У Беларусі на некалькі гісторыка-культурных каштоўнасцяў стала менш
Тэлеграм-канал «Спадчына» апублікаваў рашэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры аб пазбаўленні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці некалькіх аб'ектаў на Берасцейшчыне.

Перабудаваная Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў вёсцы Гошчава. Фота з тэлеграм-канала «Спадчына
Так, ахоўнага статуса пазбаўленыя «Курган перыяду ранняга Сярэднявечча» каля в. Люшнева Баранавіцкага раёна; «Курганны могілнік-2 перыяду ранняга Сярэднявечча» каля в. Дзянісавічы Ганцавіцкага раёна; «Курганны могілнік-2 перыяду ранняга Сярэднявечча» каля в. Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна; «Курганны могілнік-2 перыяду ранняга Сярэднявечча» каля в. Ясянец Ганцавіцкага раёна; «Курганны могілнік-3 перыяду ранняга Сярэднявечча» каля в. Ясянец Ганцавіцкага раёна.

Пастанова Мінкульта. Фота з тэлеграм-канала «Спадчына»
Таксама гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі больш не з'яўляюцца царква Казанскай іконы Божай Маці ў аграгарадку Мурава Пружанскага раёна і Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў вёсцы Гошчава Івацэвіцкага раёна, пабудаваная ў 1838 годзе.
«[Свята-Крыжаўзвіжанская царква] Царква была цалкам знявечана ў 2009 годзе мясцовым папом. За правядзенне работ без узгаднення з Мінкультуры ён быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, выплаціўшы штраф 10 базавы велічынь (каля 200 рублёў). Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы Мінкультуры было адмоўлена мясцовымі органамі. Вось так, помнік у Беларусі каштуе ўсяго 10 базавых», — адзначае аўтар тэлеграм-канала.

Царква Казанскай іконы Божай Маці ў аграгарадку Мурава