Топ-10 фільмаў жанру Пеплум, у асноўным – пра Рымскую Імпэрыю
Ад рэха звону гладыятарскай сталі да ціхага шэпту палітычных інтрыгаў у мармуровых залях, жанр Пеплум увекавечыў веліч і значнасьць Рымскай Імпэрыі на кінаэкранах па ўсім сьвеце. Мы склалі сьпіс з дзесяці лепшых стужак пра антычнасьць зь яе хаосам, манумэнтальнымі момантамі гісторыі і прыгажосьцю.
Нумар 10. Троя (Troy). 2004
Пачнем з самага, напэўна, лёгкага для ўспрыманьня фільма нашай падборкі. Ва ўтульны суботні вечар, калі думкі сягаюць куды далей за падзеі апошніх гадоў, можна прысьвяціць час адпаведнай стужцы, каб відовішча для вачэй не асабліва напружвала ўсю астатнюю галаву.
Вольфганг Пэтэрсан зьняў добрую, не шэдэўральную стужку, падчас прагляду якой можна проста адпачыць. Калі вы ў дзяцінстве не прачыталі Іліяду Гамэра – для вас гатовы пераказ асноўных падзеяў старажытнай сьвету.
Вобраз Ахіла – легендарнага, амаль непераможнага грэцкага ваяра – выкананы Брэдам Пітам у характэрнай манэры актора на мяжы стагодзьдзяў. Візуальна стужка ўяўляе сабой шыкоўнае сьвята. Велічныя караблі, якія набліжаюцца да залатых сьценаў Троі, складаная харэаграфія баявых дзеяньняў і прыгожыя краявіды старажытных пейзажаў - усё гэта сканчваецца захапляльным відовішчам, якое нагадвае веліч галівудзкіх эпасаў старой школы, пра якія будзе далей.
Нумар 9. Падзеньне Рымскай Імпэрыі (The Fall of the Roman Empire). 1964
Стужка Энтані Мана з цудоўнай Сафі Ларэн у галоўнай ролі распавядае пра заняпад адной з самых магутных імпэрый у гісторыі чалавецтва. Грандыёзныя рэканструкцыі рымскай архітэктуры, веліч баявых дзеяньняў і заблытанасьць палітыкі Форума ствараюць незабыўнае ўражаньне. Яшчэ нядаўна Айчына дамінавала ва ўсім сьвеце, а заўтра яна будзе ляжаць у попеле.
«Падзеньне Рымскай Імпэрыі» зьяўляецца не толькі хронікай заняпаду Рыма, але і шчымлівым напамінам аб эфемернасьці ўлады і плыні часу, які нельга падкупіць ці арыштаваць у якасьці закладніка.
Фільм прасякнуты велізарным патасам, які адчуваецца як у дэкарацыях, так і ў дыялёгах. Зрэшты, ну а як інакш, калі на экране сочыш за такой эпічнай гісторыяй.
Нумар 8. Юлі Цэзар (Julius Caesar). 1953
Да спадчыны Рымскай Імпэрыі зьвяртаўся, вядома, і Ўільям Шэкспір. Менавіта экранізацыю яго п’есы паставіў легендарны рэжысэр Джозэф Леа Манкевіч. Гісторыя адбываецца на фоне Рымскага сэнату – месца сяброўства, сустрэчаў, але адначасова і месца здрады, зайздрасьці і злачынства.
У ролі Марка Антонія зьяўляецца Марлон Брандо, і гэтага амаль дастаткова, каб пачаць прагляд любога фільма. Стужка напоўненая веліччу, якая належыць рымскаму эпасу. Ад раскошных інтэр'ераў Сэнату да шумных вуліцаў тагачаснага Рыма Манкевіч стварае сьвет, які адчуваецца аднолькава выразна як гістарычным, так і непасрэдным. У любы момант у вашыя дзьверы можа пагрукацца цэнтурыён у сандалях, і вам прыйдзецца дастаць свой меч, альбо востры язык. Гледзячы ад таго, чым карыстаецеся больш адважна.
Нумар 7. Спартак (Spartacus). 1960
Калі хтосьці згадвае Стэнлі Кубрыка, розум часта блукае па лабірынтах калідораў «Зьзяньня» або касьмічных цудаў «2001: Касьмічная адысея». Тым не менш, у творчасьці гэтага кінематаграфічнага генія знаходзіцца гістарычная эпапея «Спартак» з Кіркам Дугласам у галоўнай ролі.
Дуглас, зь яго выразнымі рысамі твару і нястомным духам, увасабляе фракійскага глядыятара. Яго вобраз раба, які стаў паўстанцам, што змагаецца супраць багацьця і бязьлітаснай магутнасьці Рымскай імпэрыі, застаецца адной з самых знакавых роляў у гісторыі кіно.
Стужка не толькі паказвае грандыёзныя бітвы і шырокія краявіды Імпэрыі, але таксама вылучае на першы плян інтымныя і глыбокія адносіны паміж героямі. Раман зьяўляецца сьведчаньнем ідэі, што нават сярод хаосу вайны каханьне можа не толькі выжыць, але і квітнець.
Нумар 6. Бэн-Гур: Гісторыя Хрыста (Ben-Hur: A Tale of the Christ). 1925
Нямая эпапея Фрэда Нібла амаль стогадовай даўніны і вэрсія Ўільяма Уайлера 1959 года цягне за сабою непазьбежнае параўнаньне эвалюцыі кінематографа. Фільм заснаваны на рамане Лью Ўолеса 1880 года, апавядае пра Юду Бэн-Гура, габрэйскага прынца, несправядліва абвінавачанага ў здрадзе свайму сябру дзяцінства, які стаў рымскім трыбунам Месалам.
Фільмы, хаця і маюць аднолькавую гісторыю, значна адрозьніваюцца з пункту гледжаньня тэхналёгіі, стылю і характараў.
Стужка Нібла — сьведчаньне велічы і амбіцый нямога кіно. Нягледзячы на адсутнасьць дыялёгаў, у фільме выкарыстоўваюцца драматычныя мэтады візуальнага аповяду. Выявы старажытнага Ерузалему і Рыму, рэалізаваныя праз складаныя дэкарацыі і тысячы дадатковых элементаў, ствараюць захапляльнае відовішча, праверце на ўласным досьведзе.
Больш раньняя вэрсія 1925 году, хоць і дэманструе біблейскія сцэны, але больш суадносіць іх з агульнай эпапеяй, а не з маральнымі ўрокамі.
Нумар 5. Клеапатра (Cleopatra). 1963
Існуюць ролі, у якіх, нават калі пастарацца, немагчыма ўявіць іншых актораў. Тут маем акурат гэтую сітуацыю. Непаўторная Элізабэт Тэйлар паказала легендарную Клеапатру. Джозэф Леа Манкевіч здолеў зьняць адзін з самых яскравых прыкладаў фільмаў у жанры «пеплум» — гэта калі гісторыя вядзецца пра старажытныя, часоў Рымскай імпэрыі падзеі. У ролі Марка Антоніа здымаўся Рычард Бёртан – будучы муж Элізабэт Тэйлар у жыцьці. Доўгі, нават вельмі доўгі фільм мае ў рэжысэрскай вэрсіі больш за 4 гадзіны.
Рэкамендуем вам падчас прагляду, як раней рабілі ў кінатэатрах, калі фільм доўгі, зрабіць інтэрмісію — паўзу, каб разьмяцца на 5-7 хвілінаў і зноў вяртацца ў старажытны Эгіпет і Рым.
Дарэчы, у Эгіпце стужку так і не паказалі — у Элізабэт Тэйлар былі габрэйскія карані, а гэта сур’ёзная прычына для забароны.
Нумар 4. Quo Vadis (Quo Vadis). 1951
Стужка Мэрвіна ЛеРоя зьяўляецца лепшай з вялікай колькасьці спробаў экранізацыі рамана Генрыка Сянкевіча. Упрыгожаны дзікай экстравагантнасьцю Рыма часоў імпэратара Нэрона, фільм уяўляе сабой ідэальнае спалучэньне рамантыкі, рэлігійнага абуджэньня і палітычных інтрыгаў сталіцы.
Робэрт Тэйлар, у ролі рымскага ваеннага камандзіра Марка Вініцыя, паказвае пакручасты шлях ад нахабнага жаўнера да чалавека, які цалкам зьмяняецца дзякуючы каханьню і духоўнаму навяртаньню.
Гледачы трапляюць у Рым перыяду заняпаду.
Нумар 3. Дзесяць запаведзяў (The Ten Commandments). 1923
У пантэоне шэдэўраў эпохі нямога кіно гэтая стужка Сэсіла Б. ДэМіля стаіць на асобным пастамэнце. Фільм, які быў створаны роўна сто гадоў таму, кажа аб здольнасьці Галівуда ствараць эпічныя творы біблейскага маштабу. У адрозьненьне ад аднайменнай стужкі 1956 года, якая сканцэнтравалася выключна на апавяданьні пра Майсея, гэты маўклівы папярэднік ураўнаважвае біблейскі пераказ з сучаснай (няхай і стогадовай даўніны) маральнай гісторыяй.
У цэнтры біблейскай гісторыі Майсей прадстаўлены з вялікім патасам, што паказвае сур'ёзны цяжар прарока, якому даручана весьці народ праз выпрабаваньні і пакуты. Візуальныя эфекты, асабліва для таго часу, такія як расступленьне Чырвонага мора, зьяўляліся сапраўды наватарскімі дасягненьнямі. Глядзіце, каб і вас не змыла іх водамі пры праглядзе, як варожыя эгіпецкія вайсковыя сілы.
Нумар 2. Гладыятар (Gladiator). 2000
У гэтым майстэрскім вяртаньні да жанру Пеплум мінулая эпоха сутыкаецца і зьліваюцца з кінематаграфічнымі прыёмамі ХХІ стагодзьдзя, у выніку чаго атрымліваецца грандыёзная гісторыя, якая пульсуе жыцьцём.
Вобраз гладыятара ў выкананьні Расэла Кроў стаў адным з самых культавых у сачаснай гісторыі кіно. Яго твар, з невымерным смуткам і рашучасьцю, якая можа скрушыць імпэрыю, стаў пазнавальным ва ўсім сьвеце. Хаакін Фэнікса грае адваротную ролю – рымскага чыноўніка, які марыць пра ўсю славу чалавечага існаваньня. Мы становімся сьведкамі ледзь прыхаванага псіхоза, які прапануе жахлівую выяву чалавека праз разбэшчвальныя абдымкі ўлады.
Рэжысэр Рыдлі Скот дастаткова нечакана вярнуў круху падзабыты жанр на шырокія экраны. А ў наступным годзе нас чакае працяг выбітнай драмы!
Нумар 1. Бэн-Гур (Ben-Hur). 1959
Праца Ўайлера карыстаецца тэхнічнымі дасягненьнямі эпохі гуку і колеру. Гэтая вэрсія прапануе больш псыхалягічна складанае адлюстраваньне сваіх герояў. Знакамітыя гонкі на калясьніцах застаюцца эталёнам якасьці і ў наш час.
Абодва фільмы маюць моцны хрысьціянскі голас. Аднак вэрсія 1959 году паказвае выразную выяву Хрыста і больш канкрэтнае пасланьне прабачэньня.
Бэн Гур 1959 году да гэтага дня зьяўляецца рэкардсмэнам па колькасьці ўзнагародаў Оскар. Стужка атрымала 11 статуэтак, у тым ліку і за лепшы фільм года. З тых часоў толькі дзьве стужкі здолелі паўтарыць дасягненьне: Тытанік у 1997 годзе і Ўладар Пярсьцёнкаў у 2003.
Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.