У цэнтры Мінска адкрылі помнік стваральнікам беларускай оперы (фотарэпартаж)

3 верасня ў цэнтры Мінска перад будынкам гарадской ратушы адкрыўся помнік стваральнікам беларускай нацыянальнай класічнай оперы — кампазітару Станіславу Манюшка і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Адкрыццё кампазіцыі было прымеркавана да Дня горада.

1_23_logo.jpg

Помнік кампазітару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу
Станіслаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — аўтары першай беларускай оперы. Па задуме скульптараў кампазітар і драматург захоплена абмяркоўваюць творчыя планы. Драматург зачытвае фрагменты лібрэта, кампазітар слухае, у яго ўжо нараджаецца музыка…

2_13_logo.jpg

Канцэрт камернай музыкі, выкананне твораў Станіслава Манюшкі 
Месца, у скверы каля ратушы, абрана не выпадкова. Гарадскі тэатр, у якім у 1852 годзе была пастаўлена камічная опера «Сялянка» («Сельская ідылія»), над стварэннем якой разам працавалі Станіславаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, знаходзіўся на Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды). Больш таго, скульптура ўсталявана недалёка ад той хаты, дзе жыў Манюшка з сям’ёй (вул. Энгельса, 3; сёння ў гэтым будынку размяшчаецца рэстарацыя «Фрэскі») і поруч з гімназіяй, у якую ён хадзіў. А ў будынку гарадской ратушы знаходзілася музычная школа, якую ён наведваў.

3_12_logo.jpg

Выступ намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі


Першая кніга Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» выйшла ў 1846 годзе. Праз шэсць гадоў па яе матывах у Мінску паставілі спектакль на музыку Станіслава Манюшкі. З таго часу адлічваецца гісторыя беларускай нацыянальнай оперы. «Сялянка» — музычна-драматычны твор, опера ў 2-х актах. Была напісана на дзвюх мовах — польскай і беларускай. На беларускай мове размаўляе галоўны герой — Навум Прыгаворка, Ціт і яшчэ некалькі персанажаў з сялян, астатнія героі размаўляюць па-польску.
Пытанне пра ўвекавечанне ў Мінску памяці Манюшка і Дуніна-Марцінкевіча ўпершыню паднялі ў ліпені 2013 года гісторык і культуролаг Алесь Белы і мастак Дзяніс Салаш, якія ініцыявалі збор подпісаў на інтэрнэт-платформе change.org на імя Мікалая Ладуцька, які ў той час займаў пост старшыні
Мінгарвыканкама.
Петыцыя пачыналася словамі:
«У 2019 г. музычная грамадскасць усяго свету, а таксама аматары гісторыі і культуры Беларусі, Польшчы, Расіі, шматлікіх іншых краін свету будуць адзначаць знамянальную дату: 200-годдзе з дня нараджэння вялікага польскага і беларускага кампазітара Станіслава Манюшка (1819–1872).
Найлепшым месцам для помніка, па меркаванні большасці экспертаў, з'яўляецца сквер на пл. Свабоды ў Мінску, тварам да гасцініцы "Еўропа". У сярэдзіне 19 стагоддзя на месцы гасцініцы "Еўропа" знаходзіўся Мінскі гарадскі тэатр, дзе і адбылася прэм'ера "Ідыліі"».
Было сабрана 4 тыс. 200 подпісаў пад зваротам. Пазней ўлады сталіцы падтрымалі ідэю прадстаўнікоў грамадскасці.
Скульптура выканана ў бронзе, яе агульная вышыня складае 2 м 30 см. Аўтары помніка — Леў і Сяргей Гумілеўскія. Іх творчая прапанова была абрана па выніках конкурсу на стварэнне скульптурнай кампазіцыі, тэма якой «Жыхары Мінска XIX стагоддзя: кампазітар Станіслаў Манюшка і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — стваральнікі беларускай нацыянальнай класічнай оперы». Леў Гумілеўскі — народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Сяргей Гумілеўскі — скульптар, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў вобласці літаратуры і мастацтва.

5_18_logo.jpg

Урачыстае адкрыццё
Да адкрыцця помніка быў прымеркаваны канцэрт камернай музыкі, на якім прагучалі творы Станіслава Манюшкі. Помнік адкрылі намеснік старшыні Мінгарвыканкама Карпенка Ігар Васільевіч і рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Кацярына Мікалаеўна Дулава. Ігар Карпенка адзначыў важнасць і сімвалізм мерапрыемства:
— У дзень нараджэння нашай сталіцы мы адчуваем гонар, што ў гісторыі нашай краіны ёсць такія вялікія імёны, як Станіслаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. З усіх дзеячаў культуры дасавецкага перыяду, чыё жыццё і творчасць цесна злучаны з Мінскам, няма, мабыць, ніводнага, хто мог бы супернічаць з Манюшкам у маштабе здольнасці і вядомасці ў свеце. Яго супрацоўніцтва з выдатным драматургам Дуніным-Марцінкевічам паклаў пачатак развіццю беларускага опернага мастацтва.
Кацярына Дулава ў сваю чаргу падкрэсліла:
 — Гэта гістарычная падзея для музычнай, мастацкай культуры. Помнік размешчаны не толькі ў сэрцы сталіцы — гістарычным цэнтры, але і поруч вядучай установы адукацыі ў вобласці прафесійна-музычнага мастацтва — Беларускай кансерваторыі, дзе і лібрэта Дуніна-Марцінкевіча, і музыка Манюшкі вывучаюцца на ўсіх курсах.
Завяршыў праграму адкрыцця канцэрт опернай музыкі на словы Дуніна- Марцінкевіча і музыку Станіслава Манюшкі і шляхецкі баль, які адкрываў пераможца конкурсу двайнікоў Станіслава Манюшка, арганізаваны туркампаніяй « Віаполь».