшчэ раз падкрэсьлівае веліч свайго рэжысэрскага таленту. Фільм апісвае жыцьцё групы габрэйскіх гангстэраў у Нью-Ёрку, ад іх дзяцінства ў пачатку 1900-х да іх фінальных акордаў у 1960-х. Каля чатырох гадзінаў вас будзе захапляць гэтая драма.

Робэрт Дэ Ніра грае аднаго з гангстэраў з мянушкай «Локшына». Яго шлях ад вулічнага хлопчыка да стомленага старога чалавека паказаны з той неймавернай глыбінёй, якую можа даць толькі актор узроўню Дэ Ніра.

Ідэальная музыка Эніа Марыконэ дадае новыя эмоцыі ў кожны кадр.

Нумар 3. Шалёны бык (Raging Bull). 1980

raging_bull_1.jpg

Адным з лепшых фільмаў пра спорт зьяўляецца праца Марціна Скарсэзэ з Робэртам Дэ Ніра ў галоўнай ролі, за якую ён атрымаў сваю другую ўзнагароду Оскар. Калі спорт — гэта пра змаганьне, тады тут яно паказанае буйным плянам, магутнымі ўдарамі кулакоў. Скарсэзэ вырашыў здымаць фільм чорна-белым пасьля таго, як праглядзеў першыя зьнятыя сцэны ў колеры: занадта рэалістычнымі былі кадры, і каб не адцягваць празьмерную ўвагу гледачоў на кроў, было прынятае рашэньне абысьціся двума колерамі.

Гэтая карціна пра цяжкі і складаны лёс баксёра Джэйка Ля Мота, які атрымаў мянушку Бронкскі бык. Ужо ў далёкім ад нас 1980 годзе Марцін Скарсэзэ ўзьняў папулярную сёньня тэму аб маскуліннасьці, якая атручвае ўсё на сваім шляху.

Абавязкова паглядзіце фільм.

Нумар 2. Таксіст (Taxi Driver). 1976

taxi_driver_1.avif

Майстар-кляс ад Марціна Скарсэзэ па стварэньні шэдэўру. Для гэтага неабходна спалучыць рэжысэра з лепшым акторам усіх часоў — Робэртам Дэ Ніра і даць ім абодвум волю. У дадзеным выпадку да рэцэпту можна дадаць Джодзі Фостэр, якая грае 13-гадовую прастытутку, і Харві Кейтэля, яе сутэнэра. Ну а Дэ Ніра будзе проста езьдзіць на машыне.

Яго герой — самы звычайны ветэран вайны ў В’етнаме, які выконвае няхітрую працу — развозіць людзей па Нью-Ёрку. Смурод, бруд і дэкаданс сталіцы сусьвету застаецца па левы і па правы бок ад таксіста. А таксама на заднім сядзеньні.

Ён адзін сярод мільёнаў людзей, і ён сьведка таго, што напаўняе Вялікі Яблык сярэдзіны 70-х. Аднак так ці інакш ён становіцца ўцягнуты ў справы. А потым зьявіцца яна — анёл, якая працуе ў перадвыбарчым штабе.

Ігра Робэрта Дэ Ніра ў гэтай стужцы зьяўляецца эталоннай.

Сядайце ў таксі і паехалі.

Нумар 1. Хросны Бацька ІІ (The Godfather: Part II). 1974

the_godfather_ii.jpg

Лепшы фільм году па вэрсіі амэрыканскай кінаакадэміі, у якім атрымалася спалучыць двух тытанаў акторскага майстэрства — Аль Пачына і Робэрта Дэ Ніра. У кадры яны так і не сустрэнуцца разам, бо першы грае сына другога, чые раньнія гады мы ўбачым ў рэтраспэктыве. Дэ Ніра адмыслова для фільма вывучыў сіцылійскую мову, каб максымальна дакладна перадаць асблівасьці свайго героя — легендарнага Віта Карлеонэ.

Можна спрачацца, якая з першых дзьвюх частак «Хроснага бацькі» лепш. Фрэнсіс Форд Копала мог сапраўды сканчваць кар’еру ўжо пасьля гэтых дзьвюх стужак — і застацца ў пантэоне самых выбітных рэжысэраў.

Гісторыя сям’і Карлеонэ — гісторыя Віта, які са спужанага сіцылійскага хлопчыка, у якога былі забітыя бацькі, стаў галавой самай значнай мафіёзнай сям’і Амэрыкі, а таксама яго дзяцей, перадусім — Майкла Карлеонэ.

У фільме па-майстэрску адлюстраваны бязьлітасны, але пераканаўчы сьвет арганізаванай злачыннасьці. Сцэнар, напісаны сумесна Копалай і аўтарам рамана Марыё П'юза, зьяўляецца сапраўдным творам мастацтва, у якім лёгка спалучаюцца тэмы сям'і, вернасьці, улады і здрады.

Кожны герой стужкі валодае незабыўнай індывідуальнасьцю. Нават гангстэр, што зьявіцца на некалькі сцэнаў, будзе мець сваю адметнасьць. Акторскі склад, быць можа, стаўся самым моцным ансамблем у гісторыі кіно.

Адна з самых пазнавальных музычных працаў у кіно — гэта саўндтрэк, які напісаў Ніна Рота. Пачуеце раз — і будзеце прайграваць у памяці ўсё жыцьцё.

Прыемнага прагляду!

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў на «Новым Часе» глядзіце тут.