У Гомелі знеслі чарговы ўзор драўлянага дойлідства

Усё меней з кожным годам становіцца ў Гомелі ўзораў унікальнай драўлянай забудовы канца XIX — пачатку XX стагоддзя. За мінулыя выходныя быў знесены перадапошні стары дом на вуліцы Валатоўскай, 22.

Знос дому на вуліцы Валатоўскай, 22 у Гомелі

Знос дому на вуліцы Валатоўскай, 22 у Гомелі

Гісторык Марыя Булавінская распавяла, што, паводле яе звестак, гэты дом 1910 году. Пабудова з’яўляецца адным з узораў купецкай сядзібы, і падобных у цэнтральнай частцы Гомеля больш не захавалася. Дом перажыў вайну. Больш за паўстагоддзя ён належаў адной сям’і.

 «У 2013 годзе грамадскасць актыўна змагалася за вуліцу, на якой знаходзіўся гэты дом, — адзначыла Марыя Булавінская. — Мы, гомельскае ТБМ і краязнаўчая арганізацыя «Талака», накіравалі ў Мінкульт дакументы для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці гэтаму дому і некаторым іншым на вуліцы Валатоўскай. Але ўсе нашыя намаганні (не толькі ліставанне з Мінкультам, але і перамовы з чыноўнікамі гарвыканкама, аблвыканкама, розныя грамадскія акцыі супраць зносу) скончыліся фактычна нічым. Старыя дамы на гэтай вуліцы адзін за адным зносіліся, а на іх месцах узнікалі шматпавярховікі».

 

Гэтак выглядае праект забудовы шматпавярховікаў на месцы знесенага дома

Гэтак выглядае праект забудовы шматпавярховікаў на месцы знесенага дома

Грамадства зрабіла ўсё, што магло

 «Валатоўская была спакойнай гістарычнай вулачкай, па якой было прыемна шпацыраваць. І на ёй былі гістарычныя будынкі, якія перадавалі мясцовую традыцыю драўлянага дойлідства. Менавіта гэты дом вылучаўся масіўнымі разнымі аканіцамі, ліштвамі і дзвярамі, каваным навесам ганка. Ён не быў папсаваны сучаснымі пластыкавымі вокнамі і сайдынгам.

Гэта быў дом, гаспадары якога здолелі максімальна захаваць яго такім, які ён быў напачатку ХХ ст».

Гомельская грамада, актывісты, проста неабыякавыя людзі зрабіла фактычна ўсё, каб паказаць, што яны маюць зацікаўленасць у гэтым доме. Прапаноўвалі перанесці дом на іншае месца цэнтра горада, дзе можна было б рэканструяваць цэлы квартал драўлянай забудовы.

«Гэта было б самым лепшым вырашэннем праблемы. Бо на сёння мы маем шэраг будынкаў, якія раскіданыя па ўсім Гомелі, і яны не складаюць нейкага цэльнага ансамбля, уцягнутага ў гарадское жыццё. Але рэалізацыя праектаў па пераносе і захаванні дамоў на іншым месцы не пад сілу энтузіястам. У ідэале павінен быць план ці праграма, якая мусіць разглядацца на ўзроўні гарадской адміністрацыі.

Цяпер мы бачым, што апошнія кавалкі зямлі ў цэнтры забудоўваюцца шматпавярховікамі, якія псуюць знешні выгляд горада, але прыносяць хуткія грошы», — тлумачыць Марыя.

Гамельчукі, якія любяць дом, нават заклікалі рабіць з ім апошняе сэлфі:

 


Мінкульт: «Элементы дэкору неабходна захаваць»

 У 2013 годзе Мінкульт даслаў гарадской адміністрацыі прадпісанне па захаванні асобных элементаў драўлянага разбянога дэкору ў выпадку, калі дом усё ж будзе знесены. Падчас зносу будынкаў некаторыя элементы (праўда не са ўсіх дамоў) сапраўды былі знятыя і перададзеныя ў Музей гісторыі горада. Кіраўніцтва музея ў СМІ распавяло, што плануе стварыць выставу на іх аснове.

«Звычайна музеефікацыя такіх рэчаў — павесіць іх і паказваць «вось так выглядаў горад» — гэта не самае лепшае, чаго можна было б чакаць. Я лічу, што самая лагічная мэта, для якой можна здымаць і захоўваць гэты дэкор — выкарыстанне яго ў будучынні для аднаўлення гістарычных будынкаў», — мяркуе Булавінская.

Марыя назірала за працэсам дэмантажу ліштваў і ад мясцовых жыхароў даведалася, што за некалькі дзён да зносу будынка неабыякавыя гамельчукі паднялі пытанне на ўзроўні гарадскіх уладаў аб разборцы гэтага дома і яго пераносе, ці разборцы для далейшага захавання і рэканструкцыі. І гарадскія ўлады нібыта паставіліся станоўча да прапановы і абяцалі прадумаць варыянты па яго захаванні.

 

Рабочыя разбіраюць драўляны дом

Рабочыя разбіраюць драўляны дом

«Чыноўнікі ў прыватных размовах паведамлялі мясцовым жыхарам раёна, што дом яшчэ два тыдні не будзе зносіцца, і можна будзе нешта прыдумаць. Параілі ім збіраць паперы і звярнуцца да старшыні гарвыканкама. Але будаўнікі распавялі, што ім паступіў загад як мага хутчэй знесці гэты дом. Яны былі вельмі абуранымі, што такі моцны дом трэба знесці ў кароткія тэрміны — за выходныя.

Я лічу, што ўлады паступаюць такім чынам, каб пазбавіць сябе ад праблем. Калі б зараз пачаліся працы па разборцы будынка — гэта замарудзіла б далейшую будоўлю шматпавярховікоў у раёне», — звяртае ўвагу Марыя.

Што далей?

Паводле генплану, усе месцы, дзе ў цэнтры горада знаходзяцца драўляныя будынкі, падлягаюць шматкватэрнай забудове. Гэта вуліцы Валатоўская, Пляханава, Рагавога і інш.

«Безумоўна, грамадскасць павінна быць зацікаўленай і ўвесь час уздымаць пытанне захавання гарадскіх адметнасцяў. Але, на жаль, і ў грамадстве і колах гарадскіх уладаў існуюць супярэчлівыя погляды на драўляную архітэктуру.

Некаторыя лічаць старыя дамы звычайнай паўсядзённасцю, ад якой трэба пазбаўляцца. Але людзі, якія прыязджаюць з іншых гарадоў, краінаў, адразу заўважаюць незвычайнасць гэтых дамоў, кажуць пра тое, што іх трэба абараняць і захоўваць. Таму тут яшчэ трэба нешта мяняць у светапоглядзе», — кажа гісторык.

Ганна Вашчанка, belsat.eu