Топ-10 фільмаў Сафі Ларэн: да 90-годзьдзя шыкоўнай акторкі
Знакамітая італьянка адзначыла ўчора юбілей. За сваю кар'еру яна пасьпела зьняцца ў лепшых рэжысэраў і быць у кадры з выбітнымі акторамі розных пакаленьняў. Мы склалі аўтарскую падборку з дзесяці лепшых стужак з удзелам Сафі Ларэн. Прыемнага прагляду!
![Сафі Ларэн Сафі Ларэн](/img/v1/images/loren.webp?f=f&h=396&o=0&u=1726915345&w=528)
Сафі Ларэн
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10. Графіня з Ганконгу (A Countess from Hong Kong). 1967
![a_countess_from_hong_kong_2.jpg a_countess_from_hong_kong_2.jpg](/img/v1/images/a_countess_from_hong_kong_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1726915346&w=528)
Апошні фільм, у якім зьняўся як актор, а таксама быў у якасьці рэжысэра Чарлі Чаплін. Стужка каляровая, з гукам, а таксама з удзелам суперзорак: Марлона Брандо і Сафі Ларэн. На жаль, разгром ад крытыкаў і правал у пракаце закінулі Чапліна ў страшэнную дэпрэсію, што і стала прычынай адмовы ад наступных сур’ёзных праектаў.
Гэта таксама яго першы фільм без фірмовага героя Валацугі. Зрэшты, нават такія зорныя імёны ў якасьці галоўных герояў не выратавалі карціну, бо сапраўднай “хіміі” паміж імі не заўважна.
Нягледзячы на сур’ёзныя недахопы, стужка безумоўна вартая прагляду, каб убачыць майстэрства аўтара без яго ўлюбёных і правераных часам загатаваных прыёмаў.
Нумар 9. Падзеньне Рымскай Імпэрыі (The Fall of the Roman Empire). 1964
![the_fall_of_the_roman_empire_2.webp the_fall_of_the_roman_empire_2.webp](/img/v1/images/the_fall_of_the_roman_empire_2.webp?f=f&h=396&o=0&u=1726915343&w=528)
Стужка Энтані Мана з цудоўнай Сафі Ларэн у галоўнай ролі распавядае пра заняпад адной з самых магутных імпэрый у гісторыі чалавецтва. Грандыёзныя рэканструкцыі рымскай архітэктуры, веліч баявых дзеяньняў і заблытанасьць палітыкі Форума ствараюць незабыўнае ўражаньне. Яшчэ нядаўна Айчына дамінавала ва ўсім сьвеце, а заўтра яна будзе ляжаць у попеле.
«Падзеньне Рымскай Імпэрыі» зьяўляецца не толькі хронікай заняпаду Рыма, але і шчымлівым напамінам аб эфемернасьці ўлады і плыні часу, які нельга падкупіць ці арыштаваць у якасьці закладніка.
Фільм прасякнуты велізарным патасам, які адчуваецца як у дэкарацыях, так і ў дыялёгах. Зрэшты, ну а як інакш, калі на экране сочыш за такой эпічнай гісторыяй.
Нумар 8. Сланечнікі (I girasoli). 1970
![i_girasoli.jpg i_girasoli.jpg](/img/v1/images/i_girasoli.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1726915347&w=528)
Адзін з шэрагу фільмаў Віторыа Дэ Сіка, у якім ён здымае як Сафі Ларэн так і Марчэла Мастраяні. Яны зноў граюць закаханую пару. І лёс склаўся так, што пачалася Другая сусьветная, і героя Мастраяні адпраўляюць замест нескладанага для італьянцаў афрыканскага фронта – на Ўсход. Неўзабаве страшэнная навіна прыходзіць да гераіні Сафі Ларэн: яе муж лічыцца зьніклым бяз зьвестак. У сьмерць каханага яна ня можа паверыць і вырашаецца на авантуру – пасьля вайны паехаць у краіну саветаў, каб адшукаць сьляды мужа.
Яе чакае шакавальная праўда. Што цікава, камуністы дазволілі здымаць Віторыа Дэ Сіка на сваёй тэрыторыі і мяркавалі ўбачыць лагодны фільм пра вайну. Але пасьля папярэдняга прагляду запатрабавалі ў рэжысэра зьмяніць некаторыя сцэны, на што той, зразумела, не пайшоў.
Насамрэч гледачы могуць убачыць не самы звыклы падыход да адлюстраваньня тае вайны – з пункту гледжаньня італьянцаў, якія змагаліся на баку нацыстаў, у тым ліку ў межах тагачаснай вязьніцы народаў. Стужка ўсё ж мае некаторы аж занадта рамантычны налёт у адносінах да міжнародных адносінаў непасрэдна пасьля вайны. Некаторыя аспекты жыцьця ў СССР выглядаюць фантастычнымі.
Нумар 7. Белы, чырвоны і... (Bianco rosso e...). 1972
![bianco_rosso_e....jpg bianco_rosso_e....jpg](/img/v1/images/bianco_rosso_e....jpg?f=f&h=396&o=0&u=1726915347&w=528)
Рука сама цягнецца дапісаць слова «белы» да назвы стужкі Альбэрта Латуада. Але кіно італьянскае, таму і асацыяцыі мусяць быць іншымі. Можна сцьвярджаць, што гэты фільм – адзін з самых пераканаўчых у акторскай кар“еры Адрыяна Чэлентана. Амаль кожны яго фільм напоўнены тыпова італьянскім настроем і бясконцымі камедыйнымі сітуацыямі. Тут жа ён паказвае сябе з сапраўднага драматычнага боку. Разам з Сафі Ларэн яны запрашаюць паназіраць за жыцьцём, якім яно ёсьць: шчырым і напоўненым пачуцьцямі.
Паміж імі – прорва: яна сястра законная, ён – атэістычны камуніст, і абодва яны сутыкаюцца ў шпіталі, дзе кожны намагаецца па-рознаму дапамагчы людзям. Адзін рашучай рукой, другая – малітвай і ласкавым словам.
Нумар 6. Незвычайны дзень (Una giornata particolare). 1977
![una_giornata_particolare.jpg una_giornata_particolare.jpg](/img/v1/images/una_giornata_particolare.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1726915344&w=528)
Драма Этарэ Скола пра тыя падзеі, што балюча і траўматычна адгукаюцца і да сёньня: час славы Бэніта Мусаліні. Мы трапляем у самы звычайны дзень у Рыме перыяду фашысцкага ўрада. Ён нічым не мусіў адрозьнівацца ад папярэдніх: неабходна зварыць кавы, накарміць дзяцей, папраць вопратку, паразмаўляць з суседзямі. Але менавіта ў той дзень на сустрэчу з Дучэ прыехаў Адольф Гітлер, і па цэнтры італьянскай сталіцы мусіць адбыцца парад, куды скіроўваецца муж гераіні Сафі Ларэн.
Мы не ўбачым гэтага параду, толькі трансляцыя па радыё будзе даносіць асобныя часткі. І вось падчас гэтага адбываецца неверагодная гісторыя паміж гераіняй нашай падборкі і Марчэла Мастраяні (у які ўжо раз!).
Нумар 5. Шлюб па-італьянску (Matrimonio all'italiana). 1964
![matrimonio_all_italiana_1.webp matrimonio_all_italiana_1.webp](/img/v1/images/matrimonio_all_italiana_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1726915344&w=528)
Клясычная стужка выбітнага Віторыа Дэ Сіка з шыкоўнай экраннай парай – Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні. Гэтых трох імёнаў у адным сказе звычайна ўжо павінна хапіць, каб без прамаруджваньня пачаць глядзець фільм, але мы яшчэ крыху панахвальваем яго.
Перад гледачамі насамрэч ня лёгкая італьянская камэдыя пра прыгоды і рамантычныя здарэньні. Рэжысэр прапануе вельмі складаную гісторыю пра трагічны лёс жанчыны, якая праўдамі і няпраўдамі прагне самага простага: шчасьця з каханым чалавекам. Але яна працуе ў бардэлі, а ён – ня з тых, хто марыць зьвязаць сябе вечнымі абавязкамі.
Дэ Сіка пагружае гледачоў у сапраўднае жыцьцё, якое мала чым адрозьніваецца: Італія за вакном ці Беларусь.
Нумар 4. Прысуд (Verdict). 1974
![verdict_1.jpg verdict_1.jpg](/img/v1/images/verdict_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1726915345&w=528)
Андрэ Каят зьняў Жана Габэна ў адной з апошніх яго стужак. Разам з французам на экране зьзяе цудоўная Сафі Ларэн. Фільм паглыбляецца ў складанасьці судовага працэсу, дзе любая дробязь надае новыя сэнсы ў як меркавалася, зразумелай крымінальнай справе. Гісторыя, хоць і сканцэнтраваная на канкрэтнай справе абвінавачаньня маладога чалавека ў забойстве, становіцца больш глыбокім выказваньнем аб магчымай памылковасьці судовай сістэмы.
Абаронца, пракурор, таямнічы падсудны і яго маці – усе знаходзяцца пад пільным наглядам суддзі. Яго прысуд не можа пахіснуць ніводная ілжывая дэталь. Ці не магла?
Нумар 3. Чорная архідэя (The Black Orchid). 1958
![the_black_orchid.jpg the_black_orchid.jpg](/img/v1/images/the_black_orchid.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1726915346&w=528)
Стужка Марціна Рыта дэманструе раньнюю галівудзкую працу Сафі Ларэн. Тым самым яна захапіла ня толькі Італію, але і ўвесь Заходні сьвет. Фільм даказаў, што яе талент выходзіць далёка за межы яе дзівоснай прыгажосьці. Тут яна грае ўдаву, злачыннае жыцьцё мужа якой пакінула на жанчыне глыбокія эмацыйныя шнары. І да таго ж яшчэ і маленькага сына, якога трэба выхоўваць.
Яна сустракае мужчыну, ролю якога бліскуча выконвае Энтані Куін, у якога таксама ёсьць дзіця – дачка. Ці атрымаецца ім наладзіць свае жыцьці, змагаючыся з прывідамі мінулага, і эгаістычнымі паводзінамі маленькай дзяўчынкі, якая гатовая ахвяраваць шчасьцем бацькі дзеля ўласных выгодаў?
Нумар 2. Учора, сёньня, заўтра (Ieri, oggi, domani). 1963
![ieri__oggi__domani.jpg ieri__oggi__domani.jpg](/img/v1/images/ieri__oggi__domani.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1726915348&w=528)
Магію італьянскага кіно вы павінны былі ўжо вывучыць: неабходна пасадзіць Віторыа Дэ Сіка ў рэжысэрскі фатэль, а галоўныя ролі даць выконваць Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні. У гэтай стужцы яны вырашылі гэты эфект памножыць на тры. Менавіта столькі навэлаў пад адной назвай чакаюць гледачоў.
Гэта фільм-анталёгія, падзелены на тры розныя гісторыі, дзеяньне якіх адбываецца ў розных гарадах. Кожная гісторыя прадстаўляе розны аспект жаночага жыцьця ў Італіі. У першай частцы, дзеяньне якой адбываецца ў Неапалі, Сафі Ларэн грае жанчыну, чый мужчына прадае кантрабандныя цыгарэты, каб пракарміць сваю сям'ю. І калі яму пагражае турэмнае зьняволеньне, яна распрацоўвае геніяльны плян, каб пазьбегнуць турмы, застаючыся назаўсёды цяжарнай.
У другой частцы гледачы пераляцяць у Мілан, а трэцяя адбываецца ў Вечным горадзе. У кожнай зь іх Сафі Ларэн змагаецца адразу з усімі сацыяльнымі праблемамі, і выходзіць адтуль... жадалася напісаць пераможцай, але паглядзіце лепш самі.
Нумар 1. Чачара (La ciociara). 1960
![la_ciociara_3.jpg la_ciociara_3.jpg](/img/v1/images/la_ciociara_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1726915349&w=528)
Перад намі — лепшая роля Сафі Ларэн. Рэжысэр Віторыа дэ Сіка, па словах відавочцаў, падчас здымкаў неаднаразова не мог стрымаць эмоцыі і плакаў проста сярод здымачнай каманды. Неабходна папярэдзіць, вас чакае падобная рэакцыя на вялікі фільм.
Іншая назва карціны — «Дзьве жанчыны», што падкрэсьлівае асноўнае, на чым базуецца стужка. Вайна вачыма маці і дачкі. Яны вымушаныя пакінуць Рым, і гледачы становяцца сьведкамі іх падарожжа ў невядомасьць, туды, дзе сканчваецца вайна і зьдзекі, дзе кулі саступаюць месца зялёным лугам, па якіх цячэ малако і мёд.
Выразная і эталонная гульня Сафі Ларэн прынясе эстэтычнае задавальненьне аматарам яе творчасьці.
Прыемнага прагляду!